Свет

У Сірыі праходзяць першыя выбары пасля звяржэння Асада

У нядзелю ў Сірыі праходзяць першыя парламенцкія выбары пасля падзення Башара Асада, нягледзячы на неаднаразовыя адтэрміноўкі і асцярогі наконт іх рэпрэзентатыўнасці, піша Бі-бі-сі.

Фота: AP Photo/Hussein Malla

Прамых выбараў у Народны сход, які будзе адказваць за заканадаўства ў пераходны перыяд, не прадугледжана. Замест гэтага «выбарчыя калегіі» выберуць дзве траціны з 210 парламентарыяў, астатніх прызначыць часовы прэзідэнт Ахмед аш-Шараа.

Былы прэзідэнт Асад, які доўгі час знаходзіўся ва ўладзе, быў зрынуты сіламі паўстанцаў у снежні 2024 года пасля 13‑гадовай грамадзянскай вайны.

У галасаванні не прымаюць удзелу тры сірыйскія правінцыі: у Рацы і Хасеке, кантраляваных курдамі, і ў Сувей­дзе, дзе адбываліся кровапралітныя сутыкненні паміж урадавымі войскамі і друзскімі апалчэнцамі, часовыя ўлады адклалі выбары з меркаванняў бяспекі.

У сваім выступленні на Генеральнай Асамблеі ААН на мінулым тыдні — першым выступленні сірыйскага прэзідэнта за 60 гадоў — аш-Шараа паабяцаў прыцягнуць да адказнасці ўсіх, хто нясе адказнасць за кровапраліцце, а таксама тых, хто здзяйсняў зверствы пры Асадзе.

Ён таксама заявіў, што Сірыя «аднаўляецца шляхам стварэння новай дзяржавы, пабудовы інстытутаў і законаў, якія гарантуюць правы ўсіх без выключэння».

Нядзельныя выбары праходзяць пад наглядам Вышэйшага камітэта па выбарах у Народны сход Сірыі, 11 членаў якога былі выбраны прэзідэнтам у чэрвені.

Колькасць месцаў, выдзеленых у кожнай з 60 акруг, заснавана на даных перапісу насельніцтва, сабраных у 2010 годзе — за год да таго, як краіна пагрузілася ў грамадзянскую вайну, якая забрала жыцці больш за 600 000 чалавек і прымусіла яшчэ 12 мільёнаў пакінуць свае дамы.

З-за адтэрміноўкі выбараў у трох правінцыях выбарчыя калегіі толькі ў 50 з 60 акруг будуць выбіраць прыкладна 120 членаў Народнага сходу.

У выбарах прымаюць удзел больш за 1500 кандыдатаў, якія таксама павінны быць членамі выбарчых калегій. Прыхільнікі «ранейшага рэжыму або тэрарыстычных арганізацый» былі пазбаўленыя права сяброўства, як і прыхільнікі «аддзялення, падзелу або пошуку замежнага ўмяшання».

Прынамсі 20% членаў выбарчых калегій павінны былі быць жанчынамі. Аднак мінімальных квот для жанчын-заканадаўцаў, а таксама для прадстаўнікоў шматлікіх этнічных і рэлігійных меншасцей краіны, устаноўлена не было.

На астатнія 70 месцаў прэзідэнт выбера прадстаўнікоў з ліку асоб, якія не ўваходзяць у выбарчыя калегіі.

У верасні 14 сірыйскіх грамадскіх арганізацый выказалі занепакоенасць тым, што такім чынам аш-Шараа будзе мець прамы ўплыў на склад парламента.

«Такая структура робіць парламент уразлівым для балансу сіл, які не адлюстроўвае волю выбаршчыкаў, і падрывае яго меркаваны прадстаўнічы характар, дазваляючы выканаўчай уладзе дамінаваць над інстытутам, які павінен быць незалежным і адлюстроўваць волю народа», — гаворыцца ў іх сумеснай заяве.

Яны таксама заявілі, што прамы і ўскосны ўплыў прэзідэнта на Вышэйшы камітэт і выбарчыя калегіі робіць выбары «ў лепшым выпадку сімвалічнымі, пазбаўленымі сваёй дэмакратычнай мэты забеспячэння прадстаўніцтва і падсправаздачнасці».

Былы лідар паўстанцаў, якія ўдзельнічалі ў звяржэнні рэжыму Башара Асада ў канцы 2024 года, аш-Шараа стаў часовым прэзідэнтам Сірыі ў студзені 2025 года. Ён паабяцаў сфармаваць інклюзіўны пераходны ўрад, які будзе «сумленна кіраваць краінай» з улікам інтарэсаў усіх без выключэння сірыйцаў і выконваць правы жанчын і этычных меншасцей, пасля чаго правесці ў краіне свабодныя і справядлівыя выбары. Гэты пераходны перыяд, заявіў тады аш-Шараа, можа заняць чатыры гады.

У сакавіку аш-Шараа прызначыў новы пераходны ўрад, у які ўвайшлі 23 міністры, у тым ліку алавіты, друзы і хрысціяне.

Суніцкія арабскія паўстанцкія групоўкі, якія ваявалі супраць Асада падчас вайны, у снежні пагадзіліся ўвайсці ў склад сіл міністэрства абароны, але спробы інтэграваць узброеныя групоўкі меншасцей, у тым ліку друзаў і курдаў, у масе сваёй зайшлі ў тупік.

Аш-Шараа лічыць правільным такі спосаб правядзення выбараў. «У пераходны перыяд складана праводзіць усенародныя выбары з-за страты дакументаў, а палова насельніцтва знаходзіцца за межамі Сірыі, таксама без дакументаў», — сказаў ён у тэлеінтэрв'ю, маючы на ўвазе мільёны бежанцаў, якія не вярнуліся ў краіну.

Вышэйшы камітэт заявіў, што з-за «бяспекі і палітычнай сітуацыі» правесці выбары ў Рацы, Хасеке і Сувей­дзе немагчыма. 20 месцаў, выдзеленых для іх, застануцца вакантнымі да таго часу, пакуль не будзе магчымасці правесці выбары.

Рака і Хасеке ў асноўным кантралююцца курдскім альянсам апалчэнцаў «Сірыйскія дэмакратычныя сілы», які канфліктуе з часовым урадам з-за невыканання пагаднення аб інтэграцыі ўсіх ваенных і грамадзянскіх інстытутаў у дзяржаву, дасягнутага ў сакавіку.

На думку Турай Мустафы з курдскай партыі «Дэмакратычны саюз», выбарчы працэс і яго затрымка паказваюць, што ўрад прытрымліваецца той жа ментальнасці, што і «ранейшая аўтарытарная ўлада».

«Мы бачым выключэнне і адмаўленне правоў сірыйскага народа, такіх як выбары. Таму часовы ўрад Сірыі не прадстаўляе волю сірыйскага народа», — заявіла яна агенцтву Reuters.

Уплыў цэнтральнага ўрада ў Сувей­дзе, дзе напружанасць у адносінах з пераважна друзскім насельніцтвам застаецца высокай пасля ўсплёску міжканфесійнага гвалту тры месяцы таму, таксама невялікі.

Гвалт успыхнуў, калі друзскія апалчэнцы сутыкнуліся з суніцкімі бедуінскімі плямёнамі, што заахвоціла ўрад накіраваць свае войскі для ўмяшання. Па даных маніторынгавых груп, падчас баявых дзеянняў загінула больш за 1000 чалавек, большасць з іх друзы.

Каментары

Цяпер чытаюць

Літовец Віталіюс Моцкус заняў пасаду Стрыжака ў «Байсоле». Хто гэта такі?34

Літовец Віталіюс Моцкус заняў пасаду Стрыжака ў «Байсоле». Хто гэта такі?

Усе навіны →
Усе навіны

У Грузіі апазіцыя спрабавала штурмаваць прэзідэнцкі палац10

У Беларусі сцвярджаюць, што п'яны дальнабойшчык з Малдовы праходзіў беларускую мяжу цвярозым2

«Мяне часам заносіць у ідэях». Мінчукі купілі ўчастак на беразе Вячы і пабудавалі дом сваёй мары5

Гісторык з ЗША выдаў серыю кніг пра барацьбу Гітлера супраць партызан у Беларусі28

Беларускія памежнікі прапусцілі ў Літву моцна п'янага дальнабойшчыка2

Новую хуткасную чыгунку ў мінскі аэрапорт пачнуць будаваць ужо сёлета2

У Беларусі з'явіліся чыпсы са смакам КНДР2

Цемнаскуры студэнт у Мінску паскардзіўся Лукашэнку на дарагую кока-колу. Ужо выбачаўся, але міліцыя ім зацікавілася17

Што пагражае магілёўскаму маньяку-ліфцёру? Юрыдычны казус, але максімум за восем трупаў — 15 гадоў калоніі13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Літовец Віталіюс Моцкус заняў пасаду Стрыжака ў «Байсоле». Хто гэта такі?34

Літовец Віталіюс Моцкус заняў пасаду Стрыжака ў «Байсоле». Хто гэта такі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць