Бяла-Падляска застаецца маленькай меккай беларускага бізнэсу ў Польшчы
Нягледзячы на агульную тэндэнцыю змяншэння долі беларускіх кампаній у структуры польскай эканомікі, Бяла-Падляска ўпэўнена захоўвае статус аднаго з галоўных цэнтраў беларускага прадпрымальніцтва за межамі радзімы.

Згодна з данымі Centralny Osrodek Informacji Gospodarczej, колькасць кампаній з беларускім капіталам у Люблінскім ваяводстве павялічылася з 395 у пачатку 2023 года да 497 у студзені 2025.
Аднак, як адначаецца ў новым даследаванні Вадзіма Сяховіча, адносная доля Любліншчыны ў агульнапольскай карціне скарацілася — з 7,93% у 2023 годзе (прыкладна на 13% менш, чым у 2022 годзе) да 6,6% на пачатак 2025-га.
Такая сітуацыя нагадвае працэсы ў Падляшскім ваяводстве і сведчыць пра пераарыентацыю часткі бізнэсаў на самыя дынамічныя рэгіёны краіны, перадусім Варшаву.
Скарачэнне прыбыткаў звязана перадусім з падаючымі аб’ёмамі транспартна-лагістычных (яны складаюць 55% ад усёй колькасці дзейных) і замежнагандлёвых кампаній.
Аднак маленькія і сярэднія кампаніі здолелі часткова кампенсаваць гэтыя страты, што нават прывяло да росту парога ўваходу ў ТОП-25 — з 2,58 мільёнаў долараў да 2,73 мільёнаў.
Бяла-Падляска — эпіцэнтр канцэнтрацыі
Як адзначаецца ў даследаванні, з 497 зарэгістраваных у ваяводстве беларускіх кампаній 329 прыпадае на горад Бяла-Падляска. Гэта робіць яго чацвёртым горадам па колькасці беларускіх бізнэсаў у Польшчы — пасля Варшавы, Беластока і Уроцлава.
ТОП-5: новыя лідары, старыя імёны
У 2023 годзе першая пяцёрка беларускіх кампаній у Люблінскім ваяводстве выглядае наступным чынам:

1. Rezon Trans (Люблін, транспарт і лагістыка) — частка субхолдынгу R Group, які ўваходзіць у «СДС-Транс», што належыць сям’і Смятаніных, Уладзіміру Гурыновічу і іншым беларускім інвестарам. Гэта новы лідар рэгіёна з выручкай 44,6 мільёна долараў.

2. Kon-Tur sp.k. (Калонія-Камарнае, выпуск фарбаў для дарожнай разметкі) — бізнэс Змітра Чарненкі, вядомага ў Беларусі па групе «СтіМ», члена (з 2025 года) Рады па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі. Выручка — 35,96 мільёнаў долараў.
3. Polcarbotrans (Кабыляны, гандаль) — ранейшы лідар, які спецыялізуецца на імпарце вугалю з Казахстана, Калумбіі і іншых краін. Заснавальнік — Дзмітрый Клыпук. Выручка — 17,91 мільёнаў долараў.

4. AAR Polska (Лукаў, транспарт) — частка міжнароднага лагістычнага холдынгу. Уласнік — Іван Наскевіч. Выручка — 10 мільёнаў долараў.

5. Eurotrans (Вялікія Малашэвічы, чыгуначная лагістыка) — кампанія, заснаваная Мікалаем і Міхаілам Беланогавымі, з'яўляецца адной з ветэранаў беларускага транспартна-лагістычнага бізнэсу ў Польшчы. Цяпер ёю кіруе Марыя Беланогава, якая жыве ў Чэхіі. Выручка — 9,63 мільёнаў долараў
У першай пяцёрцы адбылося адно змяненне: Transit-Pol, які належыць Алегу Петлеву і раней уваходзіў у ТОП, саступіў месца Eurotrans.
Новыя гульцы і іншыя тэндэнцыі
Як адзначае аўтар даследавання, сам топ-25 змяніўся трохі менш чым на траціну. З 25 кампаній у рэйтынгу 6 — навічкі. Асабліва вызначыўся BTWPOL (12-е месца) — лагістычная кампанія Канстанціна Кадлубовіча, вядомага як «шампіньённы кароль» Беларусі і Расіі.
Сярод іншых новых імёнаў — Teksa Logistic і Eavto, гандлёвыя кампаніі GLK Invest, Dreams New і будаўнічая кампанія Dominant.

Не трапіла ў ТОП іншая кампанія Змітра Чарненкі — Przedsiębiorstwo Produkcyjno-Usługowe Drogownictwa, якая, магчыма, зазнала ўнутраную рэструктурызацыю.
Поўны спіс ТОП-25 можна паглядзець па спасылцы.
Каментары