Свет99

Нарвежская афера Крамля: як ценявы флот Расіі атрымліваў фальшывыя страхоўкі

Маштабнае журналісцкае расследаванне выкрыла схему, з дапамогай якой расійскі рэжым абыходзіў санкцыі. Сярод кліентаў ашуканцаў былі такія гіганты, як «Наватэк» і «Раснафта». І нават фірма, звязаная з ГРУ.

Расійскі такер Eventin, які ўваходзіць у склад «ценявога флоту» Расіі, ля ўзбярэжжа вострава Руген. Красавік 2025 года. Фота: Stefan Sauer / picture alliance via Getty Images

У самым сэрцы Осла, у прэстыжным будынку Нарвежскай асацыяцыі суднаўладальнікаў, была зарэгістраваная кампанія Ro Marine. Аднак, як выявілася, ніводнага супрацоўніка фірмы там ніколі не было. Кампанія існавала толькі на паперы і дыстанцыйна прадавала фальшывыя страхавыя полісы для дзясяткаў суднаў, якія перавозілі расійскую нафту, газ і ваенныя грузы.

Гэта азначае, што ніводны са страхавых полісаў Ro Marine не дзейнічаў, таму ў выпадку аварыі на танкеры еўрапейскія ўлады не змаглі б атрымаць кампенсацыю за ліквідацыю наступстваў экалагічнай катастрофы.

Дэталі гэтай афёры сталі вядомыя дзякуючы супольнаму расследаванню нарвежскага медыяканцэрна NRK і расійскага Цэнтра «Досье». Паводле даных журналістаў, за гэтай схемай стаялі двое грамадзян Нарвегіі, балгарын і расіянін Андрэй Мачалін з Санкт-Пецярбурга, які лічыўся ўладальнікам Ro Marine.

Андрэй Мачалін. Крыніца: Цэнтр «Досье»

Нарвежскі фінансавы рэгулятар Finanstilsynet пацвердзіў, што кампанія фізічна не вяла дзейнасці ў краіне, і ў сакавіку 2025 года запатрабаваў неадкладна спыніць яе працу, перадаўшы справу ў паліцыю.

Нафта, газ і зброя пад фальшывым полісам

Дакументы, якія трапілі ў рукі расследавальнікаў, сведчаць, што гэта была не прыватная ініцыятыва. Плацяжы за фіктыўныя полісы праходзілі праз расійскую фірму Мачаліна «Хайдор Санкт-Пецярбург».

Сярод кліентаў ашуканцаў былі такія гіганты, як «Наватэк» і «Раснафта», а таксама фірмы, якія дастаўлялі іранскую зброю ў Расію, боепрыпасы ў Алжыр, і нават арганізацыя, звязаная з ГРУ. Гэта дазваляе зрабіць выснову, што афёра была б немагчымай без ведама і ўхвалення Крамля.

Страхавы поліс Ro Marine для карабля Tasta. Крыніца: «Цэнтр «Досье»

Каб схема працавала маштабна, ашуканцам трэба было атрымаць афіцыйнае прызнанне ад краін, пад чыімі сцягамі ходзяць судны «ценявога флоту». Адной з ключавых мэтаў стала Панама, бо яна мае найбуйнейшы ў свеце суднавы рэестр. Каб атрымаць дазвол ад панамскіх уладаў, RoMarine пайшла на падробку — прадставіла чыноўнікам сфальсіфікаваны дакумент, нібыта выдадзены ў Сьера-Леонэ.

Усяго Ro Marine паспела выдаць падробленыя полісы для як мінімум 256 суднаў, у тым ліку для 76 танкераў з расійскага «ценявога флоту». Гэтыя караблі, фармальна застрахаваныя па нарвежскім адрасе, насамрэч выходзілі ў мора без рэальнага страхавога пакрыцця, што з'яўляецца грубым парушэннем міжнароднага права.

Яскравым прыкладам дзейнасці ашуканцаў стала гісторыя двух суднаў, Nan Feng Zhi Xing і Hunter Star. Увосень 2024 года яны перавозілі з Кітая абсталяванне для флагманскага праекта Крамля — завода па здабычы звадкаванага газу «Арктык СПГ 2», які належыць кампаніі «Наватэк».

Hunter Star
Hunter Star з абсталяваннем для завода па здабычы звадкаванага газу «Арктык СПГ 2». Кастрычнік 2024 года. Фота: Sergei Skriabin / marinetraffic.com

Каб прайсці праз еўрапейскія воды на зваротным шляху, ім была неабходная страхоўка. Полісы былі аформленыя праз Ro Marine, а грошы за іх пералічаны на рахунак «Хайдор Санкт-Пецярбург».

Паслугамі Ro Marine карысталіся і партнёры «Раснафты». Так найбуйнейшым плацельшчыкам за фальшывыя полісы была дубайская фірма Adele Shipping, звязаная з «ценявым флотам». Іншы буйны кліент — звязаная са структурамі, блізкімі да кіраўніка «Раснафты» Ігара Сечына ганконгская кампанія Bellatrix Energy, якая рэзка нарасціла экспарт расійскай нафты пасля ўвядзення ў пачатку 2023 года на яе столі цэн.

Нават пасля таго, як афёра была выкрытая ў СМІ, а нарвежскі рэгулятар запатрабаваў спыніць дзейнасць Ro Marine, як сцвярджаюць журналісты, схема працягвала працаваць. Караблі з падробленай страхоўкай можна было сустрэць у еўрапейскіх партах.

Так, застрахаванае ў Ro Marine судна Astra, якое займаецца працамі па паглыбленні марскога дна з сярэдзіны лютага па меншай меры па канец жніўня 2025 года знаходзілася ў порце Рыгі на рамонце. Карабель — частка флоту «Бюро марскіх праектаў і тэхналогій», якое займаецца працамі ў порце Усць-Луга па замове групы «Наватранс».

Як распавёў журналістам адзін з кліентаў Ro Marine, «усе ведалі», што кампанія фіктыўная. Але сапраўдная страхоўка нікому і не была патрэбная. Галоўнай мэтай было атрымаць дакумент, які дазваляў бы абыходзіць санкцыі і праходзіць праверкі ў еўрапейскіх партах. І гэтую паслугу ашуканцы аказвалі ў поўнай меры.

Каментары9

  • Барадзед
    15.09.2025
    В какой фирме они теперь будут страховаться?
  • Беларус
    15.09.2025
    Цынізм вышэйшага гатунку. Сапраўдныя еурапейскія каштоўнасьці ды яшчэ са скандынаўскім характарам. Усе ўсё ведалі. Падобныя санкцыі зроблены адмыслова, каб менавіта так і працавалі. І расейскія крывавыя грошы не з'яўляюцца нацыянальнай пагрозай. Нацыянальнай пагрозай з'яўляюцца беларусы, што працавалі на так званых дзяржаўных прадпрыемствах 20 гадоў таму, ці перайшлі дарогу на чырвонае сьвятло. Іх можна высылаць - бо на радзіме "ўсё добра і нічога не пагражае". Таму вайна ў ЕЗ непазьбежная: калі спансуеш ворага ды адштурхоўваеш хаўрусьнікаў - іншага выйсця проста не існуе.
  • Трыста Мрозев
    15.09.2025
    Так, сутнасць аферы менавіта ў тым, каб краіна сцяга прызнавала страхоўку.
    І тады ўсё ў шакаладзе.
    Грошай на такое, зразумела, не шкада.

    Усе гэтыя гісторыі ідуць з Дубая, дзе сідзяць тыя ж самыя людзі (былыя чэкісты, следакі і г.д.), што працуюць на Феактыстава і Ткачова (тое, што рускіе газетчыкі завуць "сечынскі спецназ")

Цяпер чытаюць

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы76

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску перадумалі зносіць хрушчоўкі. Рэнавацыя закране двух-трохпавярховыя дамы1

Японцы са слязьмі на вачах развітваюцца з пандамі — жывёлін забірае Кітай праз пагаршэнне адносін паміж краінамі6

Эканамічны рост Польшчы аслабіў планы краіны на ўвядзенне еўра замест злотага

Чаму Зяленскі перагледзеў стаўленне да беларускай апазіцыі? Аналіз Валера Карбалевіча15

Ціханоўская абмеркавала з міністрам замежных спраў Украіны дэталі прызначэння новага спецпасланніка ў Беларусі2

Барысту ў Мінску засталі за незвычайным заняткам2

Топавага кітайскага генерала вінавацяць у перадачы ядзерных сакрэтаў ЗША3

Маргарыта Сіманьян упершыню пасля хіміятэрапіі паказала сябе без парыка9

Удзельнічаў у парадзе, а цяпер экстрэміст. За палітыку асудзілі мазырчука2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы76

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць