Навука і тэхналогіі1111

Праклён Тутанхамона: 95 год мінула ад загадкавых падзеяў у Егіпце — шмат ФОТА

95 гадоў таму адбылося найвялікшае археалагічнае адкрыццё ў гісторыі: 16 лютага 1923 года брытанскі даследчык Говард Картэр ускрыў пахавальню Тутанхамона і знайшоў залатую маску фараона. У наступныя некалькі гадоў 13 чалавек, так ці інакш звязаных з экспедыцыяй, пры розных абставінах пайшлі з жыцця, што дала волю містычным чуткам.

Археолаг Картэр і яго спонсар, гарачы аматар даўніны Джордж Герберт, ён жа граф Карнарвон, супрацоўнічалі з 1907 года.

Пахавальня Тутанхамона была знойдзеная ў Даліне цароў. Скалістая мясцовасць на заходнім беразе Ніла непадалёк ад сталіцы Старажытнага Егіпта горада Фівы (цяпер Луксар) у XVI-XI стагоддзях да нашай эры стала месцам спачыну 63 кіраўнікоў, ад Тутмаса I да Рамзэса X.

Апошняя значная знаходка — пахавальня з пяццю добра захаванымі муміямі — была зробленая ў Даліне цароў ў 2006 годзе. Пры гэтым 100 гадоў таму панавала меркаванне, што гэтая мясцовасць ужо добра вывучаная, і Картэр з Карнарвонам дарэмна губляюць час.

3 лістапада 1922 года ўдзельнікі экспедыцыі выявілі пад трухлявай халупай прыступкі, якія вялі ўніз, расчысцілі іх і ўбачылі замураваныя дзверы. Картэр тэлеграфаваў у Лондан Карнарвону. 25 лістапада той прыехаў з дачкой, ледзі Эвелін. 

Лорд Карнарвон (справа), Говард Картэр і дачка лорда Карнарвона ледзі Эвелін ля ўваходу ў грабніцу Тутанхамона

За дзвярыма даследчыкі ўбачылі дзве падземныя камеры, поўныя каштоўных упрыгожванняў і прадметаў побыту. Там былі залаты трон, калясьніца, вазы, куфэркі, свяцільні, пісьмовыя прыналежнасці. 

Статуя бога Анубіса на пахавальных насілках

Каштоўнасцяў аказалася столькі, што Картэр тэрмінова адбыў у Каір для перамоваў з уладамі Егіпта.

27 снежня раскопкі аднавіліся. Археолагі не спяшаючыся разбіралі, апісвалі і ўздымалі на паверхню сотні прадметаў. Нарэшце быў знойдзены ўваход у яшчэ два пакоі. Адзін з іх амаль цалкам займаў драўляны футарал даўжынёй 5,11, шырынёй 3,35 і вышынёй 2,74 метра, аздоблены сіняй мазаікай і залатымі пласцінамі. Унутры адзін у адным знаходзіліся яшчэ тры футаралы, і, нарэшце, саркафаг з жоўтага кварцыту вагой больш за тону.

Картэр вывучае саркафаг Тутанхамона

Адкрыўшы яго, археолагі ўбачылі пазалочаны рэльефны партрэт нябожчыка ў поўны рост, які з'яўляўся крышкай труны. Паднялі яе — і свету явілася мумія з тварам, пакрытым вялізнай залатой маскай.

Усяго ў грабніцы знайшлі каля 3,5 тысяч прадметаў. Агульная вага залатых вырабаў склала 110,4 кг, вага маскі — амаль 11 кг. Цяпер яна знаходзіцца ў каірскім Нацыянальным музеі, а яе выява ўпрыгожвае рэверс манеты вартасцю 1 егіпецкі фунт.

Тутанхамон, які валадарыў у 1332-1323 гадах да нашай эры, прыкладна за дзвесце гадоў да Траянскае вайны і амаль за 600 гадоў да заснавання Рыма, уступіў на прастол у 10 гадоў і памёр у 19. Увесь гэты час замест яго кіравалі іншыя, і сёння яго імя вядома выключна дзякуючы багатай на каштоўнасці і загадкавыя падзеі пахавальні.

Бацька Тутанхамона Аменхатэп IV быў куды больш выбітнай асобай. Ён кіраваў жорстка, а ў 1349 годзе да нашай эры скасаваў ранейшы пантэон багоў на чале з Амонам-Ра і загадаў падданым з гэтага часу маліцца адзінаму богу Атон, увасобленаму ў сонечным дыску. Сябе ён абвясціў сынам Атона і ўзяў сабе імя Эхнатон, гэта значыць «заўгодны Атону».

Пры непаўналетнім і слабым сыне жрацы аднавілі больш зручны для іх ранейшы культ. Спадчыннік атрымаў пры нараджэнні імя Тутанхатон («зямное ўвасабленне Атона»), і стаў Тутанхамонам у 14 гадоў па волі атачэння.

Праз паўтара месяца пасля адкрыцця грабніцы, 5 траўня 1923 года, лорд Карнарвон памёр ва ўзросце 56 гадоў. 

1923 год. Лорд Карнарвон, які фінансаваў раскопкі, чытае на верандзе дома Картэра каля Даліны цароў

На працягу наступных 10 гадоў пайшлі з жыцця яшчэ 12 удзельнікаў экспедыцыі.

Сэр Артур Конан-Дойль, якi раней прыдумаў жудаснае апавяданне «№ 249» аб егіпецкай муміі, якая ажыла, выказаў здагадку, што старажытныя егіпцяне атруцілі паветра пахавальні невядомай сучаснай навуцы атрутай або вірусамі.

Версію аб містычным праклёне асабліва актыўна распаўсюджвала брытанская газета Daily Mail, карэспандэнтам якой здалося падазроным, што ў дзень смерці лорда Карнарвона ў Каіры на некаторы час адключылася электрычнасць і што адначасова з ім памёр яго любімы сабака. Праўда, той знаходзіўся ў родавым замку ў Англіі і ў склепе Тутанхамона ніколі не бываў.

Італьянскі дыктатар Беніта Мусаліні пасля смерці Карнарвона на ўсялякі выпадак загадаў прыбраць са сваёй рэзідэнцыі мумію, якая захоўвалася там.

Асабліва хваляваў розумы надпіс на сцяне пакоя, дзе знаходзіўся саркафаг Тутанхамона: «Смерць хутка дагоніць таго, хто адважыцца парушыць спакой мёртвага кіраўніка».

Але напісаць жрацы маглі што заўгодна, а факты, хутчэй, паказваюць на матэрыялістычнае тлумачэнне смерцяў.

Лорд Карнарвон даўно пакутаваў ад цяжкай формы астмы. Траім «ахвярам праклёна» на момант смерці было больш за 70. Яшчэ чацвёра загінулі гвалтоўнай смерцю альбо пакончылі з сабой, адзін памёр ад заражэння крыві пасля стаматалагічнай аперацыі.

Галоўны ж парушальнік спакою фараона Говард Картэр пражыў пасля свайго адкрыцця 16 гадоў, а дачка лорда Карнарвона ледзі Эвелін, якая ўвайшла ў пахавальню адной з першых, — 57 гадоў.

З іншымі археолагамі — а ў Егіпце за дзвесце гадоў раскопак былі знойдзены каля 800 мумій — і з дзесяткамі тысяч турыстаў, якія спускаліся ў пахавальню Тутанхамона, таксама благога не здарылася.

Каментары11

Літовец Віталіюс Моцкус заняў пасаду Стрыжака ў «Байсоле». Хто гэта такі?34

Літовец Віталіюс Моцкус заняў пасаду Стрыжака ў «Байсоле». Хто гэта такі?

Усе навіны →
Усе навіны

У Грузіі апазіцыя спрабавала штурмаваць прэзідэнцкі палац10

У Беларусі сцвярджаюць, што п'яны дальнабойшчык з Малдовы праходзіў беларускую мяжу цвярозым2

«Мяне часам заносіць у ідэях». Мінчукі купілі ўчастак на беразе Вячы і пабудавалі дом сваёй мары5

Гісторык з ЗША выдаў серыю кніг пра барацьбу Гітлера супраць партызан у Беларусі28

Беларускія памежнікі прапусцілі ў Літву моцна п'янага дальнабойшчыка2

Новую хуткасную чыгунку ў мінскі аэрапорт пачнуць будаваць ужо сёлета2

У Беларусі з'явіліся чыпсы са смакам КНДР2

Цемнаскуры студэнт у Мінску паскардзіўся Лукашэнку на дарагую кока-колу. Ужо выбачаўся, але міліцыя ім зацікавілася17

Што пагражае магілёўскаму маньяку-ліфцёру? Юрыдычны казус, але максімум за восем трупаў — 15 гадоў калоніі13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Літовец Віталіюс Моцкус заняў пасаду Стрыжака ў «Байсоле». Хто гэта такі?34

Літовец Віталіюс Моцкус заняў пасаду Стрыжака ў «Байсоле». Хто гэта такі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць