Учора стала вядома, што указам Лукашэнкі памілаваныя 13 чалавек. «Наша Ніва» паспрабавала даведацца, хто сярод іх і калі могуць выпусціць астатніх.
Сярод памілаваных — асуджаныя па наступных артыкулах:
- 342 — арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх,
 - 369 — абраза прадстаўніка ўлады,
 - 339 — хуліганства,
 - 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці,
 - 188 — паклёп у публічным выступе, СМІ ці інтэрнэце,
 - 391 — абраза суддзі.
 
У эфіры БТ агучылі, што ў спісе, які падавалі на памілаванне, частка была асуджана за карупцыю, незаконнае абарачэнне наркотыкаў ці зброі.
«У гэтым спісе 6 ці 7 прадстаўнікоў банкаўскай супольнасці, якія праходзяць па справе Белгазпрамбанка, і адзін дырэктар філармоніі. Канечне, яны ўсе сядзяць па карупцыйных артыкулах. Наконт наркатычных — нашай камісіі не было вядома, што хтосьці прыцягваўся па іх.
94 з гэтай сотні ўпершыню прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці, магчыма, з астатніх хтосьці сапраўды раней быў асуджаны па наркатычным артыкуле. Магчыма, у іх пры вобшуку штосьці знайшлі», — тлумачыць Юрый Васкрасенскі. Ён кажа, што ў спісах на памілаванне толькі палітычныя.
Чакалася, што першыя 100 чалавек апынуцца на волі ўжо да 17 верасня. Пакуль з іх памілавалі толькі 13. Калі выпусцяць астатніх?
«Камісія па памілаванні пры прэзідэнце працягвае працаваць над нашымі спісамі. Яна засядае раз на квартал, таму думаю, што ў наступным квартале грамадства атрымае яшчэ порцыю добрых навін.
Некаторыя абвінавачаныя па эканамічных артыкулах могуць выйсці ў рамках дасудовай згоды па артыкуле 88-1 КК. Але асноўная маса грамадзян, чые прысуды ўступілі ў сілу, могуць быць адпушчаны толькі ў парадку працэдуры памілавання», — кажа Васкрасенскі.
У тэлеэфіры прагучала таксама, што на памілаванне могуць разлічваць толькі ўжо асуджаныя палітвязні. Які тады сэнс рассылаць лісты з прапановай пісаць прашэнне ў СІЗА?
«Наша камісія прапанавала такі варыянт: у сувязі з тым, што суддзя ведае, што чалавек раскаяўся і напісаў прашэнне аб памілаванні, ён можа або вынесці прысуд з мінімальна магчымай санкцыяй, прадугледжанай тым ці іншым артыкулам, або вынесці яго з адтэрміноўкай да разгляду прашэння», — дзеліцца Васкрасенскі.
Пакуль такіх выпадкаў не было.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», памілаваным сёння да 14-й гадзіны будзе зачытаны ўказ Лукашэнкі, і яны выйдуць на волю. З тых 13 на хімію пераводзяць пару чалавек.
Дапоўнена. Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомы імёны памілаваных.
Спіс памілаваных:
- Віктар Каліноўскі — 2,5 года «хіміі» (арт. 339 КК, злоснае хуліганства), пакаранне заменена на «хатнюю хімію»
 - Валерый Лоза — 2,5 года «хіміі» (арт. 369 КК, абраза прадстаўніка ўлады)
 - Максім Шаўлінскі — 2 гады «хіміі» (арт. 188, паклёп)
 - Ігар Быкоўскіх — 1,5 года «хіміі» (арт. 369 КК, абраза прадстаўніка ўлады)
 - Яўген Каральчук — 1 год «хіміі» (арт. 370 КК, здзек з дзяржсімвалаў)
 - Сяргей Рудзінскі — 1,5 года «хіміі» (арт. 369 КК, абраза прадстаўніка ўлады)
 - Яўген Пашалюк — 2 гады «хіміі» (арт. 391 КК, абраза суддзі)
 - Вадзім Сычык — 1 год «хіміі» (арт. 339 КК, хуліганства), пакаранне заменена на «хатнюю хімію»
 - Аляксандр Баброў — 2,5 года калоніі агульнага рэжыму (арт. 342 КК, арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак)
 - Юлія Кашаверава — 1,5 года калоніі (арт. 339 КК, злоснае хуліганства)
 - Аляксей Коршун — 2,5 года калоніі (арт. 130 КК, распальванне сацыяльнай варожасці)
 - Яўген Говар — 2,5 года калоніі (арт. 342 КК, арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак)
 - Яўген Рапін — 3 гады «хіміі» (арт. 342 КК, арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак)
 
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
        
Каментары