Усяго патроху

Тры месяцы працы: спявачка Кацярына Ваданосава пашыла беларускі народны строй ФОТЫ

Спявачка Кацярына Ваданосава пашыла беларускі народны строй. Традыцыі спалучыла з аўтарскім бачаннем касцюма. Андарак, кашуля, гарсэт, фартух, намітка, пояс, каралі — усё гэта Кацярына зрабіла ўласнаручна.

«Мае бабулі і прабабулі добра шылі, некаторыя рэчы, створаныя імі, у мяне захаваліся, — распавядае яна. — Але ніхто з іх мяне не паспеў навучыць, яны даволі рана памерлі. Мне «пашанцавала»: я была хваравітым дзіцем, і калі ўсе мае аднакласнікі хадзілі ў школу, я сядзела дома. У мяне быў небагаты выбар, чым займацца, — рукадзельнічаць ці кніжкі чытаць. Я чаргавала гэтыя два віды дзейнасці. 

Калі мне трэба зрабіць гістарычную рэканструкцыю, я падымаю літаратуру. Я ведаю, якімі швочкамі рабіць строй ХІІІ стагоддзя, а якімі — XVI стагоддзя».

Новы строй — гэта эклектыка традыцый некалькіх рэгіёнаў. Кашуля — Гомельшчына, клятчастая спадніца — Гродзеншчына, гарсэт з вытачкамі — мода Заходняй Беларусі.

«Найбольшым натхненнем у гэтым строі для мяне паслужыла вышыўка белым па белым. Яна характэрна для маленькага рэгіёна — вёскі Неглюбкі. Часта такія бялявыя кашулі рабіліся або на вяселле, або на пахаванне. Мне хацелася пашыць нешта лёгкае, урачыстае, светлае.

Гэта маё аўтарскае бачанне беларускага народнага строя. І для мяне яшчэ важна было зрабіць так, каб кожны элемент быў прыдатны ў штодзённым жыцці. Можна надзець, напрыклад, кашулю і зверху сучасны сарафан».

На пашыў строя ў Кацярыны пайшло каля трох месяцаў. Практычна ўсё — ручная праца. 

«Я карыстаюся машынкай пачатку ХХ стагоддзя, дзе трэба круціць кола рукой. І ёсць «Зінгер», які падчас вайны закопвалі ў зямлю, каб немцам не дасталася. Працэс пашыву на гэтых машынках таксама не вельмі адрозніваецца ад ручнога», — дадае спявачка.

Фартушок з тонкага льну яна аздобіла самаробнымі карункамі і мярэжкай (ажурная вышыўка, калі з палатна выцягваюць частку нітак, а астатнія перавіваюць). Гарсэт з воўны стварала так, як яе бабуля: кожную частку ставіла на падкладку асобна, а пасля сшывала дэталі паміж сабой. На андараку зрабіла 9 шэрагаў маршчэння па таліі, дзе даўжыня кожнага шыўка — два міліметры. Такімі шыўкамі трэба было прайсці палатно шырынёй тры метры, каб пасля сцягнуць да патрэбнага памеру.

«Самае складанае для мяне, напэўна, ткацтва. Гэта цяжка з пункту гледжання арганізацыі працы. Спачатку трэба матаць ніткі, пасля выганяць з пакоя дзяцей і ката, каб ніхто не замінаў, — усміхаецца Кацярына. — Бо абматаныя стаяць крэслы, каб пасля ніткі можна было рассартаваць, заправіць у дошчачкі. Гэта аднастайная, марудная і механічная праца.

Я не вельмі люблю вязаць. А паколькі на фартуху ёсць карункі, вязаныя шыдэлкам з тонкіх катушачных нітак, на іх у мяне сышло шмат часу. Калі на вышыўку ў мяне рука ўжо настолькі набіта, што хоць навобмацак магу, хоць у машыне падчас руху, то тут трэба было ўглядацца, а паколькі зрок у мяне дрэнны, вочы вельмі стамляліся».

Усяго ў спявачкі два самаробныя беларускія жаночыя строі. Кацярына таксама шыла ўборы для дзяцей і мужа.

У цяперашні складаны час шытво для яе стала аддушынай.

«Ратуе надзея на тое, што дзеяннямі сваімі я хаця б крышку спрыяю распаўсюду беларускай культуры. Бо вельмі цяжка разумець, што мала што магу зрабіць зараз, акрамя шытва ды навучання дзяцей у школе».

Каментары

Цяпер чытаюць

«Запускайце далей салюты, а я выклічу міліцыю». Беларусы спрачаюцца пра забарону на феерверкі2

«Запускайце далей салюты, а я выклічу міліцыю». Беларусы спрачаюцца пра забарону на феерверкі

Усе навіны →
Усе навіны

Ці можна пакараць суседзяў за шумнае застолле ў навагоднюю ноч?3

Лукашэнка з Пуціным паразмаўлялі па тэлефоне5

Сёлета ў конкурсе на найлепшую паштовую марку года ўпершыню за 4 гады перамаглі не сілавікі

У Бабруйску сталі выпускаць зефір са смакам рому

Амерыканская спявачка Беёнсэ ўвайшла ў клуб мільярдэраў1

З Новым годам! За «іх там» — за тых, хто не з намі!8

Падчас сустрэчы з Зяленскім Трамп арганізаваў сеанс сувязі з былой «Міс Украіна». Гэта растапіла лёд5

Павел Севярынец: Мая мара, каб Пазняк, Ціханоўская, Калеснікава, Латушка разам працавалі на Беларусь50

У Гомелі пара зарэгістравала свой шлюб у касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Запускайце далей салюты, а я выклічу міліцыю». Беларусы спрачаюцца пра забарону на феерверкі2

«Запускайце далей салюты, а я выклічу міліцыю». Беларусы спрачаюцца пра забарону на феерверкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць