Тур патлумачыў, што Лукашэнка меў на ўвазе, кажучы пра прызначэнне дырэктараў у прыватныя кампаніі
Нядаўняя прапанова Лукашэнкі, каб кіраўнікі райвыканкамаў прызначалі кіраўнікоў прыватных структур, выклікала шырокі рэзананс і, як выглядае, уладам ён не спадабаўся. Дзеля таго растлумачыць, што ж такое Лукашэнка насамрэч нібыта меў на ўвазе, даручылі вядомаму прапагандысту Ігару Туру.

Ігар Тур крытыкуе апанентаў улады, якія, паводле яго слоў, прама сцвярджаюць, што старшыні райвыканкамаў будуць прызначаць кіраўнікоў у прыватным бізнэсе, а каб давесці, што насамрэч гэта не так, цытуе Лукашэнку:
«Нічога страшнага, калі ён [старшыня райвыканкама] у нейкім сэнсе будзе прызначаць, зацвярджаць, узгадняць кіраўнікоў прыватных структур. Тады і ўплыў будзе ў іх на гэта».
Тур сцвярджае, што гэтыя словы, маўляў — не прамая пастаноўка задачы, а «разважанні на нарадзе». Таксама яму падаюцца важнымі агаворкі «ў нейкім сэнсе» і варыянтнасць дзеянняў, якія могуць рабіць кіраўнікі раённай вертыкалі з кіраўнікамі прыватных структур.
Прапагандыст лічыць, што гаворка ў гэтай цытаце ідзе перадусім толькі пра ўзгадненне, і прапанова, маўляў, «звядзецца да права вета ад улады на прызначэнне кіраўніком прыватнага бізнэсу нейкага суб'екта».
Бо, маўляў, калі прыватная структура банкрутуе, а дырэктар яе бясследна знікае, то ўсе ідуць да дзяржавы з просьбай аб рознага кшталту ўмяшальніцтве і дапамозе. А дзяржава ў Беларусі такая добрая, што не можа пакінуць людзей сам на сам са сваімі праблемамі і заўсёды ратуе ахвяр прыватнага бізнэсу, «таму што свае ж людзі».
«І калі дзяржава ў асобе мясцовай улады бачыць, што ў прыватны бізнэс прызначыць спрабуюць сумнеўнага кіраўніка — лепш адразу гэта заблакаваць, каб папярэдзіць праблемы людзей, якія потым старшыні выканкама давядзецца вырашаць».
Прытым Тур сцвярджае, што нефармальна, як гэта вядзецца ў Беларусі, падобная практыка і так ужо дзесяцігоддзямі існуе, хоць законамі аформленая не была:
«Ёсць падставы меркаваць, што ў дзяржавы і мясцовай улады і раней было і ёсць «права вета» на прызначэнне кіраўніка прыватнага бізнэсу».
Гэты непублічны механізм заснаваны
«на паважлівай, але настойлівай просьбе да ўладальніка бізнэсу прыняць іншае рашэнне. Дзесяцігоддзямі працуе так, і ніякага крыку ад бізнэсу, калі гэта бізнэс, а не палітычны каля-бізнэс».
Больш таго, сам бізнэс, маўляў, «з задавальненнем ідзе насустрач», бо ён «заўсёды хоча дружбы ці хаця б канструктыўных адносін з уладай, а не гордай і тупаватай «незалежнасці». Для яго нібыта галоўнае ў жыцці — кампраміс з дзяржаўным бізнэсам, які ў рэгіёне прадстаўляе старшыня райвыканкама.
Таму, падсумоўвае прапагандыст, «прапанова Аляксандра Лукашэнкі — катэгарычна правільная», а таксама «крутая ды своечасовая».
Лукашэнка хоча, каб кіраўнікі райвыканкамаў прызначалі і дырэктараў прыватных структур
Беларускія бізнэсмены прадстаўлялі на міжнароднай канферэнцыі Зімбабвэ
Былы міністр унутраных спраў Беларусі мае бізнэс у акупаваным Марыупалі
«Недалёкі чалавек, які займаецца паклёпам». Беларуска расказала, як мусіла ліквідаваць бізнэс і з'ехаць пасля нападак Бондаравай
Як «кашалёк» Лукашэнкі Зайцаў зарабляе на продажы люксавага адзення
Цяпер чытаюць
На Афоне адшукалі тры невядомыя раней асобнікі Астрожскай Бібліі. Для яе стварэння друкар Іван Фёдараў, выхадзец з Беларусі, выкарыстоўваў тэксты Скарыны
Каментары
Насамрэч: не. Нахабныя тлумачэнні для бедных пад дурня.
Адразу было зразумела, што ўзгадненне кіраўнікоў з правам вета гэта кантроль над прыватным бізнесам. Калі не выконваеш каманд па вертыкалі, ўзгадненне прыпыняецца, а бізнес гэты час стаіць.
Пры ўзгадненні будуць праверкі кіраўніка у КДБ і МУС, пасля ўзгадняць і ўвесь штат з ідэолагамі (каб не ўзялі на працу былых палітвязняў), пасля прыняць на працу свайго ідэолага і г.д.
Каманды па вертыкалі гэта чарговы ўзлом прававой сістэмы, калі сістэма працуе не па правілах і дамоўленасцях, а па хацелках зверху.
Пакуль гэтыя малпы з гранатамі зусім не даломяць цывілізацыю ў дзяржаве, нічога не зразумеюць. Хаця і тады не зразумеюць, спішуць на "ворагаў".