У старым горадзе Вільні п'яны на «Лексусе» знёс душэўную гарадскую скульптуру «Ваданос»
З вуліцы Лідскай раптам знікла праца Рамуальдаса Квінтаса — стары чалавек нясе ваду з Вугорскіх крыніц, а сам глядзіць у нябёсы і марыць.

Аказалася, што помнік быў сур'ёзна пашкоджаны ў выніку дарожнай аварыі, піша Delfi.lt.
Інцыдэнт адбыўся ўвечары ў пятніцу, 24 ліпеня. Па звестках паліцыі, каля 21:42 кіроўца аўтамабіля Lexus не даў рады кіраванню на павароце, урэзаўся ў ахоўныя слупочкі і знёс скульптуру. Медыцынскі агляд паказаў, што мужчына быў добра падпіўшы — у яго выявілі 1,84 праміле алкаголю.
Момант аварыі трапіў на відэа, якое распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках. На кадрах бачна, як аўтамабіль вылятае з праезнай часткі і на поўнай хуткасці ўразаецца ў скульптуру.

У мэрыі Вільні пацвердзілі, што помнік быў моцна пашкоджаны. Цяпер яго дэмантавалі і перавезлі на тэрыторыю муніцыпальнага прадпрыемства Grinda, дзе спецыялісты ацэньваюць ступень пашкоджанняў. Пасля экспертызы будзе прынята рашэнне, ці можна адрэстаўраваць скульптуру і вярнуць яе на ранейшае месца.
Паліцыя пачала крымінальную справу па факце кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення. Паводле літоўскага заканадаўства, калі ў кіроўцы выяўлена 1,51 праміле алкаголю або больш, яму могуць пагражаць штраф, арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да аднаго года.
Стваральнік скульптуры «Ваданос» Рамуальдас Квінтас натхняўся творчасцю яўрэйскага пісьменніка Мойшэ Кульбака (1896—1937). Гэты ўраджэнец Смаргоні пэўны час жыў у Вільні, але ў канцы 1920‑х пераехаў у Мінск, пра які напісаў раман «Зэлмэняне».
«Ваданос» сімвалізуе яўрэя-ваданоса, якога, як лічыцца, часта бачылі ў Старым горадзе Вільнюса. За гэта працу браліся самыя бедныя жыхары горада — яны чэрпалі ваду з ракі і дастаўлялі яе ў крамы і майстэрні Старога горада, дзе не было вадаправода.
Каментары