Пакуль адна былая савецкая рэспубліка ператварае спадчыну бруталізму ў сусветна вядомы турыстычны брэнд, іншая працягвае ўпарта не заўважаць і знішчаць яе.

На 48‑й сесіі Камітэта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў паўднёвакарэйскім Пусане было прынятае гістарычнае рашэнне: адразу дзесяць мадэрнісцкіх будынкаў Ташкента трапілі ў прэстыжны міжнародны спіс.
Рашэнне ЮНЕСКА легітымізуе цэлую архітэктурную эпоху, да якой на постсавецкай прасторы дагэтуль ставяцца неадназначна, калі не сказаць грэбліва.
Трыумф Ташкента вырас з трагедыі. У красавіку 1966 года магутны землятрус зраўняў цэнтр горада з зямлёй. Саюзныя ўлады вырашылі не проста аднавіць разбуранае, а збудаваць на месцы глінабітных кварталаў дэманстрацыйную вітрыну сацыялізму на Усходзе. Дзеля гэтага сюды кінулі архітэктурныя кадры з усёй савецкай імперыі. У аднаўленні ўдзельнічалі і беларускія спецыялісты: супрацоўнікі інстытута «Белдзяржпраект» распрацавалі эскізнае рашэнне і праекты забудовы для некалькіх мікрараёнаў у найбуйнейшым жылым масіве Ташкента — Чыланзар.
Так нарадзіўся ўнікальны феномен — ташкенцкі сейсмічны мадэрнізм. Універсальны еўрапейскі функцыяналізм тут сутыкнуўся з гарачым азіяцкім кліматам і мясцовай ментальнасцю, спарадзіўшы гібрыдную архітэктуру, якая сёння ўспрымаецца заходнімі даследчыкамі як асобная з'ява сусветнага мастацтва.


Кропкай перасячэння глабальнага і лакальнага сталі рашэнні, прадыктаваныя самім прыродным асяроддзем. Брутальны жалезабетон пераўтвараўся ў гіганцкія панджары — традыцыйныя ўсходнія сонцазасцерагальныя рашоткі, якія ратавалі інтэр'еры ад невыноснай спякоты і надавалі фасадам непаўторную фактуру. Яркім прыкладам такога сінтэзу з'яўляецца гасцініца «Узбекістан», чый выгнуты манументальны аб'ём цалкам пакрыты суцэльным карункавым патэрнам. Гэты будынак узвышаецца над горадам як сімвал эпохі, дэманструючы, што прагматычная архітэктура можа мець яскравы нацыянальны характар.


Яшчэ адзін шэдэўр, які цяпер знаходзіцца пад абаронай ЮНЕСКА, — гэта эксперыментальны жылы дом «Жамчужына», спраектаваны архітэктаркай Афеліяй Айдынавай. Яна здолела вырашыць, здавалася б, немагчымую задачу: перанесці канцэпцыю махалі, традыцыйнай усходняй супольнасці з ціхімі ўнутранымі дворыкамі, у вертыкальную плоскасць. Кожныя тры паверхі гэтага шматпавярховіка аб'ядноўваліся агульным дваром-рэкрэацыяй проста ў паветры. Там суседзі маглі збірацца разам, піць гарбату ў цені дрэў і захоўваць свой звыклы сацыяльны ўклад унутры маналітнай керамзітабетоннай канструкцыі. Чыстая заходняя форма набыла глыбокі ўсходні змест.
Разбурэнне — цана прасвятлення
Шлях да сусветнага прызнання ніколі не бывае бясхмарным, і ўзбекскі трыумф у ЮНЕСКА шмат у чым вырас з горкага ўсведамлення незваротных страт. Каб грамадства пачало цаніць сваю архітэктурную спадчыну, яму часта даводзіцца спачатку ўбачыць яе ў руінах.
Хуткая ўрбанізацыя, эканамічны бум ва Узбекістане і маштабныя дэвелаперскія праекты, накіраваныя на стварэнне бліскучага капіталістычнага фасада, паставілі пад прамы ўдар саму ідэнтычнасць горада.


Самым гучным эпізодам, які прымусіў актывістаў і даследчыкаў біць у званы, стаў знос Рэспубліканскага дома кіно ў снежні 2017 года. Гэты манументальны аб'ект, спраектаваны архітэктарам Рафаэлем Хайрутдзінавым да Сёмага міжнароднага кінафестывалю краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, адкрыў свае дзверы ў 1982 годзе. Яго выразны цыліндрычны фасад упрыгожвалі мазаікі і вітражы выбітных мастакоў Бахадыра Джалалава і Віктара Гана, а ўнутры размяшчаліся сучасныя залы для кінапаказаў і культурных дыскусій.
Відавочная мастацкая каштоўнасць не ўратавала Дом кіно ад каўшоў экскаватараў — яго знеслі дзеля расчысткі тэрыторыі пад будаўніцтва шкляных хмарачосаў камерцыйнага цэнтра Tashkent City. Гэтая падзея стала своеасаблівым пунктам невяртання, пасля якога ігнараваць праблему знішчэння горадабудаўнічай гісторыі XX стагоддзя стала проста немагчыма.

Калі адны шэдэўры ператвараліся ў друз, іншыя станавіліся ахвярамі «еўрарамонтаў», не менш разбуральных па сваёй сутнасці. Яскравы прыклад — Дзяржаўны музей мастацтваў, узведзены ў 1974 годзе. Першапачаткова гэта быў лаканічны кубічны аб'ём, чый фасад збіраўся са штампаваных алюмініевых лістоў і матавага шкла «стэвіт». Такі матэрыял забяспечваў ідэальнае раўнамернае асвятленне для выставачных залаў. Аднак на пачатку 2000‑х гэты ўзор мадэрнісцкай архітэктуры схавалі пад танным фасадам з алюкабонду і люстэркавага шкла, штучна імітуючы нейкі псеўдакласічны фасад. Цэласнасць арыгінальнага архітэктурнага рашэння была парушаная, і будынак ператварыўся ў недарэчную пародыю на самога сябе, страціўшы сваю аўтэнтычнасць дагаджаючы густам новых гаспадароў жыцця.
Толькі балансуючы на мяжы страты ўласнага аблічча, Ташкент зразумеў, што камерцыйны прагматызм без павагі да гістарычнага кантэксту ператварае горад у безаблічную правінцыю. Спасцігнуўшы гэтую небяспеку, узбекскія ўлады і інтэлігенцыя зрабілі крок, на які дагэтуль не адважвалася ніводная іншая постсавецкая краіна.
Савецкае ці ўзбекскае?

Усведамленне катастрофы патрабавала сістэмнага адказу. У 2021 годзе Фонд развіцця культуры і мастацтва Узбекістана (ACDF) запусціў маштабны даследчы і ахоўны праект «Tashkent Modernism XX/XXI». Яго амбітная мэта заключалася ў тым, каб не проста спыніць знішчэнне і дэградацыю знакавых аб'ектаў, але і цалкам змяніць оптыку іх успрымання.
Трэба было пераканаць уласнае грамадства і міжнародную супольнасць, што гэтыя масіўныя бетонныя гмахі — не ідэалагічныя рудыменты савецкай імперыі, а паўнавартасная нацыянальная спадчына, унікальны ўнёсак Узбекістана ў сусветную гісторыю архітэктуры.


Для дасягнення гэтай мэты да працы былі прыцягнутыя найлепшыя сусветныя спецыялісты. У каманду ўвайшлі даследчыкі з Міланскага політэхнічнага ўніверсітэта на чале са студыяй Grace, а таксама вядомыя гісторыкі і куратары.
Больш за тое, на інаўгурацыйнай канферэнцыі праекта ў 2023 годзе з галоўнай лекцыяй «Новая захаванасць» (A New Preservation) выступіў сам Рэм Колхас — жывы класік сусветнай архітэктуры, стваральнік бюро OMA і лаўрэат Прытцкераўскай прэміі. Яго прысутнасць надала ініцыятыве выключную міжнародную вагу.


Колхас даўно распрацоўвае ідэю таго, што захаванне гістарычнага асяроддзя павінна быць не пасіўнай кансервацыяй руін, а актыўным дызайнерскім інструментам, дзе старое і новае ўступаюць у крэатыўны дыялог.
Стратэгія выратавання грунтавалася на дэталёвым навуковым аналізе. Была праведзена маштабная інвентарызацыя: спецыялісты вывучалі архівы, бралі інтэрв'ю ў жывых стваральнікаў праектаў, ацэньвалі тэхнічны стан 25 ключавых будынкаў. Вынікам гэтай тытанічнай працы стала не толькі выстава на Міланскім трыенале і ў маскоўскім Доме культуры «ГЭС-2», але і распрацоўка канкрэтнага плана кіравання гэтай спадчынай.



Самае галоўнае, чаго ўдалося дасягнуць даследчыкам — гэта дэкаланізаваць уласную архітэктуру. Доўгі час мадэрнісцкая спадчына Ташкента ўспрымалася як нешта навязанае звонку, трансляцыя маскоўскай волі на ўскраіны імперыі. Але праект наглядна паказаў, што нягледзячы на цэнтралізаванае кіраванне ў СССР, узбекскія архітэктары стваралі сваю ўласную школу.
Такія майстры, як Сярго Суцягін, Рафаэль Хайрутдзінаў, Афелія Айдынава перапрацоўвалі міжнародныя трэнды і савецкія нарматывы, упісваючы іх у мясцовы клімат, культуру і нават традыцыі ісламскага дойлідства, як, напрыклад, складаныя мазаічныя пано ці стылізацыя пад мукарнасы на фасадзе Палаца дружбы народаў.


Гэта не была сляпая копія «інтэрнацыянальнага стылю», але складаная гібрыдная з'ява, якая вызначала твар горада.
Такім чынам, Узбекістан здолеў аддзяліць архітэктурную форму ад камуністычнага зместу. Сёння гэтыя будынкі ўспрымаюцца не як помнікі савецкай уладзе, а як сведчанні тэхналагічнага, сацыяльнага і мастацкага эксперыменту, які адбываўся на іх зямлі. Гэты інтэлектуальны зрух і дазволіў унесці нацыянальную намінацыю «Мадэрнісцкая архітэктура Ташкента» ў спіс ЮНЕСКА, забяспечыўшы не толькі юрыдычную абарону, але і новае асэнсаванне сваёй гісторыі.
Беларускае люстэрка
Беларусь ужо і на фоне Узбекістана выглядае інтэлектуальна і культурна нясталай. Калі Ташкент паспяхова прайшоў складаныя этапы адмаўлення, прыняцця і рэпрэзентацыі сябе праз савецкі мадэрнізм на міжнародным узроўні, то наша краіна трывала захрасла на самым першым з іх.
Улады ўпарта дэкларуюць непарыўную сувязь з савецкім мінулым, але ў матэрыяльнай прасторы гэта праяўляецца зусім абсурдна: тыпавыя бетонныя адліўкі Леніна, раскіданыя па ўсёй краіне, зберагаюцца нібы святыні, у той час як да манументальных твораў першай велічыні, што рэальна вызначаюць аблічча нашых гарадоў, нікому няма ніякай справы.
Ад шараговага абывацеля да чыноўнікаў, фармальна адказных за ахову спадчыны, стаўленне да пасляваеннай архітэктуры прасякнута комплексам правінцыяла. Для яго голы бетон — гэта выключна прыкмета беднасці, а танны бліскучы керамаграніт — абавязковы сімвал заможнасці і ілюзорнай «еўрапейскасці».


Практычна ніводны з айчынных шэдэўраў мадэрнізму не мае афіцыйнага ахоўнага статусу. Ні знакамітыя «кукурузы» на Камароўцы, ні раскошныя будынкі праектных інстытутаў з багатым манументальным аздабленнем, ні непаўторныя інтэр’еры першых станцый Мінскага метрапалітэна, ні нават Тэатр музычнай камедыі не прызнаныя гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Хоць менавіта яны заслугоўваюць таго, каб нароўні з ташкенцкімі аб'ектамі годна прэзентаваць краіну ў свеце.


Страчана нямала, а галоўнае — працягваем страчваць. У 2017 годзе Мінск назаўжды пазбавіўся павільёна ВДНГ на вуліцы Янкі Купалы, які знеслі дзеля ўзвядзення чарговага гасцінічнага комплексу. Пры стварэнні плошчы Дзяржаўнага Сцяга знішчылі арыгінальную стэлу з Меркурыем. Яна была неад’емнай часткай выставачнага павільёна «МінскЭкспа», які праз сваю форму атрымаў у народзе назву «Рамонак». Нягледзячы на ўнікальную канструкцыю з перакрыццямі ў выглядзе гіпербалічных парабалоідаў, гэты будынак таксама не заслужыў у вачах чыноўнікаў права лічыцца нацыянальным здабыткам.

Будынак «Белапрампраекта» на Нямізе быў пабудаваны на спалучэнні супрацьлеглых вялікіх плошчаў празрыстага шкла і вузкіх паясоў кантраснага фактурнага бетону.

Тое, што не ідзе пад знос, гіне падчас рэканструкцый. Металам, пластыкам і люстраным шклом у каляровых рамах ужо паспяхова абшылі Палац спорту, гасцініцы «Беларусь» і «Юбілейную», а таксама будынак «Белпрампраекта» на Нямізе. З Дома мод выкінулі аўтэнтычныя дэкаратыўныя металічныя элементы. Некалі лёгкі шкляны аб’ём рэстарана «Каменная кветка» сёння нагадвае турму строгага рэжыму з дробнымі акенцамі пад самым дахам.


Асабліва паказальнай стала гісторыя з кінатэатрам «Масква». Калі пра планы знішчыць яго арыгінальнае аб'ёмна-прасторавае рашэнне стала вядома грамадскасці, актывісты падрыхтавалі дэталёвую прапанову на 130 старонак. Яны патрабавалі надаць усяму ансамблю праспекта Пераможцаў ахоўны статус. Аднак сталічны камітэт архітэктуры фактычна сабатаваў даручэнне вышэйшых органаў разгледзець гэты дакумент: калі б будынкі прызналі помнікамі, большасць праектных рашэнняў стала б незаконнай.
У выніку ансамбль застаўся без абароны, а з кінатэатра бесперашкодна збілі высакародны натуральны камень, замяніўшы яго на керамагранітны вентфасад. На чарзе — будынак Дома прафсаюзаў на рагу з вуліцай Мельнікайтэ, праект абшыўкі якога быў падрыхтаваны яшчэ некалькі гадоў таму.
Пакуль Ташкент звяртаецца да сусветных спецыялістаў, каб пераасэнсаваць сваю савецкую спадчыну, Мінск працягвае пакутаваць на татальную архітэктурную амнезію. З такім падыходам мы рызыкуем пакінуць нашчадкам толькі безаблічныя помнікі эпохі вентыляваных фасадаў і пластыкавых акон.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Тая ж лінія думкі і паводзін, тая ж кароткая памяць.
Трэба доўга працаваць над густамі, каб яны змянілі танныя стэрэатыпы.
Пры гэтым канкрэтна Белпрампраект уляпілі ў стары цэнтр, тады гэта безумоўна было горадабудаўнічым злачынствам.
Вельмі прыгожыя фатаграфіі з Ташкента, прыемна паглядзець.