Вайна

«На жаль, свой унёсак у гэтую справу я пачала рабіць толькі з 2020 года, з 9 жніўня». Як беларуска крута змяніла сваё жыццё

Марыя Бабовіч — тая дзяўчына, якая спрабавала напісаць каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага словы «Не забудзем». Яе затрымалі 9 верасня 2020 года каля мінскай станцыі метро «Пушкінская» і прысудзілі паўтара года хатняй хіміі. Цяпер дзяўчына ўжо не ў Беларусі: яна жыве ў Кіеве і дапамагае аднаўляць іншыя ўкраінскія гарады, у тым ліку Бучу і Ірпень. Распыталі Марыю пра тое, як так атрымалася і навошта ёй гэта. А яна паказала нам свае фоты.

Усе фота: архіў Марыі Бабовіч

«Наша Ніва»: Апошні раз беларусы чулі пра вас у снежні 2020 года, калі прайшоў суд і вы атрымалі хатнюю хімію. Што было потым?

Марыя Бабовіч: Пасля суда я з’ехала па месцы прапіскі, то-бок у Мазыр. Мне сказалі, што на працягу 10 дзён прысуд набывае моц. Але адвакат тым часам напісаў апеляцыйную скаргу, а калі ідзе перагляд справы, то хімія яшчэ не пачынаецца.

5 сакавіка 2021 года ў Мінску разгледзелі маю апеляцыю, і зразумела, што прысуд застаўся без зменаў. Я вярнулася ў Мазыр, і недзе 16 красавіка мяне выклікалі, каб паставіць на ўлік і падрыхтаваць усе неабходныя дакументы.

На хатняй хіміі шмат у каго розныя ўмовы. Не ведаю, ад чаго гэта залежыць — ці то ад артыкула, ці то ад сітуацыі. Мяне папрасілі штомесяц прыносіць графік з працы, каб у інспекцыі маглі мяне праз гэта кантраляваць, увесь час, акрамя працоўнага я павінна была знаходзіцца дома. Калі мае выхадныя супадалі з буднямі, мне давалі дадаткова дзве вольныя гадзіны на дзень, каб наведаць магазін ці зрабіць нешта асабістае.

«НН»: Ці было цяжка знайсці працу?

МБ: Так. У Беларусі з гэтым і так усё сумна, а калі людзі чуюць пра рэчы накшталт судзімасці, у іх яшчэ менш жадання з табой супрацоўнічаць. Мне казалі: маўляў, мы ўсё разумеем, але проста не хочам праблем. Адказвала ім: ну і добра. Але рада, што ў выніку атрымалася знайсці працу, таму што ўвесь час сядзець дома было б вельмі цяжка. Хаця гэта і родныя сцены, ты ўсё роўна нібыта ў турме. Ты не ведаеш, калі да цябе прыйдуць з праверкай.

«НН»: Вас сапраўды правяралі?

МБ: Так, часам прыходзілі, хаця і не надта часта. Да таго ж, мне трэба было кожны панядзелак ездзіць у інспекцыю і адзначацца, у выхадныя і святы зусім нельга было выходзіць з дому.

Недзе з красавіка па канец верасня я была на хатняй хіміі, потым органы пачалі рэгістраваць за мной нейкія «парушэнні». Гэта былі зусім дробязі: маўляў, сядзела каля пад’езда. Аднойчы была адна дома і мне трэба было тэрмінова выйсці ў краму, якая была якраз каля майго пад’езда. Выйшла з дома хвіліны на тры — і атрымала парушэнне.

Тры такія парушэнні ўжо азначаюць перавод у калонію. Я падумала — нельга туды трапляць, гэта згублены час, і калі ты там апынешся, то можаш выйсці адтуль не надта хутка. Калі б мяне перавялі ў калонію, мне трэба было б прабыць там рэшту тэрміну, недзе 4,5 месяца, але ў калоніі маглі б прыдумаць для мяне нешта яшчэ, так што я б не выйшла так хутка.

Таму вырашыла, што трэба з’язджаць з краіны. Мне гэта прапаноўвалі яшчэ ў 2020 годзе, калі мяне затрымлівалі і потым адпускалі пад падпіску. Але тады лічыла, што да апошняга буду ў сваёй краіне і зраблю ўсё, што магчыма. Цяпер жа, калі б мяне перавялі ў калонію, я б ужо нічога не зрабіла карыснага, таму рацыянальна было з’ехаць.

«НН»: Куды з’ехалі?

МБ: Ва Украіну. Спачатку не думала, што надоўга тут застануся, але потым пабачыла, што тут таксама ёсць нашы, беларусы, што гэта добрая краіна. Мне падабаецца гэты народ. Дагэтуль застаюся тут.

Тут і далей — здымкі, зробленыя Марыяй у вызваленых украінскіх гарадах

«НН»: Калі прыехалі ва Украіну і чым займаліся да вайны?

МБ: На пачатку кастрычніка 2021 года. Спачатку спрабавала зразумець, што тут і як, жыла ў доме для беларусаў. Пакуль не пачалася вайна, дапамагала беларусам, удзельнічала ў акцыях — усяго патроху. Планавала розныя праекты па дапамозе беларусам, якія пакуль што на паўзе, але ў будучыні, думаю, мы іх рэалізуем.

«НН»: То-бок валанцёрства і актывізм?

МБ: Так, я і дагэтуль у валанцёрстве, але цяпер ужо ў ваенных умовах.

«НН»: Дзе былі, калі пачалася вайна?

МБ: У Кіеве, куды і прыехала ў свой час з Беларусі. Была тут першыя два дні вайны, а потым, напэўна, трохі разгубілася, бо не была гатовая да гэтай сумнай падзеі. Паехала спачатку ў Львоў, а потым хацела з’ехаць у Польшчу, каб дапамагаць там бежанцам, але ж не ўдалося.

Пару тыдняў прабыла ў Львове, там разам з сябрамі мы адкрылі прытулак для людзей, якія трапілі пад абстрэлы ці бамбардзіроўкі і засталіся без жылля і рэчаў. Потым вярнулася ў Кіеў, апошнім часам тут больш-менш спакойна.

Шмат хто з беларусаў, якія засталіся ў Кіеве, цяпер дапамагаюць Украіне. Я, напрыклад, наведвала гарады, што былі пад акупацыяй, і дапамагала іх аднаўляць. Была ў Бучы, Ірпені, Барадзянцы, Гастомелі, Ворзелі і ў Макараве.

У далейшым буду глядзець па тых гарадах, якія цяпер пад акупацыяй: калі будзе трэба, паеду і туды.

«НН»: Чым дакладна там займаліся?

МБ: Прыбіралі горад, дапамагалі аднаўляць інфраструктуру. Працавалі выключна ў саміх гарадах і вельмі асцярожна, бо там шмат расцяжак і замініраваных тэрыторый. Сапёры, канечне, працавалі, але ж яны не могуць ахапіць адразу ўсю тэрыторыю.

«НН»: А навошта вам гэтая праца? Ніколі не прыходзіла думка, што гэта, маўляў, не мая вайна і што я прынясу больш карысці, калі буду працаваць на будучыню Беларусі?

МБ: Дакладна не. Я ўпэўненая, што павінна быць тут, бо з маёй краіны і маёй тэрыторыі ляцяць ракеты. І чаму я павінна некуды бегчы? Цяпер мы дапамагаем Украіне, але вельмі спадзяваюся, што потым мы здолеем дапамагчы і Беларусі.

Кожны дзень думаю пра сваю краіну, дапамагчы ёй стаць вольнай — гэта даўно мая галоўная мэта, і гэта мэта шмат каго з беларусаў, хто застаецца тут, ва Украіне.

Спадзяваюся, што мы ўсё-такі зробім апошні рывок і наша краіна стане вольнай, хаця наўрад ці гэта здарыцца вельмі хутка. На жаль, свой унёсак у гэтую справу я пачала прыносіць толькі з 2020 года, з 9 жніўня. Тады я зразумела, што ўсё гэта трэба было рабіць і раней.

«НН»: У якім з вызваленых гарадоў аказаліся спачатку?

МБ: У Ірпені. Паехалі туды расчышчаць горад і выканалі сваю задачу недзе за тыдзень. У Ірпені дамы яшчэ больш-менш у нармальным стане, а вось у Бучы кожны трэці дом ці згарэў, ці разрабаваны. Было шмат марадзёрства і выпадкаў, калі знешне ўсе дамы цэлыя, але ўнутры пустыя. На вуліцах стаяла спаленая тэхніка, але трупы, калі мы прыехалі, ужо прыбралі. У Бучы я бачыла, як туды-назад ездзілі машыны з грузам-200.

Я эмацыйна ўстойлівы чалавек, але нават мяне тое, што я бачыла, выбівае з каляіны, губляецца рэсурс. Потым спрабуеш настроіцца і патлумачыць сабе, што ўсё роўна трэба дзейнічаць. Едзеш і дапамагаеш, і гэта спрыяе таму, што ты застаешся на плыву.

Яшчэ спрабую займацца сітуацыяй з нашымі беларускімі пашпартамі, якія былі для ўкраінцаў нібыта чырвоныя анучы. Ты едзеш валанцёрыць, на блок-посце табе кажуць: «Прад’явіце дакументы!» Паказваеш свой пашпарт, а табе заяўляюць, што нікуды не пусцяць. Тады пачынаю ім расказваць: разумееце, я тут з кастрычніка, дапамагаю вашай краіне, мы ўжо шмат чаго зрабілі, мы вас вельмі паважаем і жадаем для вас перамогі.

З цягам часу да нашых пашпартоў сталі ставіцца лягчэй, але ўсё роўна вельмі непрыемна, калі цябе некуды не пускаюць праз тое, што ты беларус. Таму мы зрабілі афіцыйны запыт, каб [украінская] дзяржава паспрабавала неяк вырашыць пытанне з валанцёрствам беларусаў.

«НН»: Чым вы займаецеся цяпер?

МБ: Жыву ў Кіеве, працягваю валанцёрыць. Часам вырашаю арганізацыйныя пытанні, набываю людзям прадукты.

«НН»: Самы яркі момант з усіх вашых паездак па вызваленых гарадах — гэта…

МБ: Усе паездкі па-свойму запамінаюцца. Часам ты нешта робіш на тэрыторыі, а пазней даведваешся, што яна замініраваная. Калі была ў Ірпені, да мяне падыходзілі жанчыны, бабулі з сумнымі вачамі, расказвалі пра сябе. Нехта з іх застаўся без дома, у некага дом цэлы, але іх абрабавалі марадзёры, і цяпер яны не ведаюць, што рабіць.

Памятаю адміністрацыю Бучы, дзе рэгістраваліся ўсе людзі. Прыходзіш, а там дзяўчына сядзіць за камп’ютарам і запісвае ўсіх памерлых. Гляджу на гэты спіс — а ён проста велізарны, недзе шэсць лістоў А4. І гэта толькі Буча, а яна невялікая.

Глядзіш на дамы, а яны расстраляныя. Калі мы прыехалі, усё было больш-менш расчышчанае, а я ўяўляю, якім быў гэты горад адразу пасля вызвалення: заязджаеш — і паўсюль памерлыя.

Мяне асабліва кранаюць гісторыі пра тое, як паміраюць дзеці, жанчыны, і што з імі робіць «рускі свет». Вайна — гэта страшна, і вельмі не хацелася, каб нехта яе бачыў.

«НН»: Расчыстка вызваленага горада ад смецця — напэўна ж, фізічна цяжкая праца?

МБ: Гледзячы што ты робіш. Калі ты расчышчаеш вуліцы, гэта яшчэ паўбяды. Мы ездзілі ў раён, дзе праходзілі танкі і стралялі «Грады». Там дрэвы зрэзала, нібыта куляй, яны ўсе ўпалі, і іх трэба разбіраць, пілаваць. Ды і ў горадзе бывае шмат усяго — часам трэба і цэглу панасіць.

Не сказаць, каб было вельмі цяжка, але ўсё роўна гэта фізічная праца. Але для мяне гэта дробязь у параўнанні з тым, што адбываецца ў краіне.

«НН»: Ёсць яшчэ некалькі пытанняў, якія не магу не задаць вам як адной з першых беларускіх палітзняволеных пасля выбараў 2020-га. Колькі часу вы правялі ў зняволенні?

МБ: Каля двух месяцаў.

«НН»: Гэты вопыт усё яшчэ з вамі?

МБ: Канечне, думаю, ён заўсёды будзе са мной. Цяпер, калі я расказваю пра тыя падзеі ці згадваю іх, мне ўжо лягчэй, часам нешта магу і ўспомніць з усмешкай.

Але і дагэтуль для мяне гэта цяжка. Я ўдзельнічаю ў праекце «Лісты ў клетачку», усім сэрцам і ўсёй душой я там, з усімі палітвязнямі. Сачу за навінамі, і мне вельмі сумна, што рэпрэсіі не спыняюцца.

Нашых палітвязняў не адпускаюць, і ты не ведаеш, што з гэтым рабіць. Але заўсёды, калі я не ведаю, што рабіць, я для пачатку саджуся і пішу ліст [палітвязню], вельмі шмат іх напісала. У тым ліку і Максіму Паўлюшчыку, з якім разам мяне асудзілі, так разумею, што ён павінен ужо хутка выйсці.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«Мяне не здаў нават мясцовы святар маскоўскага патрыярхату». Капелан-беларус Яўген Орда расказаў, як перажыў расійскі палон

Каментары

Цяпер чытаюць

Мама Бажэны Ярэміч, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, купіла элітны катэдж коштам $837 тысяч24

Мама Бажэны Ярэміч, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, купіла элітны катэдж коштам $837 тысяч

Усе навіны →
Усе навіны

Каля мінскага парку Дружбы народаў зносяць савецкую дыспетчарскую станцыю ФОТЫ1

«XXI стагоддзе, дзірка ў падлозе». Беларуску абурыў стан прыбіральні на аўтавакзале аднаго з райцэнтраў20

Заснавальніка «Рыбаря» выдвараць з Чарнагорыі. А заехаў ён туды праз Германію, нягледзячы на санкцыі ЕС8

У Францыі знайшлі дзве раней скрадзеныя карціны Рэнуара2

Дэпутатка, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, выйшла замуж26

На Лагойшчыне ўжо другі раз за месяц пабачылі незвычайную лісу. Але не тую самую ВІДЭА

Ёгурт з гарбузом, гадзіннік-касета і шампунь з цыбуляй. Чым здзівілі беларускія брэнды ў кастрычніку6

У Гродне мужчына выкінуў з дзявятага паверха ёркшырскага тэр’ера, які бараніў гаспадыню5

У Беларусі ўпершыню выпусцілі «дыетычны» энергетык. У ім амаль няма кілакалорый1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мама Бажэны Ярэміч, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, купіла элітны катэдж коштам $837 тысяч24

Мама Бажэны Ярэміч, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, купіла элітны катэдж коштам $837 тысяч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць