Кіно

Выйшаў «Ліла і Сціч» — на дзіва кранальны фільм, які выбіўся ў топ па зборах у пракаце

Цяпер у беларускіх кінатэатрах паказваюць «Ліла і Сціча». Для студыі Disney гэты фільм стаў вялікім поспехам. Расказваем, якой атрымалася стужка.

Фота: кадр з трэйлера

Disney умела карыстаецца чалавечай настальгіяй. «Кароль Леў», «Русалачка», «Аладзін» — усе гэтыя мультфільмы 90-х за апошнія некалькі гадоў былі перазнятыя з жывымі акцёрамі ці ў стылі рэалізму. Канечне, гэта карыстаецца поспехам: дзеці, якія раслі ў 90-я, цяпер прыводзяць ужо сваіх дзяцей у кіно, каб пабачыць новыя версіі любімых гісторый. Цяпер студыя дабралася да «Ліла і Сціча» — хіта Disney ад 2002 года. 

Як і першая стужка, цяперашні фільм — гэта гісторыя дзяўчынкі Ліла, якая родам з Гаваяў. Ліла ўсяго шэсць гадоў, але яна жыве ў стане пастаяннай траўмы: яе бацькі памерлі, а старэйшая сястра Нані відавочна не дае рады выхаванню малой. У выніку, здаецца, усе настроіліся супраць дзяўчат: і сацыяльныя службы, і настаўнікі Ліла, і яе равесніцы.

Ліла прагне, каб у яе жыцці з’явіўся сапраўдны сябар, і яе жаданне спраўджваецца самым незвычайным чынам. Дзяўчынка знаёміцца з дзіўнай блакітнай істотай, якая аддалена нагадвае ці то сабаку, ці то каалу. Гэта вынік іншапланетнага генетычнага эксперыменту пад назвай 626, створанага дзеля хаосу і разбурэнняў. 

Фота: кадр з трэйлера

Істота збягае на Зямлю і прычапляецца да Ліла, каб атрымаць абарону ад пераследнікаў са сваёй роднай планеты, бо тыя не маюць права шкодзіць чалавечым істотам. Ліла дае эксперыменту 626 імя — Сціч. Яна перавыхоўвае Сціча ў добрага і адданага сябра, а той шчыра прывязваецца да дзяўчынкі.

Першапачаткова планавалася выпусціць новы фільм не ў кінатэатрах, а на стрымінгу Disney+. Але пазней Disney вырашыў пусціць стужку ў шырокі пракат, і не пралічыўся. У «Ліла і Сціча» цудоўныя зборы — за два тыдні ў сусветным пракаце стужка зарабіла ўжо 610 мільёнаў даляраў, і на сёння гэта трэці па зборах фільм 2025 года.

Канечне, ісці туды варта не толькі праз зборы. «Ліла і Сціч» падыдзе тым, хто фанацеў ад арыгінальнага мультфільма. Але і тым, хто раней не чуў пра гісторыю, будзе цікава паглядзець гэтую стужку разам з дзецьмі, тым больш гісторыя Ліла і яе сябра больш глыбокая, чым можа падацца.

Перш за ўсё, «Ліла і Сціч» — гэта прызнанне ў любові да Гаваяў. Падзеі адбываюцца на востраве Каўаі, самым старым і зялёным з асноўных Гавайскіх астравоў. На ім жыве ўсяго 72 тысячы чалавек, і гэта месца з небывалай прыродай: тут ёсць горы, джунглі і вадаспады. А яшчэ тут вельмі паважаюць гавайскія традыцыі — спевы, мову, гавайскі танец хула.

Цяперашнюю стужку, аднак, вырашылі зняць на больш турыстычным гавайскім востраве Ааху, але мясцовай прыроды ў фільме ўсё роўна шмат. Як і ў мультфільме, Ліла вельмі любіць гавайскі танец хула, а ў стужцы гучыць гавайская мова. 

Фота: кадр з трэйлера
Фота: кадр з трэйлера

Ды і роля Ліла дасталася сапраўднай гавайскай дзяўчынцы — яе грае абаяльная 7-гадовая Мая Кеалоха. Што да яе сябра Сціча: эксперымент 626, намаляваны з дапамогай камп’ютарнай графікі, атрымаўся візуальна якасным і добра выглядае разам з жывымі акцёрамі. Цёплую і кранальную атмасферу фільма дапаўняюць пласцінкі з запісамі Прэслі, ад якога фанацее маленькая Ліла.

Самае важнае слова для фільма таксама гучыць па-гавайску. Гэта ohana, то-бок сям’я. У стужцы кажуць пра тое, што сям’я — гэта калі нікога не пакідаюць і не забываюць. Гісторыя Ліла і Сціча якраз пра тое, як ствараюцца сем’і не па крыві, а па духу: сястра замяняе маму, а іншапланецянін знаходзіць сваю «ахану» ў чалавечай сям’і на Гаваях.

«Ліла і Сціч» — гэта яшчэ і гісторыя пра альтэрнатыву гвалту. Сціч створаны як зброя, а Ліла гатовая раззлавацца на ўвесь свет, які яе не разумее, але разам яны выратоўваюць адно аднаго і пераводзяць на бок святла. Тым часам Нані, старэйшая сястра Ліла, змагаецца за яе з сацыяльнымі службамі, але ёй цяжка, і дзяржаўная сістэма не дапамагае захаваць сям’ю. Выратоўвае толькі тая самая «ахана», сям’я па духу.

«Ліла і Сціч» — мабыць, найлепшы фільм для сямейнага прагляду, які цяпер ёсць у беларускіх кінатэатрах. Там не будзе дыснэеўскіх прынцэс і палацаў, затое ёсць душэўная гісторыя, не так ужо і адарваная ад сучасных рэалій — ну, калі не лічыць блакітнага іншапланецяніна з вострымі зубамі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса1

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса

Усе навіны →
Усе навіны

Загінуў 24-гадовы z-блогер Святоша, які хваліўся забойствамі палонных10

На прыпынку «Ламаносава» ў сталіцы адрамантавалі асфальт. Вынік уражвае2

У паўднёвай Еўропе стаіць чырвоная спёка4

Маці чатырох дзяцей, якую схапілі на выхадзе з анкадыспансера, адпусцілі да суда дадому2

«Расіяне зайздросцяць узроўню беларускага адзінства»42

На МАЗе выбралі маскота і далі яму імя14

ЗША маюць намер зламіць спажыўцоў расійскай нафты ў выпадку правалу ўрэгулявання вайны ва Украіне3

Як беларуска ў 18 гадоў стала прафесійным капітанам яхты і робіць на гэтым бізнес1

У Іспаніі беларусаў вызвалілі з працоўнага рабства2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса1

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць