Законапраект пра маштабныя санкцыі супраць Расіі нарэшце вынесуць на галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў ЗША. Але яго могуць заблакаваць дэмакраты
Палата прадстаўнікоў ЗША рыхтуецца разгледзець маштабны законапраект аб санкцыях супраць Расіі, які Сенат пераважнай большасцю падтрымаў у жніўні. У ніжняй палаце Кангрэса ЗША дакумент, аднак, можа сутыкнуцца з сур'ёзнымі перашкодамі, піша Politico.

Асноўныя перасцярогі кангрэсменаў-дэмакратаў звязаныя з тым, што гэты законапраект можа даць прэзідэнту ЗША Дональду Трампу занадта шырокія паўнамоцтвы ў сферы мытнай палітыкі. Лідар дэмакратычнай меншасці ў Палаце прадстаўнікоў Хакім Джэфрыс выступіў супраць дакумента менавіта з-за гэтых перасцярог.
Раней рэспубліканскае кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў не ўключала законапраект у парадак дня пасля вяртання кангрэсменаў са жнівеньскіх канікул. Цяпер жа Камітэт Палаты прадстаўнікоў па працэдурных пытаннях прызначыў на панядзелак пасяджэнне, прысвечанае яго разгляду.
Падтрымка законапраекта сярод рэспубліканцаў Палаты прадстаўнікоў таксама заставалася не вельмі актыўнай. Пасля раптоўнай смерці аднаго з галоўных прыхільнікаў дакумента, сенатара Ліндсі Грэма, падтрымка на пэўны час узмацнілася, але пазней гэты імпульс аслабеў.
Прыхільнікі законапраекта лічаць, што ён дасць Трампу дадатковыя інструменты для ціску на прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, каб прымусіць яго спыніць вайну супраць Украіны.
Дакумент прадугледжвае абавязковыя санкцыі супраць расійскага кіраўніцтва і энергетычнага сектара, а таксама супраць асоб і кампаній, якія супрацоўнічаюць з расійскай абароннай прамысловасцю і так званым ценявым флотам.
Адначасова законапраект дазволіць Трампу ўводзіць 100‑працэнтныя мыты супраць найбуйнейшых пакупнікоў расійскай нафты. Менавіта гэта выклікае найбольшыя асцярогі дэмакратаў. Яны адзначаюць, што адміністрацыя Трампа і так гатовая выкарыстоўваць мыты як супраць праціўнікаў ЗША, так і супраць іх саюзнікаў.
Дэмакраты заявілі, што прэзідэнт і без новага законопраекта мае дастаткова паўнамоцтваў для санкцый супраць кампаній, фізічных асоб і суднаў, якія падтрымліваюць расійскую вайсковую машыну. На іх думку, Кангрэсу не трэба даваць прэзідэнту дадатковыя паўнамоцтвы ў сферы мытаў, каб санкцыі супраць Расіі маглі быць уведзеныя ўжо цяпер.
Адзін з дэмакратаў, Грэгары Мікс, заявіў у пятніцу, што Белы дом цісне на спікера Палаты прадстаўнікоў Майка Джонсана для прыняцця дакумента, паколькі Трамп нібыта зацікаўлены перш за ўсё ў атрыманні новых мытных паўнамоцтваў, а не ў дадатковых інструментах супраць Расіі.
Пасля паведамлення пра будучае галасаванне прыхільнікі законапраекта заклікалі Палату прадстаўнікоў яго падтрымаць. Сенатарка-дэмакратка Джын Шахін заявіла, што прыняцце дакумента дазволіць нанесці ўдар па даходах Крамля і ўзмацніць ціск на Пуціна, каб ён сеў за стол перамоў.
У жніўні Сенат ЗША падтрымаў законопраект 86‑цю галасамі супраць 11-ці.
Адзін з еўрапейскіх чыноўнікаў, які гаварыў з Politico на ўмовах ананімнасці, заявіў, што на Расію неабходна максімальна ціснуць санкцыямі. На яго думку, законапраект не ідэальны, але ён можа даць амерыканскай адміністрацыі дадатковыя вагары ціску на Расію і стане важным палітычным і сімвалічным сігналам падтрымкі Украіны.
Сенат ЗША прыйшоў да згоды адносна «пякельных санкцый» супраць Расіі і Ірана
Трамп расказаў, ці будзе падпісваць законапраект супраць Расіі, прыняцця якога дабіваўся Ліндсі Грэм
Названа прычына смерці амерыканскага сенатара Ліндсі Грэма
Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі
Амерыканскія сенатары ўзгаднілі законапраект аб «пякельных санкцыях» супраць Расіі з Белым домам
Каментары