Меркаванні

«Захоўваць жалезны спакой» — Скурко з турмы

Палітычна значныя, а таксама вясёлыя і філасофскія ўрыўкі з новых лістоў палітзняволенага рэдактара «Нашай Нівы», выдатнага літаратара і менеджара Андрэя Скурко.

Нашы ўчынкі і павароты лёсу, апроч разгортвання тут і цяпер, могуць закладаць і праграмаваць рэакцыі на дзесяцігоддзі наперад. Таму трэба ўсведамляць адказнасць. І захоўваць жалезны спакой.

* * *

Калі я казаў табе, што многія гэта перажывалі да нас, меў на ўвазе найперш Беларусь. Але калі шукаць паралелі, дык у ХХ стагоддзі праз такое праходзіла большасць еўрапейскіх нацый. Як сем’і, так і нацыі салідарызуе, у першую чаргу, вялікае супольнае перажыванне. Бо без гэтага перажывання людзі жывуць і не разумеюць часта, што між імі можа быць супольнага — кожны заглыблены ў сваё і па дробязях не падабаецца іншым. Пасля адбываецца штосьці глабальнае — і надыходзіць яснасць, што галоўнае, што не, хто твой сябар, на каго можна разлічваць і г.д.

* * *

Выходныя і святы тут — гэта штосьці процілеглае, бо рэжым дня той самы, а напаўнення няма ніякага (за выключэннем таго, якое арганізуеш сам). Гэтыя дні дзіка дэзарганізуюць, проста ў анабіёз упадаеш.

* * *

Снілася сёння, што я з двума фатографамі — Грыцом і Бужан, здаецца — ездзіў у нейкую пушчу рабіць матэрыял. Міма нас прабягалі статкі зуброў, некаторыя цяляты з цікавасці падыходзілі бліжэй — мы збіраліся лезці на дрэва ад іх хавацца. Праўда, выглядалі гэтыя цяляты прыкладна як бычок з Прастаквашына (Гаўруша, здаецца, яго звалі). У выніку ніхто не пацярпеў:)

* * *

Адносна таго, што я акуратна выглядаю: дык у нас тут, як у новагвінейскіх папуасаў, у прынцыпе, мала іншых заняткаў, апроч як сачыць за ўласнай знешнасцю.

У сваіх паводзінах таксама не бачу нічога выбітнага — тут абсалютная большасць так трымаецца, хоць часам людзі ў найдзічэйшых сітуацыях знаходзяцца — ну, мы пра гэта ўжо гаварылі. Уяўляю, як мы нагаворымся пасля ўсяго гэтага!

* * *

Хацеў яшчэ напісаць табе пра Каляды. У мяне першая вялікая асацыяцыя з імі — 1992 год, 6 студзеня, мне 13 год. Мы з мамай чакаем тату з Мінска (ён вучыўся завочна і ездзіў на сесію). Мама паслала мяне па хлеб у магазін насупраць школы (было гадзін 18-19, вялізная чарга, ліпкі мядзельскі хлеб, дзве булкі ў адны рукі). Таксама ў нас тады было шампанскае з вінаграднага лісця (бацькі эксперыментавалі), чорная поліўка грыбная… Запомнілася яшчэ група «Кар-мэн» па тэлевізары, у калядным канцэрце: «Фортуна, дай мне шанс, молю — everybody dance with me and you»:)) 

А колькі яшчэ розных файных Калядаў у нас наперадзе!

* * *

Мне здаецца, узровень стрэсу вельмі залежыць ад таго, з якой перспектывы глядзіш: калі дзён-тыдняў — усё, канечне, дзіка выглядае; калі з большай — па-іншаму.

* * *

Ты пішаш, што 2021 для цябе скончыцца, калі скончыцца гэта ўсё. Не, усё ж год скончыўся, і мы паказалі сябе як вялікія малайцы. Таксама 2021-ы адчыніў нам новыя накірункі для будучага, паказаў, у які бок можна яшчэ развівацца.

* * *

…Ты даслала фотку літоўскай сякеры, адшуканай пад Крэвам. Тэма ўсходніх балтаў інтрыгуе — вельмі цікава даведацца больш! … Я б глянуў у бок гідронімаў. Што значыць Вяча, Нача, Сэрвач, Нарач і г.д. Ну і тапонімы (Даўбені, Дубіна, Даўжані, Даўгінаў — гэта ўсё нібыта ад аднаго слова dubinai — «нізіна»). Яшчэ ўспомніў, што літва ўзгадваецца ў «Слове пра паход Ігараў»: «Ізяслаў жа сын Васількаў пазваніў мячамі ў шаломы літоўскія і лёг на крывавай траве» ці неяк так. Варта было б і нешта з антрапалогіі зачапіць, і прозвішчы заходнебеларускія, канечне: усе гэтыя Юркойці, Пашкуці, Гімбуты і г.д. 

Калі сфармуляваць пра назвы балцкія: яны дасталіся нам не ад іншых народаў, якія тут жылі, а з мовы, якой мы не карыстаемся.

* * *

Некалькі дзён таму прыйшоў леташні яшчэ часопіс «Непрікосновенный запас: дебаты о політіке і культуре» — у Расіі выдаецца. Даўно складаных тэкстаў не чытаў, вельмі карысна. Там рознае: і рэцэнзія на біяграфію (дарэвалюцыйную) Сталіна; і гісторыя посткамуністычных трансфармацый Польшчы, Чэхіі і Венгрыі; і гісторыя паўставання незалежных краін арабскага свету ў пачатку ХХ стагоддзя (гэта я нават заканспектую, бо ніколі не мог як след разабрацца ў тэме). Прагледзеў таксама кнігу пра кітайскае прадпрымальніцтва і паўставанне іх сусветна вядомых кампаній. Спазнавальна, але мала прымяніма ў нас — занадта там іншыя ўмовы (часам на жаль, часам на шчасце для нас). Неяк адзначыў для сябе, што Цяньаньмэнь адбыўся ў часы рэфарматара Дэн Сяапіна.

* * *

Падумалася, што гэты першы дзіцячы ўзроставы крызіс трох гадоў звязаны з тым, што дзіця пачынае разумець, што свет не створаны выключна для яго задавальнення і зручнасці, а існуе сам па сабе. Зрэшты, мо гэта і пазнейшыя думкі: некаторыя праз гэты крызіс да 50 гадоў не могуць прайсці.

* * *

Ты пішаш, што вы знайшлі мае «раннія творы». Я, відаць, магу святкаваць 33-годдзе творчай дзейнасці. Памятаю, штуршком да яе стала тое, што я знайшоў чарніла і пяро. Ну а такімі прыладамі трэба пісаць нешта ўзвышанае — напрыклад, вершы:)

* * *

Усё гэта абавязкова скончыцца, і мы больш ніколі не будзем развітвацца надоўга (і ўвогуле — развітвацца).

Віншуй усіх ад мяне з Новым годам — хай ён будзе для нас удалы і шчаслівы.

Калі ласка, не забывайце пра нашаніўцаў, пішыце ім лісты.

Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1

Марціновіч Ягор Аляксандравіч

Скурко Андрэй Генадзьевіч

«Дабранач кажам па-турэцку». Ягор Марціновіч расказаў пра побыт за кратамі

Каментары

Цяпер чытаюць

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам26

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Усе навіны →
Усе навіны

Ніну Багінскую вызвалілі без пакарання, крымінальную справу закрылі8

«Гэта як ВІЧ у людзей». Беларуска выратавала бяздомнага ката і спрабуе вылечыць яго ў Польшчы ад цяжкай хваробы5

У абыход санкцый. «Белавія» рыхтуецца лётаць на самалётах Airbus1

Франак Вячорка пра пашпарт новай Беларусі: Пашпартны цэнтр будзе раскіданы па розных краінах. А пры Кавалеўскім праект не рухаўся38

У цэнтры Гродна вырас ананас3

У Заслаўі да Дажынак зачышчаюць гістарычную забудову, якую бралася ахоўваць дзяржава8

Былога кіраўніка «фабрыкі троляў» Прыгожына ў Расіі прысудзілі да 10 гадоў калоніі строгага рэжыму

«Цяпер зброя вайны — клавіятура». Брытанія выдаткуе 1 мільярд фунтаў на мадэрнізацыю кібервойскаў1

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам26

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць