Грамадства5252

«Папрасіў пажыць яшчэ месяц, а яны…» Былога палітвязня Ермашука высяляюць з шэлтара «Байхэлпа»

Мужчына кажа, што не можа знайсці кватэру і працу, а прадстаўнікі шэлтара — што Ермашука даўно папярэдзілі пра дату выезду. «Наша Ніва» выслухала абодва бакі.

Вадзім Ермашук. Фота: «Наша Ніва»

«Калі мы там сядзелі, мы думалі, што тут усё прадумана, ідзе падтрымка, а атрымалася наадварот»

28 лютага будзе тры месяцы, як Вадзім жыве ў варшаўскім шэлтары ад фонду «Байхэлп». І ў гэты дзень ён мусіць выехаць на новае жыллё, але ж зняць яго, як кажа Ермашук, аказалася не так проста.

Былы палітвязень расказвае, што гаспадары кватэр ставяцца да яго насцярожана і адмаўляюць у здыме жылля: пакуль што мужчына не мае ні афіцыйнай працы, ні пашпарта, бо ён у працэсе легалізацыі.

Але і ў шэлтары Вадзіму не хочуць ісці насустрач. Прычына такога стаўлення, лічыць былы палітвязень, у тым, што ён адкрыта выказвае свае патрэбы:

«Я проста патрабаваў і прасіў тое, што, я лічу, яны абавязаныя зрабіць. Мяркую, уся дапамога мусіць быць для палітвязняў, тых, хто адседзеў. Мяне тры гады не было [на волі], я вымушана эміграваў. Калі мы там сядзелі, мы думалі, што тут усё прадумана, ідзе падтрымка, а атрымалася наадварот. 

Так разумею, фондам не падабаецца, як я з імі камунікаваў. Мне ўвесь час рабілі заўвагі, маўляў, гаварыце на «вы». Я ж не ведаю, з кім там размаўляю, магу напісаць «прывет». Мне разоў 5-6 казалі, што хутка скончаць са мной камунікацыю і не будуць мне дапамагаць».

Ермашук тлумачыць, што пасля вызвалення быў у цяжкім псіхічным стане, цяпер ён працуе з псіхолагам і п’е антыдэпрэсанты. Спачатку ён камунікаваў з фондамі праз пасярэдніцу, але тыя настаялі, каб камунікацыя ішла наўпрост:

«Я быў псіхалагічна няўстойлівы, мог паслаць на тры літары. Цяпер я магу сабраць думкі і гаварыць, а раней я проста псіхаваў. Адносіны былі вельмі складаныя, мяне не чулі. Шмат разоў пісаў ім, што мне цяпер складана камунікаваць, не разумеў розных рэчаў».

Вадзім кажа, што цяпер ён жыве ў пакоі, які да яго пераезду туды стаяў пустым паўтара месяцы, то-бок свабодныя месцы ў шэлтары ёсць. Ды і калі б іх не было, мужчына згодны спаць у калідоры ці на канапе ў холе шэлтара. Ён расказвае пра выпадак, калі жыхар шэлтара не паспеў своечасова зняць кватэру і яму дазволілі жыць там на месяц даўжэй. І гэта не адзіны такі прыклад, паводле яго слоў.

Блогер адзначае, што фонды дапамаглі яму з пэўнымі выдаткамі на рэабілітацыю, але пры гэтым апісвае ўзаемадзеянне з імі як «адзін спіхвае на другога».

Ужо ў Польшчы выявілася, што Вадзіму трэба рабіць аперацыю з пахвіннай грыжай, і праз гэта недзе паўгода ён не зможа займацца цяжкай фізічнай працай.

Блогер адзначае, што многія з былых палітвязняў адчуваюць: у замежжы яны нікому не патрэбныя:

«Мне крыўдна, што я аддаў усё: любімую справу, любімы блог, кватэру. Я страціў усё. Цяпер папрасіў пажыць адзін месяц, а яны… Я ж не нахабнічаю і не прашу жыць год, праўда? Лічу, гэта непрымальна.

Калі мы просім дапамогі, гэта не сорамна, хаця людзі пра гэта забываюць. Прасіць — гэта не сорамна, маўчаць — вось гэта сорамна».

Цяпер і сам Вадзім, і яго сябры шукаюць для яго кватэру.

«Байхэлп»: Ермашук мусіць выехаць 28 лютага

Мы папрасілі Аляксея Лявончыка, кіраўніка фонда «Байхэлп», пракаментаваць сітуацыю з Вадзімам Ермашуком. 

Лявончык адзначае, што звычайна былыя палітвязні жывуць у тым шэлтары два месяцы, бо ёсць высокі попыт на пакоі. Вадзім пражыў у шэлтары на месяц даўжэй, бо яму якраз пайшлі насустрач праз яго сітуацыю. 28 лютага Ермашук мусіць выехаць з шэлтара, і пра гэтую дату, кажа Лявончык, блогер ведаў яшчэ ў снежні.

Аляксей абвяргае, што ў шэлтары жывуць даўжэй за час, які называе Вадзім — маўляў, гаворка заўжды пра 2-3 месяцы пражывання. Што да ідэі Вадзіма жыць хаця б у калідоры, Лявончык кажа, што гэта было б парушэннем абавязальніцтваў шэлтара перад уладальнікамі дома, дзе месціцца шэлтар, і гэта прапісана ў адпаведнай дамове з імі.

Вадзім даўно ведаў пра аперацыю, кажа Аляксей, і мог да гэтага падрыхтавацца. Лявончык дадае, што сваімі дзеяннямі Ермашук парушае падпісаную дамову аб неразгалошванні аспектаў лекавання і пражывання.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары52

  • Дарагая рэдакцыя
    27.02.2025
    Ну і ка...ы. Чалавек у сапраўды кепскім стане, хто яму здасць кватэру без працы і дакументаў? І яны на вуліцу выганяюць? Ну што ж, абы Лявончыку было добра.
  • Дамінік
    27.02.2025
    Дапамагаў палітвязню. Ен тры ДНІ жыў у маей кватэры бясплатна. Мог бы й болей. Але за гэты час мы яго легалізавалі, знайшлі працу па спецыяльнасці і дастаткова танны пакой. Не ведаю дакладна сітуацыі, і псіхалагічнага стану паважанага блогера, але за тры месяцы можна знайсці, калі шукаеш.
  • 1863
    27.02.2025
    Палітвязні - ахвяры. Што геройскага патрапіць у лапы рэжыму? Такія заявы можа рабіць каліновец напрыклад, але дакладна не Валммаці

Цяпер чытаюць

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных3

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных

Усе навіны →
Усе навіны

Джасцін Цімберлэйк расказаў, што мае хваробу Лайма, якую пераносяць кляшчы. Боль ён трываў два гады на сцэне5

Пачалася сустрэча Лукашэнкі і Пуціна4

Як выглядае беспілотнік, які сёння знайшлі ў Літве ФОТА2

Латушка: Круглы стол з Лукашэнкам немагчымы27

У Літве знайшлі беспілотнік, што заляцеў з Беларусі. Вось як ён выглядае2

Пошукава-выратавальныя работы ў Кіеве завершаны: загінуў 31 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей

«Самае старое» дзіця ў свеце нарадзілася з эмбрыёна, які быў замарожаны 30 гадоў таму3

Стала вядома, колькі беларусаў атрымалі ўкраінскае грамадзянства, а колькі іх выдварылі з краіны5

А вы ведалі, што ў Мінску працуе «Донер Трамп»? Што там прапануюць?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных3

Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць