Расіянка Ірына на Land Cruiser пабілася з аршанскімі даішнікамі і палохала іх мужам-пракурорам
Жанчына абяцала, што ў іх «будуць праблемы» і яны «больш не будуць працаваць». Але з праблемамі ўсё ж сутыкнулася сама.

Чэхаўскі гарадскі суд Маскоўскай вобласці прызнаў расіянку Ірыну Смуневу вінаватай у гвалце над беларускім міліцыянтам. Жанчына, якая пад Оршай не прапусціла пешахода, а потым тройчы ўдарыла інспектара ДАІ, атрымала штраф сумай прыкладна $440.
Здарэнне адбылося на трасе М8/Е95 каля вёскі Андрэеўшчына пад Оршай. Паводле прысуду, белы Toyota Land Cruiser з расійскімі нумарамі не прапусціў пешахода на нерэгуляваным пераходзе. Калі чалавек выйшаў з-за мікрааўтобуса, які спыніўся яго прапусціць, кіроўца ўседарожніка рэзка выкруціла руль і аб'ехала чалавека, ледзь не збіўшы. Экіпаж аршанскай ДАІ, які ехаў следам, спыніў машыну.
За рулём была Ірына Смунева, грамадзянка Расіі. Выходзіць з машыны і ісці ў службовую «Шкоду» для афармлення пратакола яна катэгарычна адмовілася, заявіла, што нічога не парушала. Расіянка папярэдзіла беларускіх інспектараў, што яе муж працуе ў пракуратуры, таму ў іх «будуць праблемы» і яны «больш не будуць працаваць». Жанчына запатрабавала паказаць, дзе напісана, што яна абавязаная перасесці ў службовы аўтамабіль, — інспектар прынёс ёй ПІКаАП і даў пачытаць. Не дапамагло.
Калі старшы інспектар адчыніў дзверы і паспрабаваў вывесці кіроўцу з салона, тая, як зафіксавалі відэарэгістратары, тройчы наводмаш ударыла яго левай рукой — цэліла ў твар, але міліцыянт ухіліўся, і ўдары прыйшліся па форменным адзенні. Наручнікі на яе спрабавалі надзець, але яны не зашчоўкнуліся. У выніку жанчыну ўсё ж даставілі ў аршанскі аддзел, дзе аформілі пратаколы — за непадпарадкаванне і абразу міліцыянтаў. Алкатэст паказаў, што яна была цвярозая.
А пасля надышоў час і крымінальнай справы. Чаму ж яе судзілі не ў Беларусі? Смунева — грамадзянка Расіі, а Расія сваіх грамадзян не выдае. Таму беларускі бок перадаў крымінальны пераслед расійскім органам паводле механізмаў прававой дапамогі паміж краінамі. Справу расследаваў расійскі Следчы камітэт, а разглядаў суд у падмаскоўным Чэхаве. Паказанні аршанскіх даішнікаў, дадзеныя следству, у судзе проста агучылі.
Абышлося без пасадкі: Смунева цалкам прызнала віну і раскаялася, суд улічыў догляд маці-пенсіянеркі і станоўчыя характарыстыкі — і абмежаваўся штрафам прыкладна $440. Ці насамрэч працуе яе муж у пракуратуры, невядома.
Каментары
Я як Расее яе выдаць, калі яна затрыманая ў Беларусі? Проста расейскім халопам не дазваляецца судзіць паночкаў.