Беларусу Міраславу Лазоўскаму пасмяротна прысвоілі званне ганаровага грамадзяніна Роўна
13 жніўня дэпутаты Ровенскай гарадской рады пасмяротна надалі званне «Ганаровы грамадзянін Роўна» 201 абаронцу Украіны. Сярод іх — беларус Міраслаў Лазоўскі. У спісе ганаровых грамадзян горада ён цяпер значыцца пад нумарам 655, піша «Радыё Свабода».

У спісе ганаровых грамадзян Роўна адзначаецца, што Міраслаў Лазоўскі нібыта быў грамадзянінам Украіны:
«Лазоўскі Міраслаў Уладзіміравіч — грамадзянін Украіны, які загінуў (памёр), абараняючы незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў расійска-украінскай вайне, браў непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні мерапрыемстваў па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі і абароны, даванні адпору і стрымліванні збройнай агрэсіі супраць Украіны».
Яшчэ ў студзені 2024 года Ровенская гарадская рада вырашыла назваць імем Міраслава Лазоўскага адну з новых вуліц на ўскраіне горада.
Міраслаў Лазоўскі, вядомы пад пазыўным «Мыш», нарадзіўся ў Мінску 10 ліпеня 1973 года. Скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. У 1995 годзе ўступіў у Беларускае згуртаванне вайскоўцаў. У тым жа годзе ён стаў адным з заснавальнікаў спартова-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён», якая дзейнічала ў Беларусі да пачатку 2000‑х гадоў і займалася выхаваннем і навучаннем моладзі. Быў папулярызатарам беларускай культуры, супрацоўнічаў з выдавецтвам, браў удзел у кніжных кірмашах.
Пасля пачатку масавых рэпрэсій у Беларусі напрыканцы лета 2021‑га Міраслаў пераехаў ва Украіну. Загінуў ён 16 мая 2023 года пры абароне Бахмута ад расійскіх захопнікаў.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары