Хрысціянская візія: Мітрапаліт Станеўскі стварыў «калегіяльнага» пробашча для парафіі святога Сымона і святой Алены. Што гэта азначае?
Мінска-Магілёўская Мітрапалітальная курыя прыняла рашэнні адносна далейшай дзейнасці супольнасці вернікаў ва ўмовах закрыцця Чырвонага касцёла. Што гэта азначае, разважае тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».

Сярод іншага, паведамляецца, што кс. Юрый Санько быў прызначаны «адміністратарам парафіі святога Сымона і святой Алены ў горадзе Мінску для вядзення спраў, звязаных з рамонтам і будаўнічымі працамі ў парафіяльнай святыні, у якасці афіцыйнага прадстаўніка парафіі і Мінска-Магілёўскай Мітрапалітальнай курыі ў вядзенні перамоў з дзяржаўнымі ўладамі».
Паводле канонаў Каталіцкай Царквы, біскуп мае права даверыць апеку над парафіяй адразу некалькім святарам, «калі гэтага патрабуюць акалічнасці». Пры гэтым адзін з ксяндзоў застаецца мадэратарам і адказным за парафію перад біскупам. У камунікаце зусім не абгаворваецца роля Завальнюка, а яго асоба не згадваецца. З чым гэта звязана, невядома, звяртае ўвагу тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».
Паводле вуснай інфармацыі, атрыманай тэлеграм-каналам, кс. Завальнюк застаецца пробашчам. Але ў чым будзе заключацца ягоная роля, пакуль можна толькі гадаць. Такім чынам, мы сутыкаемся з рэдкай з’явай у беларускім Касцёле — частка адказнасці за парафію перадаецца іншаму святару без змены пробашча. У чым прычына?
Несупадзенне поглядаў Мінска-Магілёўскай Мітрапалітальнай курыі і кс. Завальнюка па стратэгіі дзеянняў у сітуацыі закрыцця і фактычнага адабрання Чырвонага касцёла ў вернікаў было відавочным ад самага пачатку.
Публічная малітва пробашча перад уваходам, рэзкі зварот парафіяльнага камітэта да ўладаў, запрашэнне на развітальную імшу і фінальнае ўладкаванне пробашча дворнікам моцна кантраставала са стрыманай рэакцыяй мітрапаліта Станеўскага. Калі на першай сустрэчы з уладамі яшчэ прысутнічаў кс. Завальнюк і прадстаўнікі парафіяльнага камітэта, то на наступных абыходзіліся без яго.
Верагодна, што ў прыватнай камунікацыі арцыбіскуп Юзаф прасіў ці патрабаваў у кс. Завальнюка ўстрымацца ад нейкіх крокаў, аднак фармальна іерарх не можа забараніць пробашчу рабіць так, як той лічыць правільным.
Верагодна ва ўмовах ціску рэжымных уладаў на Мінска-Магілёўскага мітрапаліта, ён вырашыў забраць частку ўлады пробашча ў кс. Завальнюка і надзяліць ёй кс. Юрыя Санько.
То-бок фармальна цяпер ён не можа ўмешвацца ў справы «звязаныя з рамонтам і будаўнічымі працамі ў парафіяльнай святыні», а таксама весці «перамовы з дзяржаўнымі ўладамі».
Хутчэй за ўсё, курыі стала відавочна, што гаворкі пра хуткае вяртанне касцёла ці абяцанае памяшканне для вернікаў ужо не ідзе. Два месяцы сітуацыя заставалася ў падвешаным стане, і цяпер мітрапаліт спрабуе размежаваць паўсталую сітуацыю — кс. Завальнюк застаецца пробашчам, а «таксічнай» справе Чырвонага касцёла вызначаны «крызісны менеджар» кс. Юрый Санько.
У Чырвоны касцёл паставілі «крызіснага менеджара». Гэта можа быць умова лукашэнкаўцаў
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары