Хочаце вырасціць дома расліну, але вы далёкія ад гэтага? Вам дапамогуць сукуленты
Калі жадаеце завесці дома расліну, кактусы і сукуленты — адзін з найлепшых варыянтаў. Яны добра спраўляюцца з суровымі ўмовамі пустыні і таму добра падыдуць тым, хто не разбіраецца ў раслінах. Але ж і сукуленты можна сапсаваць — расказваем вам, як гэтага пазбегнуць.

Падбярыце правільную расліну
Ёсць тысячы відаў сукулентаў, але не ўсе яны добра прыжываюцца ў памяшканні. У дадатак, ёсць такія сукуленты, якія лепш за астатнія падыходзяць для пачаткоўцаў, піша Wall Street Journal.
Калі хочаце расліну, якую проста даглядаць, паспрабуйце сукуленты роду хавортыя (Haworthia) і, ў прыватнасці, від Haworthia attenuata. Расліны гэтага роду яшчэ і марозаўстойлівыя.
Сансевіерыя трохпалосная (Sansevieria trifasciata) — гэта яшчэ адна расліна, якая вам шмат што даруе і якую цяжка знішчыць. Калі вы жадаеце нешта больш кампактнае, шукайце від Сансевіерыя цыліндрычная (Sansevieria cylindrica).
Падбярыце правільны вазон
Для сукулента вам дакладна спатрэбіцца вазон з дрэнажнай адтулінай у ім, праз якую будзе сыходзіць лішняя вада. Сукуленты лепей растуць у неглыбокіх вазонах, бо ў іх вада не так моцна скопліваецца. Калі вы ўсё-такі выбіраеце глыбокія вазоны, старайцеся не пераліваць у іх ваду, падтрымлівайце невялікую глыбіню глебы і выбірайце расліны, якія не пакутуюць, калі іх моцна паліваць. Вам падыдуць хавортыя, таўсцянка і рыпсаліс.
Замяніце глебу
Сукуленты часам прадаюць у глебе, багатай торфам. Яна добра падыходзіць да гадавальніка, але не надта спрыяе росту раслін у памяшканні ці пры доўгатэрміновым вырошчванні. Кактусы і сукуленты развіваліся як віды ў глебе, багатай мінераламі, і ў тарфяной глебе занадта шмат арганічных рэчываў для такіх раслін. Таму пры магчымасці замяніце глебу ў вазоне на спецыяльны грунт для сукулентаў.
Калі вы толькі набылі сукулент, не спяшайцеся выкарыстоўваць угнаенне. Пачынайце ўносіць яго ў глебу недзе праз год і рабіце гэта раз ці два на год.
Няхай будзе святло
Усім сукулентам патрэбнае святло. Лепш за ўсё для іх падыходзяць месцы ля вокнаў на ўсход, поўдзень ці захад, і не сумнявайцеся — вашаму сукуленту трэба месца як мага бліжэй да сонца. Калі расліна нахіляецца, а не расце вертыкальна, гэта якраз можа быць прыкметай таго, што ёй трэба больш сонца.
Не палівайце сукуленты занадта шмат
Рэкамендуюць паліваць гэтыя расліны раз у прыкладна два-тры тыдні, пры гэтым давайце глебе высахнуць паміж палівамі. Каб праверыць, ці сухая глеба, прасуньце ў яе палец на пару сантыметраў. Калі ўнізе глеба яшчэ вільготная, пачакайце з палівам.
Таксама вы можаце сачыць за лісцем: калі яно робіцца трохі жоўтым і напаўпразрыстым, гэта можа сведчыць пра празмерны паліў. У такім выпадку спыніце паліў і зліце лішнюю ваду з вазона — тады, магчыма, вы здолееце ліквідаваць нанесеную шкоду. Але калі вы ўжо бачыце на сцябле ці на лісці расліны цёмныя плямы або калі сцябло робіцца мяккім, расліну, напэўна, ужо не выратаваць.
Але і не давайце сукулентам высахнуць
Калі лісце пачынае моршчыцца, а глеба сціскаецца і ў ёй з’яўляюцца расколіны, значыць, вы вельмі мала паліваеце вашу расліну. У такім выпадку пагрузіце вазон з раслінай у міску з вадой і трымайце яго там, пакуль глеба ў верхняй частцы вазона не стане вільготнай, у ідэале не менш чым на 30 хвілін. Потым дастаньце вазон з вады і дайце глебе высахнуць перад наступным палівам.
Эксперты рэкамендуюць паліваць менавіта глебу, а не сам сукулент, бо гэтыя расліны лепш растуць, калі іх глеба прамакае, а потым высыхае перад наступным палівам. Ёсць памылковая думка, што сукуленты варта паліваць з пульверызатара, але насамрэч лепей выкарыстоўваць бутэльку.
Раім добры спосаб паліву раслін — ён падыдзе на час спёкі і ад’езду
Завяжыце ў садзе жоўтую стужку. Гэта дапаможа вам пазбавіцца ад сур’ёзнай праблемы
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
«Сукуленты»? Мо', гэтае слаўцо слушна адаптаваць да нашай мовы й казаць, напрыклад, «суцыстужкі»?
•