Грамадства22

Чаму ўлады маўчаць пра прычыны разбурэння дома ў Гомелі і якія ёсць версіі

Праз амаль месяц пасля выбуху ў шматкватэрным доме па вуліцы Косарава, 3 у Гомелі ўлады і следчыя органы працягваюць маўчаць адносна канкрэтных прычын інцыдэнту. Гамельчукам абставіны выбуху здаліся дзіўнымі, а адказы чыноўнікаў і спецслужбаў — непераканаўчымі. «Флагшток» перагледзеў усе даступныя фотаматэрыялы, каб знайсці, дзе ўлады замаўчалі важную інфармацыю. «Наша Ніва» аспрэчвае некаторыя канспіралагічныя сцвярджэнні і ўдакладняе логіку разбурэнняў. 

Пашкоджаны дом на вуліцы Косарава, 3. Фота: МНС

Удзень 17 снежня 2025 года ў доме №3 на гомельскай вуліцы Косарава прагучаў выбух такой сілы, што рэшткі аконных блокаў і вазоны вылецелі з вокнаў, якія выходзяць на двор, на некалькі дзясяткаў метраў, пакінуўшы нават сляды на глухім тарцы суседняга дома №5.

У выніку выбуху загінула пажылая жыхарка кватэры №103 на 6‑м паверсе і давялося часткова разбіраць пяць паверхаў трэцяга пад'езда.

Для пачатку варта паўтарыць найбольш папулярныя пытанні гамельчукоў у сацетках:

  • Чаму няма інфармацыі пра завядзенне крымінальнай справы і назвы артыкула КК?
  • Чаму няма звестак пра абставіны катастрофы — хто папярэдне вінаваты ў частковым разбурэнні дома з гібеллю чалавека?

Агучаная ўладамі прычына «выбух газапаветранай сумесі» выклікае сумневы. Пасля выбуху не было маштабных праверак. А дзве крыніцы ў МНС Гомеля паведамілі «Флагштоку» на ўмовах ананімнасці, што на нарадах прычыны рэзананснай надзвычайнай сітуацыі на Косарава не асвятляліся і не разбіраліся, як бывае ў такіх выпадках.

Эпіцэнтр выбуху — кухня кватэры, якую не паказалі

Можна разгледзець даступныя фота і відэа эпіцэнтра выбуху. Існуе адзінае відэа здымкаў кухні на 7‑м паверсе. Гэта відэа МНС. На ім кідаецца ў вочы не пашкоджаная кухонная мэбля і вынесеная шырокая аконная шыба, слядоў сажы памяшканне не мае.

Кухня кватэры №108. Кадр здымкі МНС

Праверка, праведзеная «Флагштокам», паказала, што на фота кухня аднапакаёвай кватэры №108, якая не з'яўлялася эпіцэнтрам выбуху. Гэта акно размешчана з боку пад'езда жылога дома.

Вокны кватэры №108

Слядоў выбуху ў гэтай кватэры немагчыма было заўважыць і пры разборы пашкоджаных пліт. Кватэра №108 не мае дачынення да выбуху, яе гаспадары — пацярпелыя.

На тое, што эпіцэнтр выбуху знаходзіўся з іншага боку, з двара жылога дома, сведчыць карціна разбурэнняў. Менавіта з гэтага боку разлёт абломкаў быў самы інтэнсіўны. І з гэтага боку пашкоджаная большасць вокнаў і вынесены экран лоджыі.

Найбольшыя пашкоджанні сканцэнтраваныя вакол кватэры №107.

Вокны кватэры №107 на кадрах, зробленых у дзень выбуху
Разлёт абломкаў на дваровай тэрыторыі з боку кватэры №107 (дом №3 па Косарава) і сляды ад аскепкаў на тарцы суседняга дома па вуліцы Косарава, 5

Кухня двухпакаёвай кватэры №107 з боку двара дома мае сляды тэмпературнага ўздзеяння: чорная столь і інтэр'ер бачныя праз кухоннае акно на кадрах тыкток-блогера Вясна. Фота і відэа з гэтага памяшкання ніколі не публікаваліся.

Планіроўка кватэр на сёмым паверсе ў трэцім пад'ездзе дома па вуліцы Косарава, 3. Чырвоным колерам пазначаныя пашкоджаныя канструкцыі. Інфаграфіка: «Флагшток»

Чаму ўлады схавалі выгляд найбольш пацярпелага памяшкання?

На думку «Флагштока», спецслужбы выразалі фрагмент сцяны пры дапамозе дыскавай прылады. Выпілаваны ў верхняй частцы аконнага праёма сапраўды бачны на кадрах ад 29 снежня 2025 года; на больш ранніх здымках, зробленых адразу пасля выбуху, слядоў распілоўвання пліты няма.

«Флагшток» задаецца пытаннем: навошта спатрэбілася выдаляць кавалак бетону? Для правядзення спецыяльнай экспертызы? Нешта захрасла ў сцяне?

Фрагмент знешняй сцены кухні кватэры №107 са слядамі прапілу дыскавым інструментам. На больш ранніх здымках сляды пілавання адсутнічаюць. Кадр з відэа тыкток: Вясна

Аднак нягледзячы на тое, што гомельскае выданне перагледзела даступныя фотаматэрыялы, яно, верагодна, выпусціла з ўвагі відэа, якое было зроблена значна раней за названую дату. Яно тлумачыць, для чаго спатрэбілася выпілаваць гэты фрагмент.

19 снежня Onlíner апублікаваў відэа з Гомеля, на якім бачна, што вырваная тарцовая пліта дома была часова замацаваная аварыйнай металічнай сцяжкай, каб прадухіліць далейшае абвальванне.

Аварыйная металічная сцяжка. Можна заўважыць, што ўпор заглыблены ў цела сценавой пліты — відаць, менавіта для гэтага і быў выпілаваны фрагмент канструкцыі. Скрыншот відэа «Анлайнера».
Аварыйная металічная сцяжка, якая ўтрымлівала сценавую пліту ад абвальвання. Скрыншот відэа «Анлайнера».
Аварыйная металічная сцяжка, якая ўтрымлівала сценавую пліту ад абвальвання. Скрыншот відэа «Анлайнера».

Сцяжка ахоплівала трывалыя канструкцыі кватэры, а ў месцах зломаў — на краях балконных панэляў і ў аконным праёме кухні — былі зробленыя спецыяльныя ўпоры, каб сцяжка была зафіксаваная і не разбурала краі пліт, аслабляючы нацяжэнне і фіксацыю канструкцыі.

Адзін з гэтых упораў размяшчаўся акурат там, дзе пазней стаў бачны выпілаваны фрагмент сцяны. Таму канспіралагічная версія пра асаблівую цікавасць гэтага кавалка для экспертызы выглядае менш верагоднай: разрэз з’явіўся ў момант мантажу ўпора або яго дэмантажу — як тэхнічная патрэба, а не як пошук чагосьці ў сцяне.

Дзе быў выбух?

Тое, што эпіцэнтр выбуху знаходзіўся ў 107‑й кватэры на 7‑м паверсе, пацвярджаюць сляды сажы на шпалерах іншых памяшканняў. Заўважны чорны гар у пярэднім пакоі і закуранасць у спальні гэтай двухпакаёўкі.

Самай закуранай з'яўляецца кухня 107‑й кватэры. Пра стан прыбіральні і ваннай інфармацыі няма, але варта дапусціць, што крыніца выбуху магла знаходзіцца і там.

Сляды гару на шпалерах у пярэднім пакоі і спальні кватэры № 107. Кадры з відэа тыкток: Вясна

Слядоў сажы няма ў найбольш пацярпелай гасцёўні 107‑й кватэры. «Флагшток» піша, што выбуховая хваля распаўсюдзілася такім чынам, што сарвала з мацаванняў пяць панэляў: міжкватэрную панэль паміж 107‑й і 108‑й кватэрамі, знешнія кантавыя панэлі лоджыі і гасцёўні 107‑й кватэры і гарызантальныя пліты падлогі і столі гасцёўні кватэры №107. Дэфармаваныя пліты і адсутныя аконныя блокі выданне нанесла на чарцёж паверха, пазначыўшы чырвоным.

Меркаванне «Нашай Нівы»

На нашу думку, казаць пра пяць панэляў, сарваных выбуховай хваляй, некарэктна. Адзінай плітой, якую сапраўды часткова вырвала выбухам (прынамсі, у верхняй частцы), стала доўгая тарцовая сценавая панэль. Гэта, у сваю чаргу, пацягнула шэраг наступных разбурэнняў: пліта перакрыцця, якая абапіралася на яе, страціла апору і рухнула ўніз, абваліўшы сваім цяжарам ніжэйшую пліту перакрыцця — тут яшчэ пашчасціла, што дом не склаўся такім чынам да першага паверха.

Што адбылося з міжкватэрнай плітой, не да канца зразумела — на фотаздымках МНС бачна, што яна завалілася ўнутр суседняй 108‑й кватэры, аднак яе верхні фрагмент застаўся вісець на мацаванні. Такі характар яе разбурэння можа ўскосна пацвярджаць, што панэль не была проста выбітая выбухной хваляй, а, верагодна, была выламана ў выніку страты канструкцыямі апоры. 

Гэта не адзіная міжкватэрная сцяна, таму тлумачачы прычыну яе разбурэння, трэба або згадзіцца з тым, што найбольш магутны ўдар адбыўся ў гасцёўні (хоць эпіцэнтр быў у іншых пакоях), або прызнаць, што прычынай яе разбурэння стала менавіта механічнае абвальванне.

Гасцёўня кватэры 107, здымка вялася з суседняй гасцёўні кватэры 108. Слядоў гару тут не было, але разбурэнні самыя сур'ёзныя. Кадр са здымкі МНС

Што да меркаванага эпіцэнтра выбуху на кухні, які на першы погляд здаецца занадта далёкім, каб «выламаць» панэль у іншым пакоі, варта ўлічваць: газ пры ўцечцы можа распаўсюджвацца па ўсёй кватэры. Найвышэйшыя канцэнтрацыі часцей бываюць каля месца выцеку, але рэальнае размеркаванне залежыць ад вентыляцыі, перападаў тэмператур і таго, ці былі адчыненыя дзверы. Мы не ведаем, наколькі кватэра была запоўненая газам у момант запальвання і дзе менавіта яно адбылося.

На кухні значная частка ціску магла «скінуцца» праз вялікі аконны праём, які займае большую частку сцяны: пры выбухах у замкнёных аб’ёмах прарыў вонкі часта памяншае далейшае нарастанне ціску ў гэтым памяшканні. У выбухованебяспечных прамысловых зонах для гэтага нярэдка прадугледжваюць лёгкаскідальныя элементы, каб выбухная хваля выходзіла вонкі, зніжаючы разбуральны эфект для персаналу і абсталявання.

Адначасова частка хвалі і патоку газаў можа пайсці ў калідор і далей — як па канале. Калі ж у калідоры і суседніх памяшканнях таксама была выбухованебяспечная сумесь, гарэнне магло працягнуцца і там, павялічыўшы агульны ціск.

Больш «глухая» гасцёўня, з меншай магчымасцю хутка разгерметызавацца, у такім сцэнары сапраўды можа атрымаць большы разбуральны эфект. Тым больш што выламана самая буйная фасадная панэль — і гэта заканамерна. З-за вялікіх памераў яна мае мацаванні толькі па перыметры, не маючы дадатковых кропак фіксацыі па плошчы. Гэта зрабіла яе ўразлівай перад унутраным ціскам. Сітуацыю зрабіла катастрафічнай тое, што менавіта на гэтую сцяну абапіралася міжпаверхавае перакрыццё.

Таксама праз адсутнасць візуальных пацвярджэнняў быў праігнараваны той факт, што выбіць вокны ў суседняй кватэры №108 магло не толькі праз пралом паміж кватэрамі. Уваходныя дзверы кватэр размешчаны перпендыкулярна адны да другіх. З тых памяшканняў, якія мы маглі бачыць на фота, найбольш слядоў гарэння зафіксавана ў пярэднім пакоі кватэры №108, адразу за ўваходнымі дзвярамі. Ці з’яўляюцца двое ўваходных дзвярэй перашкодай для выбуховай хвалі, якая выламала сценавую панэль?

Ці мог адбыцца выбух у выніку рамонтных работ?

Пры абмеркаванні абставін выбуху часцяком абмяркоўвалася версія выбуху з-за рамонтных работ па нацягванні столі.

Разгляд кадраў разборкі дома не пацвярджае гэтую версію. Слядоў рамонту ў 107‑й кватэры няма. Сляды нацяжных столяў у пярэднім пакоі, спальні (на кадрах дэмантажу дома вышэй) і гасцёўні адсутнічаюць.

Адказаць, што адбылося ў самым пацярпелым памяшканні — кухні 107‑й кватэры — могуць толькі спецслужбы.

Што думаюць самі жыхары пацярпелага дома?

«Флагшток» пагаварыў з жыхаром суседняга пад'езда на ўмовах ананімнасці. Ігар (імя змененае) паведаміў, што жыхары дома не вераць у версію ўладаў. Паху газу не зафіксавалі, работ ЖЭУ на газавым абсталяванні, наколькі вядома жыхарам, у доме не вялося. Паводле іх інфармацыі, мелі месца зламысныя дзеянні людзей, якія жылі або гасцявалі ў жыхаркі трэцяга пад'езда Наталлі.

Дык што ж гэта было? Інфармацыя пра пацярпелых, вывезеных на хуткай дапамозе, агучвалася ў першыя гадзіны пасля выбуху мясцовымі жыхарамі, але ў афіцыйнай інфармацыі пра выбух пра іх не згадвалася.

Адна са здагадак «Флагштока», якую цяпер немагчыма ні пацвердзіць, ні абвергнуць, — прычынай выбуху ў 107‑й кватэры дома №3 па вуліцы Косарава магло стаць неасцярожнае абыходжанне з выбуховым прыстасаваннем, прывезеным з расійска-ўкраінскай вайны.

Менавіта версія пра выбух прыстасавання, прывезенага наймітам, можа растлумачыць маўчанне ўладаў. Бо любыя згадкі пагрозы, якая паходзіць ад расійскай вайны ва Украіне, прыводзяць мясцовыя ўлады і спецслужбы ў ступар. Яны захоўвалі маўчанне нават у выпадках, калі расійскія «шахеды» падалі ў цэнтрах беларускіх гарадоў.

А што з версіяй уладаў?

Версію пра выбух газапаветранай сумесі таксама нельга адкідаць. Як патлумачыў «Флагштоку» эксперт-выбухатэхнік, які таксама разгледзеў выкладзеныя тут фота, такія пашкоджанні маглі ўзнікнуць з-за выбуху газапаветранай сумесі:

«Якая-небудзь граната дакладна не зробіць такіх разбурэнняў, паколькі не мае такой магутнасці. Да таго ж выбухоўка крышыць, а тут не пакрышыла, а выбіла пліту».

Аднак самае галоўнае пытанне, якое ўзнікае ў выпадку праўдзівасці версіі ўладаў: чаму яны маўчаць пра вінаватых і канкрэтныя абставіны інцыдэнту, вымушаныя хаваць выгляд месца выбуху і яго абставіны?

Каментары2

  • Рванула ржавая газовая труба, какие версии?
    15.01.2026
    В России целые подъезды обрушаются. Царствие небесное бедной женщине.
  • Ксенія
    15.01.2026
    “ Тое, што эпіцэнтр выбуху знаходзіўся ў 107‑й кватэры на 7‑м паверсе, пацвярджаюць сляды сажы на шпалерах іншых памяшканняў. Заўважны чорны гар у пярэднім пакоі і закуранасць у спальні гэтай двухпакаёўкі”, -

    Рэдакцыя, калі прыгледзецца, то заўважна, што гэта “сажа” ідзе роўна па контурах мэблі - навясных шафаў у кухні ды высокіх шафаў у залі. У той час як сама мэбля, выглядае, разляцелася ад выбуховай хвалі.

    Што хутчэй сведчыць не пра “сажу”, якая з’явілася на сценах ў кароткі момант выбуху па гэтых контурах, - а пра брудныя нямытыя сцены яшчэ да здарэння.

Цяпер чытаюць

Што вядома пра затрыманых радыёаматараў, якім пагражае аж да расстрэлу15

Што вядома пра затрыманых радыёаматараў, якім пагражае аж да расстрэлу

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр Юрый Пышнік2

«Гэта мой асабісты выклік». Польскі гід водзіць экскурсіі па Варшаве на беларускай мове3

Вольга Севярынец: Салідарнасць была бясконцай, яе зацанілі нават гэбісты5

Пад Мінскам знялі на ВІДЭА, як курапаткі проста ў двары дома катаюцца з горкі3

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год66

На расійскай Камчатцы для перавозкі пасажыраў задзейнічалі аўтазакі ФОТА1

Слуцкія фермеры паказалі гіганцкі апетытны кавалак сала — у тыктоку мільёны праглядаў12

Прапагандысты паказалі двух арыштаваных радыёаматараў — Мікіту Красько і Андрэя Рэпеція8

У Кітаі заўважылі амурскую тыгрыцу з пяццю тыгранятамі. Гэта ўнікальны выпадак ВІДЭА2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра затрыманых радыёаматараў, якім пагражае аж да расстрэлу15

Што вядома пра затрыманых радыёаматараў, якім пагражае аж да расстрэлу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць