З Віцебска і Полацка плануюць запусціць новыя прыгарадныя цягнікі ў Расію
Як заявіў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты, цяпер абмяркоўваецца магчымасць запуску маршрутаў паміж Вялікімі Лукамі ў расійскай Пскоўскай вобласці і беларускімі гарадамі Віцебскам і Полацкам. Попыт на такія паездкі, як адзначаецца, даволі высокі, асабліва з боку расійскага прымежнага рэгіёна.

Аднак рашэнне пра запуск новых рэйсаў будзе прынята не адразу. Спачатку ўлады хочуць ацаніць, наколькі запатрабаваныя ўжо дзейныя чыгуначныя маршруты — напрыклад, паміж Смаленскам і Віцебскам, а таксама Смаленскам і Оршай. Для гэтага трэба хаця б адзін поўны сезон назіранняў — да канца года або прынамсі да восені.
Толькі пасля аналізу пасажыраплыні будуць прымаць рашэнне пра адкрыццё новых прыгарадных маршрутаў.
Пакуль што трансгранічныя цягнікі ў гэтым рэгіёне існуюць у абмежаваным фармаце: яны ходзяць ад беларускай станцыі Алешча да расійскіх Новасакольнікаў і Вялікіх Лук усяго двойчы на тыдзень.
Акрамя чыгуначнага спалучэння, абмяркоўваецца і аднаўленне авіязлучэння паміж Мінскам і Псковам. Раней такі рэйс ужо запускаўся, але праіснаваў нядоўга — каля двух месяцаў у 2023 годзе. Цяпер пытанне яго аднаўлення плануюць разглядаць на больш высокім узроўні, бо рэгіёнам складана самастойна фінансаваць такія праекты.
Цяпер чытаюць
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары