Драматычная ЖКГ-гісторыя здарылася ў рыбака з Івацэвічаў. Той засяліў на тыдзень шчупакоў у ванну ў кватэры — увесь гэты час сям’я хадзіла мыцца да суседзяў. А потым жонка пабачыла жыроўку і жахнулася ад таго, што рыбка атрымалася залатой.

Мужчына, якога завуць Аляксеем Гулевічам, займаецца кладкай пліткі, а ў вольны ад працы час захапляецца рыбалкай. Жонцы «рыбафана», як сябе называе мужчына, яго хобі вельмі не падабаецца.
За сямейнай драмай напрыканцы студзеня ў тыктоку назірала некалькі мільёнаў чалавек. Пасля чарговай рыбалкі Аляксей засяліў у ванну ў кватэры трох шчупакоў. Калі вы думаеце, што такое суседства не ўзрадавала яго жонку, дык не памыляецеся. Шчыра кажучы, рыбы — гэта не самыя зручныя кватаранты, бо з-за іх жонцы прыйшлося прасіцца да суседзяў памыцца.
Муж тым часам радаваўся, што адзін са шчупакоў выплюнуў жыўца і колькасць рыбы павялічылася. Аднойчы ранкам жанчына прачнулася праз грукат: відавочна, шчупакі вырашылі зладзіць несанкцыянаваную акцыю пратэсту і скінулі ў ваду ўсе шампуні і гелі для душа. Не спадабалася ёй пабачыць і чарвякоў на дне ванны, таму што муж рашыў пакарміць гадаванцаў.
— Знішчыць, інакш я знішчу цябе, — папярэджвала фаната рыбалкі жонка.
Жонка Аляксея спрабавала і сарваць чарговую рыбалку, наліўшы вады ў боты (складана асуджаць чалавека, якога выселіла з уласнай ванны рыба).
На пяты дзень у жанчыны пачалі заканчвацца нервовыя клеткі і яна выселіла шчупакоў з ванны ў рыбалоўную скрыню — а мужа адправіла спаць на канапу.
— Вы думалі ўсё? Пакуль жонкі няма, я іх уваскрэсіў, − выхваляецца рыбалоў на наступным відэа. — Не трэба бегаць у падвал, мяняць ваду жыўцам. Заўтра на рыбалку.
Зразумела, што з рыбалкі Аляксей прынёс новых хвастатых кватарантаў. У якасці помсты жонка запісала відэа, на якім смажыць рыбу на патэльні.
— Па шчупаковым загадзе, па маім жаданні, рыбы ў хаце больш няма, ванна цалкам у маім распараджэнні.
На 14 лютага Аляксей падарыў жонцы апрацоўчую дошку з надпісам «Жонка рыбака павінна ўмець капаць чарвякоў, маўчаць, захапляцца ўловам», што вызвала яе шчырае абурэнне.
— Ты кайфуеш, а я табе нешта павінна. Дык вось, я не ўмею капаць, маўчаць, захапляцца. Я дзяўчынка і хачу кветачкі.
Кульмінацыя канфлікту наступіла, калі ЖЭС разаслаў жыроўкі. Аказалася, што шчупакі «памыліся» на 40 кубоў вады. Для параўнання: звычайна сям'я траціць усяго 5 кубоў.
— Залатая рыбка нейкая атрымліваецца! — абураецца жанчына і абяцае, што пасля працы муж ёй адкажа за кожны куб і дадае. − Ні ў руках, ні ў слоіку, ні ў скрыні, ні ў якую шчыліну ў нашу хату рыба больш не патрапіць.
Агулам за камуналку сям'і трэба заплаціць амаль 140 рублёў.
Цяпер чытаюць
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары
Як гэта некаторыя сац.сеткі пускаюць у этэр такія матэрыялы з адрубленымі галавамі? А некаторыя вэб-старонкі яшчэ і памнажаюць ім прагляды!