Іран і Аман працягваюць перамовы аб будучай сістэме кіравання Армузскім пралівам — адным з найважнейшых марскіх шляхоў у свеце. Як паведамляе тэлеканал Al Jazeera, Тэгеран адхіліў прапанову Маската аб роўным размеркаванні кантролю над пралівам і прапанаваў уласны варыянт.

Па словах намесніка міністра замежных спраў Ірана Казема Гарыбабадзі, Аман прапанаваў стварыць сумесны рэгіянальны механізм, паводле якога абедзве краіны атрымалі б па 50 працэнтаў кантролю. План прадугледжваў, што судны будуць заходзіць у праліў праз тэрытарыяльныя воды Ірана, а выходзіць праз воды Амана. Кожная дзяржава кантралявала б суднаходства на сваёй палове праліва.
Акрамя таго, афіцыйны Маскат прапанаваў увесці добраахвотныя ўзносы для суднаў, якія праходзяць праз праліў. Гэтыя сродкі планавалася выкарыстоўваць для падтрымання бяспекі суднаходства, аховы навакольнага асяроддзя і правядзення выратавальных аперацый. Такая схема нагадвае механізм, які дзейнічае ў Малакскім праліве.
Іран, аднак, заявіў, што такі падыход не ўлічвае яго інтарэсаў нацыянальнай бяспекі. У адказ Тэгеран прапанаваў, каб адзін з галоўных суднаходных маршрутаў цалкам праходзіў праз іранскія тэрытарыяльныя воды, а другі таксама часткова знаходзіўся пад іранскім кантролем. Паводле ўладаў краіны, гэта дазволіць больш эфектыўна кантраляваць рух суднаў.
Іранскі бок таксама папярэдзіў, што праліў застанецца закрытым, калі Аман не прыме новую прапанову. Акрамя таго, Тэгеран даў зразумець, што вяртання да ранейшага рэжыму бясплатнага праходу больш не будзе.
Паводле інфармацыі Al Jazeera, цяпер Аман разглядае яшчэ адзін кампрамісны варыянт. Ён прадугледжвае стварэнне трох асобных маршрутаў для суднаў: адзін будзе праходзіць праз тэрытарыяльныя воды Ірана, другі — па міжнароднай суднаходнай паласе, а трэці — праз тэрытарыяльныя воды Амана. Крыніцы тэлеканала адзначаюць, што Іран дэманструе пэўную гатоўнасць да кампрамісу, аднак яго канчатковая пазіцыя пакуль невядомая.
Прадметам спрэчак таксама застаюцца напрамкі руху суднаў, пытанні размініравання праліва і памер плацяжоў за яго выкарыстанне. Паводле ацэнак экспертаў, прапанаваная Іранам плата можа дасягаць аднаго мільёна даляраў з кожнага судна, што значна перавышае сістэму добраахвотных узносаў, якая дзейнічае ў Малакскім праліве.
Армузскі праліў застаецца цэнтрам напружанасці пасля ўзброенага канфлікту паміж Іранам і ЗША. Да пачатку баявых дзеянняў праз яго праходзіла каля пятай часткі сусветных паставак нафты і звадкаванага прыроднага газу. Пасля закрыцця праліва Іранам узніклі сур'ёзныя праблемы з глабальнымі пастаўкамі энергарэсурсаў.
Падпісаны ў сярэдзіне чэрвеня мемарандум паміж Іранам і ЗША прадугледжваў аднаўленне суднаходства без спагнання платы як мінімум на 60 дзён. Аднак рознае тлумачэнне ўмоў гэтага дакумента выклікала новыя спрэчкі адносна таго, хто павінен ажыццяўляць канчатковы кантроль над пралівам і па якіх маршрутах павінны рухацца судны. Гэта прывяло да новага абвастрэння сітуацыі, хоць пазней баявыя дзеянні былі спынены. Дыпламатычныя перамовы наконт будучыні Армузскага праліва працягваюцца.
У камандаванні ЗША лічаць, што ўдары ў раёне Армуза вычарпалі эфектыўнасць — Axios
Другая пятля на шыі сусветнага гандлю. Хусіты пагражаюць закрыць Чырвонае мора
Трамп перадумаў збіраць плату за праход суднаў праз Армузскі праліў
Трамп: ЗША возьмуць Армузскі заліў пад кантроль і забяспечаць яго ахову. Але не задарма
Вываз нафты з Персідскага заліва амаль спыніўся
Каментары
Каму цікава больш падрабязна, можаце пачытаць Regulations for the Straits of Malacca and Singapore (SOMS). Гэта ўсё, што трэба ведаць, нічога нападоб Амана-Іранскіх хацелак там няма.