Свет22

Навукоўцы знайшлі самыя старажытныя прыклады муміфікацыі чалавечых целаў. Яны сушыліся дымам

Навукоўцы знайшлі самыя старажытныя сведчанні чалавечай муміфікацыі, узрост якіх складае каля 14 тысяч гадоў. Гэта амаль удвая старэй за ўсе раней вядомыя прыклады. Даследаванне, апублікаванае ў аўтарытэтным часопісе PNAS, засведчыла, што людзі ў Паўднёва-Усходняй Азіі ўжо ў палеаліце мелі складаную практыку падрыхтоўкі целаў памерлых да пахавання, піша CNN.

Фота: Hirofumi Matsumura / Australian National University

Для даследавання былі прааналізаваныя 54 пахаванні, знойдзеныя на 11 археалагічных помніках у паўднёвым Кітаі, паўночным В’етнаме і на інданезійскім востраве Суматра. Асаблівасцю гэтых пахаванняў сталі незвычайныя позы целаў — людзі былі пахаваныя стоячы на кукішках, што выглядала анатамічна немагчымым. Гэта дало падставы меркаваць, што да пахавання целы неяк спецыяльна апрацоўваліся.

Далейшы аналіз костак паказаў прыкметы ўздзеяння на іх цяпла. У многіх выпадках былі заўважаныя абвугленыя ўчасткі на локцях, чэрапе і ніжніх канечнасцях. Пры гэтым увесь шкілет не быў пашкоджаны агнём, таму версію пра крэмацыю даследчыкі выключылі. Пры мікраскапічным вывучэнні высветлілася, што каля 84% костак змянілі сваю мікраструктуру пад уздзеяннем нізкатэмпературнага нагрэву.

На падставе гэтых даных навукоўцы прыйшлі да высновы, што старажытныя людзі выкарыстоўвалі тэхніку падсушвання целаў дымам. Цела змяшчалі ў сагнутай позе над агнём, які гарэў пры нізкай тэмпературы, і дым паступова выдаляў вільгаць з тканак. Пасля гэтага высушаныя парэшткі пераносілі да месца пахавання. Так целы фактычна муміфікаваліся.

Фота: Hirofumi Matsumura / Australian National University

Найстаражытнейшы прыклад быў выяўлены ў Паўночным В’етнаме — гэта костка рукі, узрост якой ацэньваецца прыкладна ў 14 тысяч гадоў. Іншыя пахаванні, датаваныя ад 12 да 4 тысяч гадоў таму, сведчаць, што гэтая практыка працягвалася тысячагоддзямі ў розных рэгіёнах Паўднёва-Усходняй Азіі.

Да гэтага часу самым старажытным прыкладам муміфікацыі лічыліся муміі культуры Чынчора ў Чылі, якім каля 7 тысяч гадоў, і прыклады з Егіпта ўзростам каля 4,5 тысяч гадоў. Новая знаходка амаль удвая старэйшая і паказвае, што тэхнікі апрацоўкі целаў маглі ўзнікнуць значна раней, чым лічылася дагэтуль.

Даследчыкі падкрэсліваюць, што гэтая практыка адлюстроўвае ўнікальнае спалучэнне тэхнікі, традыцый і вераванняў старажытных супольнасцяў Паўднёва-Усходняй Азіі. Цікава, што аналагічны метад — падсушванне целаў дымам — і сёння застаецца часткай традыцыйных абрадаў у Папуа — Новай Гвінеі.

Каментары2

  • Карэктар-самавук
    17.09.2025
    Дарагая рэдакцыя, вы паўсюдна слоўжываеце пасіўнымі граматычнымі канструкцыямі, якія паходзяць з савецкага канцэлярыту:

    'Муміі сушыліся дымам' - яны самі сушыліся, ці іх сушылі?

    'Актывіст неаднаразова арыштоўваўся ... затрымліваўся ... утрымліваўся ў ШЫЗА ... прыцягваўся' - Дык ён сам сябе арыштоўваў, затрымліваў і т.д.? Ці ўсё ж некія асобы яго затрымлівалі? Не пазбаўляйце віны за гэтыя злачынствы тых, хто яго затрымліваў. Не надзяляйце агентнасцю няшчасную мумію, якую вэндзілі супляменнікі.
  • Чытака
    17.09.2025
    [Рэд. — Дзякуй, выправiлi]

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

Вазіў натаўцаў у Афганістан і скідваў гуманітарку ў Судане, а потым трапіў у турму па даносе сябра з Украіны1

Вазіў натаўцаў у Афганістан і скідваў гуманітарку ў Судане, а потым трапіў у турму па даносе сябра з Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, як памёр Мікалай Казека

Сталі вядомыя падрабязнасці атакі дронаў на грузавікі на расійска-беларускай мяжы6

Крэмль вызваліў зняволенага былога амерыканскага марпеха. За што — пакуль невядома

Ці можа Украіна знішчаць пускавыя ўстаноўкі з расійскай балістыкай?1

«Белсат» пераходзіць на новы спадарожнік3

Mak.by пашырыцца на яшчэ два беларускія гарады

У Гродне кіроўца тралейбуса страціў прытомнасць і ўрэзаўся ў слуп1

Здачу ЖК «Андрэеўскі» ў Мінску перанеслі на наступны год

Памёр славуты трэнер Мікалай Казека5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вазіў натаўцаў у Афганістан і скідваў гуманітарку ў Судане, а потым трапіў у турму па даносе сябра з Украіны1

Вазіў натаўцаў у Афганістан і скідваў гуманітарку ў Судане, а потым трапіў у турму па даносе сябра з Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць