Грамадства3636

Хто тая жанчына, якую Марзалюк у эфіры БТ абазваў «шваллю з Гродна», і што яна піша ў чатах? Расказваем пра доктарку Стэфановіч

Па мерках сённяшняй Беларусі Алена Стэфановіч прасоўвае вельмі крамольныя думкі і занадта маргінальныя ідэі. Любога прыхільніка пераменаў за такое даўно б пасадзілі. А вось Стэфановіч пакуль трымаецца на плыву. Распавядаем, чым яна вядомая і што піша ў чатах сваіх паплечнікаў.

Алена Стэфановіч на пікеце ў Гродне. Фота «Гродзенскай праўды»

Хто такая Алена Стэфановіч (aka medic_Z2)?

Днямі падчас дыскусіі ў праграме «Па сутнасці» яе ўзгадаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. «Калі нейкая шваль у Гродне, працуючы ў дзяржаўнай медыцынскай установе, заяўляе, што беларускі пашпарт — проста паперка, калі яны грэбуюць беларускай уладай, калі яны цкуюць Міністэрства культуры, але махаюць чырвона-зялёным сцягам, то яны робяць тое самае [што і «змагары»] і ствараюць негатыўны імідж беларускай улады».

Пад апісаннем Марзалюка лёгка пазнаецца жанчына з асяродку Вольгі Бондаравай — 52-гадовая Алена Стэфановіч. Яна родам з Узбекістана, нарадзілася ў горадзе Чырчык. Вядома, што даўно жыве ў Гродне і мае грамадзянства Беларусі.

@nashaniva Хто тая жанчына, якую Марзалюк абазваў «Шваллю з Гродна»? #беларусь #депутат #чиновник #политика #новости #навіны #марзалюк #бондарева #минск #бчб #протесты #выборы ♬ Naughty, evil, dubious and comical songs(1264665) - MATSU

Па звестках праекта Digital intelligence team, Алена працуе доктарам у Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Гродне. У яе трое дзяцей — два сыны і дачка. Адзін з сыноў Алены працуе вайскоўцам, а яе муж Сяргей — вайсковы пенсіянер.

Засвяцілася публічна яна найперш на пікетах, якія праходзілі перад консульствам Польшчы ў Гродне. З ёй разам хадзіў і сын Іван.

Алена Стэфановіч разам з сынам Іванам на пікеце ў Гродне (па цэнтры са сцягам). Фота з сайта Кампартыі

Па звестках Чорнай мапы Беларусі, заўважаная Стэфановіч і ў даносах. Так, з ліпеня па верасень 2020 года яна тройчы паведаміла ў міліцыю, што «дзеці гуляюць побач з помнікам воінам-памежнікам». А ў маі 2021-га пазваніла ў міліцыю і сказала, што «на асфальце нанесены надпіс «Бондарава — ганьба горада», заўважыла дачка Ганна».

Пісала яна і зварот у КДБ. У кастрычніку 2021 яна паведаміла, што Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендэрнай роўнасці ў Беларусі на 2021-2025 гады насамрэч створаны амерыканскімі НКА, якія «прасоўваць агрэсіўны фемінізм» і мэта якіх — «кантроль над нашымі дзецьмі». Прычым робіцца гэта быццам «пад прыкрыццём генеральскіх пагон з Саўміна», а гэтыя НКА «ачаравалі чыноўнікаў ды сілавікоў». Зрэшты, Алене паўсюль мрояцца ворагі.

Што яна піша ў чатах?

У чатах Алена вядомая як medik_Z2 або medik_Z. Яна вельмі актыўная ў чатах — мы знайшлі больш за 20 тысяч яе каментароў. У асноўным гэта каментары ў чатах Бондаравай, Эльвіры Мірсалімавай і іх рускамірных сяброў.

Алена Стэфановіч. Фота: grodnonews.by

Мы праглядзелі некалькі тысяч з іх. Галоўныя мішэні Алены — гэта беларускія чыноўнікі і Захад. Асаблівую ўвагу яна надае Уладзіміру Макею і кіраўніцтву Міністэрства культуры. Таксама выступае за поўную інтэграцыю Беларусі і Расіі з выцісканнем беларускай мовы з грамадскага жыцця. Звычайна яна выражае свае думкі, не цураючыся абразаў.

Напрыклад, пра Макея яна піша, што той «лізаў боты англасаксам і стварыў міністэрства, якое найбольш яскрава сябе праявіла ў жнівеньскім путчы 20-га года» і што калі б ён меў болей улады, то «бывай, Саюзная дзяржава». За спінай у Макея «лунае бчб-сцяг». А ў 2016 годзе МЗС з яго падачы «з кожнага праса пачаў прамыўку мазгоў у стылі хахлапрапаганды» пра тое, што, маўляў, усе мусяць насіць вышыванкі.

Цытата Алены пра Макея з чата Бондаравай

Вось яшчэ адна цытата Алены пра Макея і яго ведамства ў характэрным для яе стылі:

«Заўжды дзівілася — чаму гэта Макей вышыванку толькі адзін раз нацягвае на сябе? Выключна 2-га ліпеня (гэта тоўстая Ананіч прыдумала ў гэты дзень святкаваць). У іншыя дні наш пляшывы Вова-еўраінтэгратар носіць грамадзянскае адзенне, а не сялянскі прыкід…

Ані ён, ані ягоная вяртлявая жонка, ані мардаты сынок, ані тоўстая Ананіч — ніхто з іх не гуляе па Мінску і не сядзяць у сваіх кабінетах у лапцях, саламяных капелюшах і палатняных вышытых кашулях. Гэтыя крывадушнікі толькі свайму народу гатовыя навязваць сялянства і апускаць нас на ўзровень аграрнай хутарской дзяржавы, самі — ні-ні…»

Тут Алена прапануе затрымаць Макея

Па яе меркаванні, «уладу ў шматлікіх сферах захапілі панскія падсцілкі» — маўляў, менавіта таму вуліцы ў Мінску названыя ў гонар «Міцкевічаў і Ажэшак».

Асабліва дастаецца Гродзенскаму гарвыканкаму. «Крэсы Усходнія дагэтуль існуюць і не толькі на паперы. Фармальна Гродна і яго ваколіцы ў складзе Беларусі, але насамрэч там балююць падпанскія падсцілкі, якіх чамусьці не вычысцілі пасля 2020», — піша яна.

Пра Лукашэнку яна піша, што яго трэба «здарова крытыкаваць, бо шматвектарнасць і вырошчванне ручных змагароў прадказальна вялі краіну да жніўня 2020 года».

Адзін з паказальных водзываў Алены

Піша яна і пра іншыя міністэрствы. Па яе меркаванні, там заселі прыхільнікі «змагароў», «Захаду» ды «заднепрывадныя». І яны, маўляў, прасоўваюць у публічнае поле сваіх аднадумцаў.

Асабліва дастаецца Міністэрству культуры, у якое яна агітуе званіць і пытацца, чаму на сцэне выступаюць адны выканаўцы, а іншых не бяруць (асабліва яна прасоўвае спевака Цімура Прахіна, вядомага перадусім сваімі камічнымі вусамі, а не вакальнымі здольнасцямі).

Меркаванне Алены пра беларускіх чыноўнікаў

Таксама, па яе меркаванні, беларуская ўлада няправільна стварае так званую Саюзную дзяржаву. Маўляў, яны спрабавалі скарыстацца Расіяй, дый Крым з Абхазіяй і захопленымі рэгіёнамі Украіны не да канца прызналі. І ў выпадку чаго — здрадзяць.

Каментар Алены Стэфановіч

Не падабаецца ёй і палітыка ў справе абароны і межаў. Маўляў, вакол ворагі, а «Лукашэнка і Макей пасцялілі чырвоны дыван праз мяжу, каб палякі заязджалі туды на Абрамсах». А вось такія пытанні прапануе задаць Аляксандру Вальфовічу:

Каментар Алены датычна беларускай абароназдольнасці

Сябе яна называе «рускай, бо нарадзілася ў СССР». Беларускую мову яна не хоча ведаць прынцыпова і хваліцца, як змушае беларускамоўных чыноўнікаў размаўляць па-руску ды адмаўляецца «запаўняць дакументы на пшэцкай мове».

Адзін з каментароў Алены

Пра беларускую мову яна кажа так: «Яна не карыстаецца ні попытам, ні папулярнасцю. Калі б не патугі дзяржаўнай машыны, то беларуская мова заняла б дастойнае месца ў этнаграфічным музеі, а яе шматлікія дыялекты выкарыстоўваліся б спакойна, як тое было з даўніх часоў». Дасталася і Лукашэнку, які, маўляў, дарма абраў курс на «мяккую беларусізацыю».

Цытата што да дзяржаўнай палітыкі 

За абарону «мовы і іншага ліцвінства» таксама дастаецца і самому Ігару Марзалюку. Маўляў, Лукашэнка «глядзіць на свет яго вачыма». Відаць, ён і сам чытае чаты Бондаравай і яе кампаніі.

Прыклад водзыва пра Марзалюка

Беларусіх дзеячаў, якія ёй не падабаюцца, яна таксама называе «падсцілкамі». Толькі звычайна нацысцкімі. Напрыклад, так яна называе Ларысу Геніюш і Наталлю Арсенневу, а таксама Адама Мальдзіса.

Цытата Алены пра Адама Мальдзіса

Апраўдвае яна і рэпрэсіі. Ксёндзу Барку, напрыклад, жадала «намотваць соплі на каўнер у камеры». Пра Рамана Бандарэнку яна піша, што ён «абараняў нацысцкую сімволіку», а яго забойства называе «не зусім удалым вынікам».

Выказванне Стэфановіч пра Бандарэнку

Агулам жа ідэі Стэфановіч занадта маргінальныя нават для прыхільнікаў Лукашэнкі ды і агулам для большасці беларусаў. Праўда, сілавікі ды чыноўнікі пакуль іх церпяць — магчыма, баючыся рэакцыі Расіі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары36

  • Автор
    19.11.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Лёлік з-пад Лімасола
    19.11.2024
    Неяк брыдка чытаць
    Бачна, што ў чалавека акцэнтуацыя, а можа і дах троху падцякае
  • Заслуженная белорусофобка
    19.11.2024
    О, эта давно заслужила лишение гражданства и депортацию в ее любимые расеянские дали.

Цяпер чытаюць

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам11

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская прапанавала Трампу, як далей дзейнічаць у пытанні Беларусі11

Сям’я, якая пераехала з Аўстрыі ў вёску пад Слуцкам, вяртаецца назад16

З вальера заасаду на вачах у наведвальнікаў уцякла ваўчыца. Адміністрацыя: Нічога страшнага, яна сама баіцца людзей4

Сірата з асаблівасцямі развіцця з Хойнікаў аказаўся на вайне супраць Украіны. Апякун кажа, што падманам4

Як зараз выглядае магіла Алеся Пушкіна ФОТАФАКТ12

Мільянер, які гадамі забіваў дзікіх жывёл, загінуў на паляванні: яго працяў рагамі буйвал17

У Рэчыцы гарэў прыватны сектар1

Макс Корж выступіць на стадыёне ў Варшаве. Некалькі вуліц перакрыюць і зменяць рух транспарту 9 жніўня9

Генплан Мінска будуць змяняць. Гараджане могуць агучыць прапановы7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам11

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць