Былая балерына стала самай маладой мільярдэркай свету, якая зарабіла свой капітал самастойна
29‑гадовая ўраджэнка Бразіліі Луана Лопес Лара пачынала кар'еру ў балеце і выступала на прэстыжных еўрапейскіх сцэнах, аднак вырашыла сысці ў ІТ. Цяпер часопіс Forbes назваў яе самай маладой у свеце мільярдэркай, якая зарабіла капітал уласнымі сіламі. Нават спявачка Тэйлар Свіфт не змагла ў такія маладыя гады зарабіць столькі грошай.

Як паведамляе Forbes, 29‑гадовая Луана Лопес Лара афіцыйна стала самай маладой у свеце жанчынай-мільярдэрам, якая нажыла багацце ўласнымі сіламі. Былая прафесійная балерына дасягнула гэтага статусу дзякуючы імкліваму росту ацэнкі яе стартапа Kalshi да 11 мільярдаў долараў.
Паводле звестак часопіса, асабісты капітал Луаны цяпер ацэньваецца ў 1,3 мільярда долараў. Гэта дазволіла ёй пацясніць у рэйтынгу папярэднюю лідарку — 31‑гадовую сузаснавальніцу Scale AI Люсі Го, а таксама абысці па тэмпах узбагачэння зорак сусветнай велічыні, такіх як спявачка Тэйлар Свіфт. Аднак шлях бразільянкі да вяршыні фінансавага свету пачаўся ў зусім іншым асяроддзі — у жорсткім свеце класічнага балета.
Шкло ў пуантах і алімпіяды па астраноміі
Луана нарадзілася ў Бразіліі ў сям'і тэхнічнай інтэлігенцыі: яе маці была настаўніцай матэматыкі, а бацька — інжынерам-электрыкам. Менавіта бацькі прывілі ёй любоў да дакладных навук і амбіцыі стаць «наступным Стывам Джобсам». Аднак юнацтва дзяўчыны прайшло ў знясільваючых трэніроўках у прэстыжнай школе Вялікага тэатра ў Бразіліі.
Як адзначае Forbes, Луана называе школьныя гады самымі інтэнсіўнымі ў сваім жыцці. Расклад быў бязлітасным: з 7‑й раніцы да поўдня яна займалася агульнаадукацыйнымі прадметамі, а з гадзіны дня да 9‑й вечара — балетам. Канкурэнцыя сярод танцоўшчыц даходзіла да крайнасцяў: калегі-танцоркі хавалі аскепкі шкла ў абутак адно аднаго, каб прасунуцца наперад.
Метады выкладання таксама былі суровымі. Луана ўспамінае, як педагогі правяралі яе цягавітасць, трымаючы запаленую цыгарэту пад яе сцягном, калі яна выцягвала нагу да самага вуха — гэта быў тэст на тое, як доўга яна зможа ўтрымліваць пазіцыю, каб не апячыся.

Нягледзячы на фізічныя нагрузкі, дзяўчына дэманстравала выдатныя поспехі ў вучобе. Яна начамі рыхтавалася да акадэмічных спаборніцтваў, выйграўшы золата на нацыянальнай алімпіядзе па астраноміі і бронзу на матэматычнай алімпіядзе. Скончыўшы школу, Луана дзевяць месяцаў працавала прафесійнай балерынай у Аўстрыі, але ўрэшце вырашыла павесіць пуанты на цвік і з'ехаць у ЗША.
Шлях да Уол-стрыт
У Злучаных Штатах Луана паступіла ў знакаміты Масачусецкі тэхналагічны інстытут, дзе вывучала інфарматыку. Ва ўніверсітэце яна пазнаёмілася з Тарыкам Мансурам, выхадцам з Лівана, які стаў яе блізкім сябрам і пасля — бізнэс-партнёрам.
Падчас сумеснай стажыроўкі ў Нью-Ёрку ў іх узнікла ідэя стварэння Kalshi — анлайн-платформы, якая дазваляе карыстальнікам рабіць стаўкі на будучыя падзеі, такія як выбары, спартыўныя гульні ці нават заручыны знакамітасцяў.
Рэалізацыя ідэі аказалася складанай задачай. Партнёры сутыкнуліся з неабходнасцю атрымання дазвол федэральных уладаў ЗША, паколькі рынкі прагнозаў знаходзяцца пад пільным кантролем дзяржавы. Маладыя заснавальнікі звярнуліся ў больш чым 40 юрыдычных фірм, але ўсе адмовіліся ім дапамагаць праз іх маладосць і маштабы рызыкі.

«Адразу пасля каледжа мы пайшлі на вар'яцкую рызыку. Два гады ў нас не было ніводнага прадукту… і калі б мы не атрымалі дазволу, кошт кампаніі ўпаў бы да нуля», — распавяла прадпрымальніца. Сітуацыя ўскладнялася пандэміяй: Луана спрабавала будаваць бізнэс з Лондана, а Тарык знаходзіўся ў Бейруце.
Тым не менш упартасць прынесла плён. Кампанія не толькі атрымала ліцэнзію, але і выйграла суд супраць Камісіі па гандлі таварнымі ф'ючарсамі, што дазволіла платформе ўвосень 2024 года легальна прымаць стаўкі на вынікі выбараў у ЗША.

Напярэдадні выбараў карыстальнікі Kalshi паставілі на кандыдатаў больш за $500 мільёнаў і правільна прадказалі перамогу прэзідэнта Трампа. У выніку папулярнасць сэрвісу рэзка ўзрасла. Паводле інфармацыі выдання, нядаўні раўнд інвестыцый павялічыў ацэнку Kalshi ў пяць разоў — да $11 мільярдаў. Сёння Луана Лопес Лара валодае 12% акцый кампаніі.
Інвестары перакананыя, што менавіта балетная загартоўка дапамагла Луане выстаяць. «Мала дзе так вучаць чуць «не» і ўсё роўна ісці наперад, як у прафесійным балеце, — цытуе Forbes аднаго з інвестараў. — Луана рана навучылася настойлівасці і грацыі… і перанесла гэтую спакойную ўпэўненасць у пабудову бізнэсу».
Каментары