Вайна

Бітва за Канстанцінаўку: чаму гэтае месца можа стаць галоўнай мэтай наступу Расіі

За апошнія тыдні сітуацыя вакол горада Канстанцінаўка на поўначы Данецкай вобласці значна ўскладнілася. Расійская армія здолела прарваць украінскую абарону на захад ад населенага пункта і пачала рэалізоўваць план па акружэнні горада, піша Бі-бі-сі — Украіна.

Карта Бі-бі-сі

Гэты населены пункт — частка вялікай агламерацыі гарадоў Славянск — Краматорск — Дружкаўка — Канстанцінаўка. Прамысловы і адміністрацыйны цэнтр падкантрольнай Украіне часткі Данбаса быў мэтай расійскага наступу яшчэ ў першыя месяцы ўварвання.

Тады УС РФ спрабавалі выйсці сюды з поўначы праз Ліман і Ізюм, але гэтыя планы былі зруйнаваныя паспяховым украінскім контрнаступам восенню 2022 года.

Цяпер расіяне павольна, з баямі, прабіваюцца да агламерацыі з поўдня, захаду і ўсходу. Штодзённыя зводкі Генштаба УСУ паказваюць, што менавіта тут — на мяжы Пакроўскага, Тарэцкага і Краматорскага напрамкаў адбываецца найбольшая колькасць сутыкненняў у апошнія тыдні.

Станам на канец мая сілы РФ амаль дасягнулі апошняй вялікай перашкоды на сваім шляху — вадасховішча Клебан-Бык. За некалькі кіламетраў ад яго пачынаюцца ўскраіны Канстанцінаўкі. Менавіта захоп гэтага горада можа стаць галоўнай мэтай летняй ваеннай кампаніі Крамля. 

З чаго пачаўся і як развіваецца гэты наступ? Прагаліна ў абароне і патройны наступ

Канстанцінаўка як чыгуначны і аўтамабільны вузел выконвае важную ролю лагістычнага хаба і ўмацаванага пункта для УСУ.

З першых тыдняў поўнамаштабнай вайны яна неаднаразова была пад ударамі расійскай авіяцыі і далёкабойных ракет. З набліжэннем фронту вясной ускраіны горада апынуліся ў зоне дасяжнасці FPV-дронаў і артылерыі расіян.

На пачатку мая прэс-служба 93-й асобнай механізаванай брыгады УСУ «Халодны Яр» паведаміла, што расійскія аптовалаконныя дроны ўжо атакуюць ваенны і цывільны транспарт непасрэдна ў Канстанцінаўцы.

«Варожыя аператары ўдаюцца да падступнай тактыкі: садзяць дроны на дарогі і чакаюць, калі па іх будзе рухацца тэхніка ці аўтамабілі. А тады паднімаюць дрон і падбіваюць ці знішчаюць транспарт», — распавялі падрабязнасці ў брыгадзе. Улада кажа, што 20-30% дамоў у Канстанцінаўцы ўжо зруйнаваныя, але ў горадзе ўсё яшчэ застаюцца да 9 тысяч цывільных (да вайны тут жыло каля 70 тысяч). Дзяцей вывезлі ўсіх, запэўнівае кіраўнік мясцовай ваеннай адміністрацыі Сяргей Гарбуноў.

У 2023—2024 гадах Канстанцінаўка лічылася адносна тылавым горадам, фронт быў за 30—40 км адсюль. Гэта дазваляла выкарыстоўваць горад як базу для размяшчэння ўзбраення і лагістыкі ўкраінскіх падраздзяленняў, якія вялі баі на Бахмуцкім і Тарэцкім напрамках.

Аднак вясной мінулага года расійскія войскі пачалі наступ з боку Бахмута ў напрамку Часавага Яру — гэта галоўная вышыня і апошні «бастыён» абароны з усходняга флангу Канстанцінаўкі. Нягледзячы на тое, што расіяне не здолелі хутка захапіць гэтае месца, яны паступова прагрызаюць украінскую абарону і ўжо наблізіліся да заходніх ўскраін Часавага Яру. Адсюль да гарадской забудовы Канстанцінаўкі каля 10 км.

Фота: Yevhen Titov / AP

У чэрвені мінулага года армія РФ пачала наступ на паўднёвым флангу, атакуючы Тарэцк. Нягледзячы на заявы міністэрства абароны Расіі аб поўным кантролі над горадам, на ўскраінах Тарэцка яшчэ захоўваюцца асяродкі супраціву УСУ. Гэта істотна запавольвае рух расійскіх войскаў, якія цяпер спрабуюць знайсці месца на флангах горада, каля вёсак Шчарбінаўка і Дзілееўка.

Адсюль да Канстанцінаўкі прыкладна 12—13 км. Вясной расіянам удалося ўсё ж прабіцца ў дзірку ў украінскай абароне. Гэта адбылося на паўднёвы захад ад Канстанцінаўкі побач з трасай на Пакроўск. Трывалы час расіяне не маглі зачапіцца за гэту дарогу, украінцы ўдала контратакоўвалі праціўніка і выбівалі з пазіцый.

Але на пачатку мая арміі РФ удалося перарэзаць трасу, захапіць шэраг вёсак як на поўдзень ад яе, так і на поўнач. Ідзе гаворка пра населеныя пункты Тарасаўка, Малінаўка, Новая Паўлаўка, Аляксандрапаль, Новааленаўка. Больш за тое, ЗС РФ настойліва спрабуюць прабіцца паўночней і цалкам абрэзаць лагістыку Канстанцінаўкі з заходняга напрамку.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што адначасова расійскія войскі атакуюць у процілеглы бок — у бок Мірнаградска-Пакроўскай агламерацыі. Гэта не дае Генштабу УСУ засяродзіць дадатковыя сілы на адной дзялянцы, рассейваючы іх на некалькі напрамкаў.

Аднак ва ўкраінскім камандаванні лічаць, што ўсё ж першасная задача Крамля — захоп менавіта Канстанцінаўкі.

«У першую чаргу вораг зацікаўлены ў тым, каб стварыць пагрозу для горада Канстанцінаўка. Менавіта з гэтай мэтай ён спрабуе прарвацца на поўнач ад трасы Пакроўск—Канстанцінаўка і адначасова абысці з боку Часавага Яра. Асноўныя нашы намаганні скіраваныя на тое, каб не даць яму гэтага зрабіць», — сказаў у эфіры ўкраінскага тэлемарафону прэс-сакратар аператыўна-стратэгічнага групавання войскаў «Хартыца» Віктар Трэгубаў.

Што будзе з Канстанцінаўкай далей

Расійскія ваенныя блогеры ўжо называюць сітуацыю каля Канстанцінаўкі амаль што «стратэгічным прарывам расійскай арміі». Прынамсі так лічыць адзін з папулярных расійскіх ваенных аглядальнікаў Юрый Падаляка (3,1 млн падпісчыкаў у Telegram).

«Ужо няма ніякіх сумневаў у тым, што на гэтай дзялянцы мы ўпершыню за ўсю вайну атрымалі класічны глыбокі прарыў абароны праціўніка стратэгічнага маштабу. Так, хуткасць руху не такая, як у Вялікай Айчыннай, але тады не было дронаў, якія скоўваюць любы рух як наш, так і праціўніка і не дазваляюць рухацца нам хутчэй», — напісаў ён 21 траўня.

Паводле яго слоў, расійская армія ўжо падышла да рубяжа вёсак Папоў Яр — Палтаўка — Русін Яр — Сцяпанаўка. Прайсці гэту лінію абароны дазволіць наблізіцца да ключавой дарогі Дабраполле — Краматорск і больш актыўна біць па ёй, у прыватнасці FPV-дронамі.

Адпаведна, гэта можа паралізаваць лагістыку УСУ на гэтым напрамку.

Украінскі ваенны аналітык групы «Інфармацыйны супраціў», палкоўнік запасу ЗСУ Канстанцін Машавец называе поспех расійскай арміі на гэтай дзялянцы фронту «прарывам на тактычную глыбіню». Наступ на Канстанцінаўку, паводле яго, вядуць адразу дзве агульнавайсковыя арміі РФ: 8-я і 51-я.

Прарыў на левым флангу здолелі ажыццявіць падраздзяленні 8-й арміі, якія былі перакінуты сюды вясной. Яны здолелі ўклініцца ў абаронныя парадкі УСУ амаль на 9 км у глыбіню і працягваюць пашыраць гэты «клінышак».

«Тактычны поспех відавочны. Дзякуючы значнай колькасці пяхоты, а таксама магчымасці, дзякуючы гэтаму, пастаянна папаўняць перадавыя часткі і падраздзяленні, што нясуць значныя страты, асабовым складам, праціўніку пакуль што ўдаецца падтрымліваць вельмі высокі ўзровень інтэнсіўнасці сваіх атакуючых/штурмавых дзеянняў», — падкрэслівае Машавец.

Крыніца BBC у камандным складзе УСУ прызнае, што сітуацыя на гэтым напрамку вельмі абвастрылася ў апошнія тыдні.

Паводле яго меркавання, задачай расійскіх войскаў у бліжэйшай перспектыве з'яўляецца сфарміраваць паўакружэнне Канстанцінаўкі і ўзяць пад агнявы кантроль лагістыку Сіл абароны.

Калі ім гэта ўдасца, украінскім падраздзяленням у бліжэйшы час давядзецца выходзіць з глыбокай «кішэні» каля Тарэцка на поўнач — на лінію абароны па рэках Бычок, Казённы Тарэц і Клебан-Быкскага вадасховішча. Калі ўтрымаць гэты рубеж не ўдасца, то летам з высокай верагоднасцю Расія зможа пачаць штурм Канстанцінаўска-Краматорскай агламерацыі.

Пытанне, ці маюць бакі дастаткова падрыхтаваных рэзерваў для гэтай бітвы, застаецца адкрытым.

Каментары

Цяпер чытаюць

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

Амаль 10 гадоў таму ў Беларусі грымела «справа сямнаццаці». Як далей склаўся лёс яе фігурантаў-сілавікоў?2

«Пацукі, блохі, смецце, а ЖЭУ рапартуе, што ўсё прыбрана». Жыхары Жодзіна абураныя, што мусілі самі ачышчаць падвал2

«Лепш ужо куплю паўкіло курынага філе — танней выйдзе». Беларусы шакаваныя цэнамі на чыпсы5

МАРГ парэкамендаваў крамам зменшыць надбаўкі на яйкі2

Трамп правёў скандальную сустрэчу з прэзідэнтам ПАР. Яна нагадвала прыём у Белым доме Зяленскага18

Туркменскага студэнта, які парушыў правілы дарожнага руху, паказальна выслалі з Беларусі, запалохваючы астатніх2

Сціплы звонку, царскі ўсярэдзіне. Пад Мінскам прадаюць катэдж з сюрпрызам5

«Аб беларускіх аўтараў выцерлі ногі». Курэйчык і Марыніч судзяцца за серыял «Акрэсціна»13

Украіна аднавіла атакі дронаў на Маскву і Падмаскоўе4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць