Свет33

У Кітаі працягваюцца жорсткія чысткі ў арміі: паляцела галава другога чалавека ў войску

Сі Цзіньпін узмацняе кампанію арыштаў генералітэту. Чарговай ахвярай стаў генерал Хэ Вэйдун. Разам з ім пасады страцілі яшчэ восем высокапастаўленых вайскоўцаў.

Хэ Вэйдун (у першым радзе пасярэдзіне) на чацвёртым пленарным пасяджэнні Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў. Пекін, 11 сакавіка 2023 года. Фота: Lintao Zhang / Getty Images

Як паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на прадстаўніка Міністэрства абароны Кітая, Сі Цзіньпін выключыў з партыі і звольніў генерала Хэ Вэйдуна — малодшага па рангу з двух намеснікаў старшыні Цэнтральнай вайсковай камісіі (ЦВК, найвышэйшага вайсковага органа Кампартыі) і члена Палітбюро.

Хэ Вэйдун стаў самым высокапастаўленым афіцэрам, які трапіў пад чыстку вайсковага кіраўніцтва краіны, і першым намеснікам старшыні ЦВК, знятым з пасады за апошнія амаль сорак гадоў.

Разам з ім пасад пазбавіліся яшчэ восем высокапастаўленых вайскоўцаў. Сярод іх — адмірал Мяа Хуа, былы кіраўнік палітычнага ўпраўлення ЦВК, экс-камандуючыя ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэння і ўнутранымі войскамі, а таксама былыя паліткамісары сухапутных войскаў і флота.

Як паведаміў прадстаўнік Міністэрства абароны Кітая, следства выявіла, што ўсе дзевяць чалавек здзейснілі «сур'ёзныя парушэнні партыйнай дысцыпліны» і «цяжкія злачынствы, звязаныя са службовай дзейнасцю». Іх правіны, якія ўключалі «атрыманне асабліва буйных сум грошай», мелі надзвычай сур'ёзны характар і «надзвычай негатыўны ўплыў». Цяпер усіх дзевяцярых чакае вайсковы трыбунал.

Як піша WSJ, гэтая чыстка, якая ўжо закранула траіх з шасці прафесійных вайскоўцаў у складзе ЦВК, прызначаных у 2022 годзе, выклікае пытанні пра здольнасць Сі Цзіньпіна забяспечыць баяздольнасць і лаяльнасць арміі на фоне глабальных амбіцый Кітая.

68‑гадовы Хэ Вэйдун быў не проста генералам. Яго лічылі членам так званай «фуцзяньскай групоўкі» — блізкага кола чыноўнікаў, якія працавалі разам з Сі ў правінцыі Фуцзянь, яшчэ да таго, як той узначаліў краіну. Гэта сувязь забяспечыла яму незвычайна хуткі ўзлёт: у 2022 годзе яго прызначылі на пасаду намесніка старшыні ЦВК, хоць ён нават не быў паўнапраўным членам Цэнтральнага камітэта, што парушала ўсе нефармальныя правілы.

Іронія лёсу ў тым, што на сваёй пасадзе генерал Хэ курыраваў менавіта палітычную дысцыпліну і ідэалагічную апрацоўку ў войску. Яго задачай было ўкараняць «абсалютную лаяльнасць партыі». Больш за тое, да свайго прызначэння ў Пекін ён камандаваў Усходнім баявым камандаваннем — войскамі, размешчанымі насупраць Тайваня.

Апошні раз яго бачылі на публіцы ў сакавіку, дзе ён усхваляў праграму мадэрнізацыі арміі Сі Цзіньпіна і заклікаў быць верным лініі партыі. Пасля гэтага ён знік: прапусціў пасяджэнні Палітбюро, штогадовую высадку дрэваў з удзелам кіраўніцтва і, што самае паказальнае, яго імя было адзіным з членаў Палітбюро, якога не згадалі на жалобных вянках на пахаванні іншага генерала.

Як адзначае выданне, апошні раз дзейнага намесніка старшыні ЦВК здымалі з пасады ў далёкім 1989 годзе. Тады гэта быў Чжаа Цзыян, генеральны сакратар партыі, якога пакаралі за спагаду студэнцкім пратэстам на плошчы Цяньаньмэнь. Сённяшнія падзеі паказваюць, што нават поўная дэманстратыўная лаяльнасць і асабістая блізкасць да Сі Цзіньпіна больш не гарантуюць бяспеку высокапастаўленым чыноўнікам.

Стыль кіравання Сі ўсё больш нагадвае падыходы Маа Цзэдуна і Іосіфа Сталіна. Нездарма ён стаў першым кіраўніком Кітая перыяду пасля Маа, які адмовіўся ад абмежавання перыяду свайго кіравання.

Каментары3

  • Вольга
    17.10.2025
    Больш Кітаю - менш Кітаю.
  • бабруйчанін
    17.10.2025
    Падрыхтоўка да пленума кпк ))) праз 7 дзен ...
    Каментавал 75 год і яшчэ адна штучна створаная " імпэрыя кпк" пройдзе " выпрабаванне" ці не як саўдэпія ..
    У гісторыі Кітая было шмат
  • даведка
    18.10.2025
    У нас, тьфу-тьфу, порядок, даже самые толстые генералы сдали физо Вольфовичу...

Цяпер чытаюць

«Чакаем у Мінску +1 славутасць!» Блогераў прывезлі ў былую турму на Валадарскага21

«Чакаем у Мінску +1 славутасць!» Блогераў прывезлі ў былую турму на Валадарскага

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка здала кватэру «юрысту Андрэю» і ўжо дзесяць месяцаў не можа выселіць неплацельшчыка5

У Оршы запусцяць новае кітайскае прадпрыемства

Выпусцілі новую мадэль школьнага аўтобуса «Нёман»3

У непальскай катастрофе цудам ацалеў бірузовы дом, на які абрынуўся селевы паток. Як яму гэта ўдалося?1

«Няхай самі ядуць». У Мінску здзівіліся цэнам на хатнія закаткі8

Цяпер дакладна. У Мінску пачалося будаўніцтва доўгачаканага панэльнага ЖК12

Прэзідэнт Літвы пра візіт кіраўніка ЦРУ ў Маскву: ЗША не хочуць разгалошваць яго змест5

«Капітан скокнуў першым». Пасажыры парома, які затануў каля Кіпра, абвінавацілі экіпаж ва ўцёках2

Госця санаторыя «Беларусь» паехала катацца на мапедзе па начным Сочы з п'яным шэф-кухарам без правоў. І загінула7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чакаем у Мінску +1 славутасць!» Блогераў прывезлі ў былую турму на Валадарскага21

«Чакаем у Мінску +1 славутасць!» Блогераў прывезлі ў былую турму на Валадарскага

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць