ЗША зноў ударылі па Іране. Тэгеран атакаваў амерыканскія базы ў Іраку і Іарданіі
ЗША нанеслі новую серыю ўдараў па поўдні Ірана. Іранскі Чырвоны Паўмесяц сцвярджае, што ў выніку аднаго з удараў загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку дзіця. Тэгеран у адказ заявіў пра запуск ракет і беспілотнікаў па амерыканскіх вайсковых базах у рэгіёне. Дональд Трамп прыгразіў яшчэ больш магутнымі ўдарамі ў выпадку далейшых атак.

Амерыканскае Цэнтральнае камандаванне паведаміла, што новыя ўдары сталі адказам на спробы Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі атакаваць гандлёвыя судны ў Армузскім праліве і амерыканскіх вайскоўцаў у рэгіёне.
Паводле іранскага Чырвонага Паўмесяца, аскепкі амерыканскай ракеты трапілі ў жылы дом у горадзе Сірык на поўдні краіны. У гэты час там святкавалі вяселле. Загінулі чатыры чалавекі, сярод іх дзіця.
Дональд Трамп напісаў у Truth Social, што амерыканскія ўдары сталі адказам на спробы Ірана ўсталяваць новыя міны ў Армузскім праліве і запусціць восем ракет па базе ЗША ў Іарданіі. Паводле кіраўніка ЗША, абедзве іранскія аперацыі скончыліся няўдачай.
Трамп папярэдзіў, што ў выпадку новага адказу Тэгерана ЗША нанясуць па Іране чарговыя ўдары — «значна мацнейшыя і на больш высокім узроўні».
Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі заявіў, што Вашынгтон пашкадуе пра атаку. Іранскія СМІ паведамілі, што краіна ўжо пачала запускаць ракеты і беспілотнікі па амерыканскіх базах у Іраку і Іарданіі.
Гэта ўжо другі абмен ударамі паміж краінамі за некалькі дзён.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары