Былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло прызнаў, што набраў хабараў на $2 мільёны
«Нашай Ніве» сталі вядомы некаторыя дэталі разгляду «малочнай справы», якая разгарнулася вакол былога міністра сельскай гаспадаркі і памочніка Аляксандра Лукашэнкі па Віцебскай вобласці Ігара Брыло.

У Мінску працягваецца разгляд «малочнай справы», фігурантамі якой сталі 18 чалавек.
У цэнтры гісторыі — спонсар першай прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнкі Генадзь Скітаў (Элькінд), а таксама міністр сельскай гаспадаркі і памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло.
Першапачаткова, паводле КДБ, падазраваных было 26 чалавек, але на лаве падсудных апынуліся толькі 18 з іх. Іх абвінавачваюць па 12 крымінальных артыкулах.
Як стала вядома «Нашай Ніве», абвінавачванне ў асноўным грунтуецца на прызнальных паказаннях Ігара Брыло, у той час як большасць іншых фігурантаў адмаўляюць сваю віну.
Раней «Наша Ніва» паведамляла, што Брыло, па словах знаёмых з ходам справы, трапіўшы ў складаныя жыццёвыя абставіны, у ходзе следства стаў «беспардонна грузіць сябе і іншых».
«Народ з усёй краіны ездзіць на допыты, каб выслухаць і дэзавуяваць то адну гісторыю, то іншую», — казалі нам.
Чытайце таксама: «Грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах
«Брыло прызнаў, успомніў, прыдумаў — называйце гэта як хочаце — хабараў на $2 мільёны. Вакол гэтай лічбы і круціцца абвінавачванне. Каго ён назваў — тых і хапалі», — паведаміў «Нашай Ніве» інфармаваны суразмоўца.
Па «Малочнай справе» праходзяць 18 чалавек. Сярод іх, у тым ліку, брат Генадзя Скітава, Сяргей Элькінд (ён захаваў прозвішча бацькі, у той час як Генадзь змяніў габрэйскае на больш, па яго меркаванні, мілагучнае прозвішча маці — Скітаў), які не меў дачынення да малочнага бізнэсу, але таксама сярод абвінавачаных.
Суразмоўца «Нашай Нівы» прыводзіць прыклад таго, як ён стаў фігурантам справы.

«Брыло «ўспомніў», што атрымліваў $5 тысяч ад Скітава. Сам жа Скітаў сцвярджае, што гэтыя грошы ён дарыў Брыло на дзень нараджэння ў якасці падарунка і пры сведках. А следства лічыць, што гэта быў хабар пад выглядам падарунка на дзень нараджэння», — паведаміў суразмоўца.
51‑гадовы Ігар Брыло нарадзіўся ў Барысаве, як і Генадзь Скітаў (Элькінд). Кар'ера Брыло пачыналася там. У сталіцу яго забралі з пазіцыі намесніка старшыні Барысаўскага райвыканкама па сельскай гаспадарцы. Барысаўскі раён значны як па колькасці буйных сельгаспрадпрыемстваў, так і сваімі перапрацоўчымі вытворчасцямі.
Суразмоўцы «Нашай Нівы» ў Барысаве ўспаміналі: калі Скітаў кіраваў Барысаўскім мясакамбінатам, Брыло быў ягоным падначаленым. Ён працаваў там ветэрынарам пасля заканчэння Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Гэтая інфармацыя пацвярджаецца выпіскамі з баз «Белпола».
З гэтай пазіцыі Брыло атрымаў павышэнне ў галоўныя ветэрынары раёна (2004—2006), потым — у райвыканкам (2011—2013), потым — у Міністэрства сельскай гаспадаркі першым намеснікам (2013—2021). У лютым 2022‑га ён стаў міністрам сельскай гаспадаркі.
Каментары
толще партизаныбольше миллионов у помощников и адъютантов Лукашенко.