Свет33

«Я нарэшце знайшла яго!» Як найлепшыя сябры выявілі, што яны — брат і сястра

Дэйв Грын і Андрэа Эрмстан абодва працавалі ў аэрапорце Манчэстэра. Пазнаёміўшыся, яны на здзіўленне хутка пасябравалі і разумелі адзін аднаго з паўслова — але ўсё стала на свае месцы, калі яны даведаліся праўду, піша ВВС.

Андрэа і Дэйв пазнаёміліся ў 2005 годзе, калі абодва працавалі ў аэрапорце Манчэстэра

Яны пазнаёміліся ў 2005 годзе. Дэйв кіраваў аўтастанцыяй у аэрапорце, Андрэа займалася абслугоўваннем гандлёвых аўтаматаў. За два гады яны сталі блізкімі сябрамі, перапісваліся і стэлефаноўваліся ў вольны ад працы час.

Аднойчы падчас тэлефоннай размовы Дэйв расказаў Андрэа, што ў дзяцінстве быў усыноўлены, а яго імя пры нараджэнні было Стюарт Праўдлаў.

«Я нібы акамянела і на хвіліну замаўчала», — успамінае Андрэа.

Яе дзявочае прозвішча было Праўдлаў, і яна ведала, што ў яе ёсць старэйшы брат, якога аддалі на ўсынаўленне іншым людзям яшчэ да яе нараджэння.

«Гэта не вельмі пашыранае прозвішча, я не сустракала яго ні ў каго, акрамя нашых сваякоў. Гэта мусіў быць ён!» — расказвае яна.

Андрэа адразу патэлефанавала сваёй маці, Сьюзен, каб удакладніць дату нараджэння брата. Усё супала: 24 сакавіка 1966 года.

Яна тут жа ператэлефанавала Дэйву.

«Я сказала: «Гэта мусіш быць ты, гэта мусіш быць ты! Мне трэба цябе ўбачыць» і паехала па яго», — расказвае Андрэа ВВС.

«Я дрыжэла, я проста дрыжэла, маё сэрца калацілася, — кажа яна. — Я нарэшце знайшла яго! Гэта неверагодна».

Сустрэўшыся, яны паехалі да дома Сьюзен, іх маці, і Дэйв тут жа зразумеў, што яны едуць маршрутам, па якім ён вадзіў аўтобус да таго, як стаў кіраўніком аўтобуснай станцыі. Не ведаючы таго, ён увесь час праязджаў міма дома сваёй маці і міма школы, дзе вучылася сястра. Яго біялагічная, кроўная сям’я была бліжэй, чым ён думаў.

Паводле слоў Сьюзен, момант сустрэчы з Дэйвам адчуваўся як штосьці нерэальнае.

«Было шмат слёз. Потым мы ўсе абняліся, — расказвае Андрэа. — Я не магла паверыць, што мой брат і мая мама сустрэліся, гэта было цудоўна».

Сьюзен расказвала ёй пра тое, што ў яе ёсць брат, яшчэ ў дзяцінстве. Яна казала, што яго аддалі на ўсынаўленне, і ён трапіў да цудоўнай жанчыны, якая не магла мець уласных дзяцей.

«Мне тады адразу ж захацелася пайсці і патэлефанаваць яму, каб мы маглі пагуляць», — успамінае Андрэа.

«Я спытала, ці можам мы пайсці і забраць яго. Мама патлумачыла, што гэта так не працуе, таму я паабяцала ёй, што аднойчы знайду яго».

Сьюзен казала ёй, што спрабавала знайсці сына з дапамогай Арміі выратавання, але безвынікова.

І вось яны нарэшце ўз’ядналіся.

«Яна хацела гэтага, колькі я сябе помню, — кажа Андрэа. — Так што так, я выканала тое, што абяцала ёй».

На каміннай паліцы ў доме Сьюзен стаяла фатаграфія Дэйва ў маленстве. Яго прыёмныя бацькі адправілі ёй гэты здымак праз некалькі дзён пасля ўсынаўлення. Гэтая ж фатаграфія вісела і ў доме прыёмных бацькоў Дэйва.

Пра тое, што ён усыноўлены, Дэйв даведаўся ў 10 гадоў, прыёмныя бацькі паказалі яму дакументы. Паводле яго слоў, у яго было вельмі шчаслівае дзяцінства, і жадання расшукаць біялагічную маці ў яго не ўзнікала.

«Я не адчуваў, што мушу шукаць ці што ў мяне нейкія нявырашаныя пытанні», — дадае ён.

«Выйгрыш у латарэю»

Для ўсіх траіх сустрэча стала паваротным момантам у жыцці.

«У той час у маім жыцці было вельмі мала пазітыву, а потым я даведаўся, што мая найлепшая сяброўка — мая сястра, — кажа Дэйв. — Я знайшоў сваю біялагічную маці і змог зрабіць яе па-сапраўднаму шчаслівай. І я знайшоў сям’ю, пра існаванне якой раней нават не здагадваўся».

Сьюзен нядаўна памерла, але, паводле слоў Дэйва і Андрэа, яны радыя, што яна паспела ўз’яднацца з сынам.

«Яна так адчайна хацела знайсці цябе, каб пераканацца, што ў цябе было сапраўды добрае жыццё», — кажа Андрэа брату.

Для яе ўз’яднанне сям’і стала момантам радасці напалову з сумам. Яна марыла знайсці брата шмат гадоў.

«На жаль, мае мама і тата разышліся, і мне давялося перажыць шмат цяжкіх момантаў, ведаючы, што дзесьці ёсць брат, але я не ведала дзе менавіта», — кажа яна.

Брат і сястра перабраліся ў гарадок Кідсгроў, што ў графстве Стафардшыр, і прызнаюцца, што радуюцца кожнай хвіліне, праведзенай разам.

Тое, што з імі ў выніку здарылася, абодва называюць «выйгрышам у латарэю».

Каментары3

  • Ёсік
    26.07.2026
    Добра, што толькі сябравалі два гады, і не дайшло да сэксу.
  • свечкодержатель
    26.07.2026
    Ёсік, тебе какое дело дошло или не дошло, тоже их родственник?
  • пёсік
    27.07.2026
    Ёсік, костку.

Цяпер чытаюць

Латвія «па тэхнічных прычынах» закрыла мяжу з Беларуссю14

Латвія «па тэхнічных прычынах» закрыла мяжу з Беларуссю

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка пра заробкі: Раздурваць сялян нельга 19

Бен Афлек і яго напарнік выйгралі мільён даляраў у гульні «Хто хоча стаць мільянерам?»4

Навукоўцы б'юць трывогу: судны, якія захраслі ў Армузскім праліве, разнясуць па ўсім свеце грымучую біялагічную сумесь5

Лукашэнка абсыпаў узнагародамі работнікаў «Савушкавага прадукту», які святкуе юбілей6

49 тысяч мігрантаў прыбылі за суткі ў іспанскую Сеуту22

Былая палітзняволеная Ася Булыбенка робіць выставу карцін, напісаных пасля аборту31

Падлеткі зладзілі флэт, пакуль бацькоў не было дома — скончылася крыміналкай2

Максімальны тэрмін адключэння гарачай вады ў Мінску істотна скарацілі

Ураджэнку Мінска не ўзялі на дыпламатычную службу Германіі, бо ў яе застаўся бацька ў Беларусі18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Латвія «па тэхнічных прычынах» закрыла мяжу з Беларуссю14

Латвія «па тэхнічных прычынах» закрыла мяжу з Беларуссю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць