Свет1313

У Еўропе энергетычны крызіс. Ці будзе яна зноў купляць нафту і газ у Расіі?

Еўропа ледзь адышла ад справакаванага Крамлём энергетычнага крызісу, як здарыўся новы. Праз вайну ЗША з Іранам свет страціў каля 15% паставак нафты і газу. Для барацьбы з дэфіцытам прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паслабіў санкцыі супраць Расіі, а ў ЕС загучалі галасы на карысць адмовы ад будучага татальнага эмбарга на расійскія нафту і газ. Ці можа Еўропа паставіць на паўзу энергетычны развод з Расіяй і дазволіць Крамлю зарабіць на вайне Трампа з Іранам? Разбіраецца Руская служба Бі-бі-сі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Dmitry Lovetsky / AP

За першыя 44 дні вайны рост цэн ужо каштаваў ЕС 22 мільярды еўра дадатковых выдаткаў на імпарт паліва — у сярэднім па паўмільярда на дзень. Дэфіцыт авіяпаліва прымушае авіякампаніі рэзаць расклад, цэны на святло і цяпло растуць на вачах, а бензін і дызель, якія даражэюць, пагражаюць падзеннем даходаў насельніцтва, кампаній і бюджэту, абяцаюць новы віток інфляцыі і запаволенне эканамічнага росту.

Для барацьбы з новым крызісам грошай у Еўропы няма — яна і так пайшла на непамерныя выдаткі спачатку ў часы кавіду, а потым — у першы энергакрызіс, выкліканы газавай вайной Крамля напярэдадні і пасля ўварвання ва Украіну.

ЕС афармляе чарговы антыкрызісны план (ён будзе прадстаўлены на наступным тыдні) і заўзята спрачаецца — што пайшло не так, чаму план абароны энергабяспекі Еўропы, рэалізаваны пасля папярэдняга крызісу, не абараніў яе ад новай навалы?

Адныя кажуць, што віной адмова Германіі ад ядзернай энергетыкі. Іншыя — што варта было больш актыўна электрыфікаваць эканоміку. Але ёсць і тыя, хто сцвярджае, што не варта было так хутка і рашуча рваць з Расіяй.

Расія да ўкраінскай вайны была найбуйнейшым пастаўшчыком энергарэсурсаў у Еўрасаюз — яго найбліжэйшы і самы багаты рынак збыту.

Цяпер яна адыгрывае другасную ролю. ЕС адмовіўся ад імпарту расійскага вугалю адразу, газ забароніць з канца 2027 года, а татальнае эмбарга на нафту планаваў абвясціць у сярэдзіне красавіка — але адклаў з-за новага крызісу.

Ці гатовая Еўропа зноў купляць нафту і газ у Расіі?

Не, не гатовая, кажуць у адзін голас чыноўнікі і палітыкі.

«Ва ўмовах новага крызісу сёй-той прапануе вярнуцца да закупак карысных выкапняў у Расіі. Гэта было б стратэгічнай памылкай, — сказала пасля пачатку іранскай вайны Урсула фон дэр Ляен, фактычна прэм’ер-міністарка ЕС. — Вядома, можна быць прагматычнейшымі і разумнейшымі пры рэалізацыі нашай доўгатэрміновай стратэгіі, але кірунак абраны правільна».

За змякчэнне санкцый супраць Расіі выступіў кіраўнік найбуйнейшай італьянскай энергетычнай кампаніі Eni Клаўдыа Дэскальцы. Ён заклікаў Еўрапейскі саюз адкласці поўную адмову ад расійскага газу, прызначаную на 2027 год.

Не дачакаецеся, адказала нафтавікам прэм’ер-міністарка Італіі Джорджыя Мелоні.

«Пазіцыя Дэскальцы зразумелая, але не варта забывацца, што эканамічны ціск на Расію ў апошнія гады быў самай эфектыўнай зброяй дасягнення міру ва Украіне», — сказала яна.

Новы крызіс — наколькі ўсё сур’ёзна?

Праз блакаду Армузскага праліва ў Персідскім заліве як мінімум на паўтара месяцы аказаліся замкнутыя каля 12% сусветных паставак нафты і прыкладна 17% усёй прапановы газу на сусветным рынку.

Замяніць іх няма чым, але часткова кампенсаваць дэфіцыт можна за кошт павелічэння паставак з ЗША — найбуйнейшага ў свеце вытворцы нафты і газу — і продажу нафты са стратэгічных рэзерваў. Аднак гэта часовая мера, яна замесціць не больш за 10—20% страчанага і ў асноўным прыпадзе на нафту, а не на газ.

Гэта дрэнныя навіны для Еўропы, паколькі яна залежыць ад імпарту газу і нафтапрадуктаў, перш за ўсё авіяпаліва.

Прыкладна траціну авіяпаліва Еўропа купляе за мяжой, і 75% гэтага імпарту паступала з Блізкага Усходу. Авіякампаніі ўжо сутыкнуліся з фізічным недахопам паліва і вымушаныя перарабляць расклад. Пра будучую адмену рэйсаў ужо абвясцілі нямецкая Lufthansa і галандская KLM.

«Калі вайна зацягнецца, існуе рэальная небяспека, што летам і квіткі будуць даражэць, і рэйсы будуць адмяняць», — сказаў газеце Financial Times еўракамісар энергетыкі Дан Ёргенсэн.

І гэта нягледзячы на тое, што Еўропа менш залежыць ад паставак нафты і газу з Блізкага Усходу, чым Азія, дзе крызіс ужо ў поўным разгары.

Асноўнымі пастаўшчыкамі газу ў ЕС зараз выступаюць Нарвегія (30%) і ЗША (26%), згодна з данымі даследчага цэнтра Bruegel.

Расія забяспечвае 12% еўрапейскіх патрэб у імпартным газе. Палова пастаўляецца па газаправодзе праз Турцыю, другая палова — гэта ахалоджаны звадкаваны газ, які вязуць з Арктыкі судны-газавозы.

Астатняе прыпадае на Алжыр (10%), Вялікабрытанію і Азербайджан (па 4%). Блізкі Усход у асобе Катара займае ў газавым балансе ЕС долю ў сціплыя 4%, а ў імпарце звадкаванага газу — 8%.

«Таму, у адрозненне ад энергетычнага крызісу 2022 года, выкліканага ўварваннем Расіі ва Украіну, цяперашняя вайна не нясе прамой пагрозы газазабеспячэнню ЕС», — адзначаюць эксперты Bruegel. Тады на Расію прыпадала больш за 40% еўрапейскага газавага імпарту.

Аднак Еўропа купляе газ па сусветных цэнах, а яны растуць, паколькі газу ў свеце стала менш пасля іранскіх удараў па катарскім заводзе і перакрыцця Армузскага праліва. Так што нават пры адсутнасці дэфіцыту энергетычны крызіс у Еўропе адчуваецца ў поўнай меры.

Ці можа Расія нарасціць пастаўкі ў Еўропу?

Нафты — так, але пры дзвюх умовах.

Па-першае, ЕС павінен зноў дазволіць купляць яе ўсім 27 краінам саюза, а не толькі Венгрыі і Славакіі, якія да гэтага часу ў выглядзе выключэння працягвалі атрымліваць расійскую нафту па трубаправодзе «Дружба» праз Украіну. Праўда, ён даўно на рамонце пасля расійскага ўдару, і Украіна не спяшаецца прыводзіць яго да ладу, нягледзячы на патрабаванні Еўрасаюза.

І па-другое, для павелічэння экспарту нафты Расіі прыйдзецца неяк разабрацца са штодзённымі налётамі ўкраінскіх дронаў на яе экспартныя тэрміналы на Балтыцы і ў Чорным моры.

Абедзве ўмовы пакуль выглядаюць невыканальнымі. А з газам — яшчэ складаней.

«Малаверагодна, што іранская вайна абернецца стратэгічнай перамогай Расіі. Яна можа і заробіць крыху на росце цэн і дэфіцыце. Але Расія страціла механізм атрымання выгады з перабояў на сусветным рынку», — адзначаюць эксперты па расійскай энергетыцы Таццяна Мітрава і Фёдар Дзмітрэнка.

Механізм гэты быў знішчаны вайной супраць Украіны. Да яе Крэмль трымаў Еўропу на кароткім ланцужку як галоўны пастаўшчык энергарэсурсаў. Пасля ўварвання Расія назаўжды страціла гэты рычаг ціску, упэўненыя Мітрава і Дзмітрэнка.

«Пытанне пра вяртанне расійскага газу ў Еўропу па-ранейшаму рэгулярна падымаецца, — пішуць яны ў артыкуле для амерыканскага выдання National Interest. — І хоць аднаўленне паставак у абмежаваным аб’ёме магчымае, гэта зусім не тое самае, што адраджэнне ранейшай сістэмы».

Шляху назад у 2000— 2010‑я гады няма, кажуць яны.

«Калі расійскі газ і вернецца ў Еўропу, то толькі ў абмежаваных аб’ёмах і ў якасці дапаўнення, якое залежыць ад палітычнай кан’юнктуры, а не агульнай асновы газавага балансу кантынента».

Каментары13

  • Bielarus 4ever
    19.04.2026
    Трамп - геній сусьветнай геапалітыкі - зноў пасадзіў стары сьвет на паліўную іголку дыктатараў))
  • Крывадушша Еўропы
    19.04.2026
    Расія да ўкраінскай вайны была найбуйнейшым пастаўшчыком энергарэсурсаў у Еўрасаюз — на яго найбліжэйшы і самы багаты рынак збыту/

    Да вайны Расея рыхтавалася да вайны: вырабляла зброю, тэхніку, рыхтавала афіцэраў, праводзіла выведку, вербавала шпіёнаў, падкупала будучых калабарантаў, якія будуць здаваць гарады і гэтак далей.


    Атрымліваецца, Еўразвяз сваімі грашыма фінансаваў гэтую падрыхтоўку.
  • Крывадушша Еўропы
    19.04.2026
    .ЕС адмовіўся ад імпарту расійскага вугалю адразу, газ забароніць з канца 2027 года, а татальнае эмбарга на нафту планаваў абвясціць у сярэдзіне красавіка — але адклаў з-за новага крызісу./

    Гэта значыць, што ў 2026м і да канца 2027га года Еўропа будзе даваць грошы Расеі за газ. А Расея будзе іх накіроўваць на вайну супраць Украіны.

Цяпер чытаюць

Рублёвыя ўклады: якія стаўкі прапануюць банкі і што адбываецца з грашыма з улікам курсаў4

Рублёвыя ўклады: якія стаўкі прапануюць банкі і што адбываецца з грашыма з улікам курсаў

Усе навіны →
Усе навіны

«Уключыце святло». Кубінцы пратэстуюць супраць уладаў на фоне поўнага блэкаўту2

У Свяцку пад Гроднам адкрылі рэканструяваныя залы ў мясцовым палацы. На адкрыццё прывезлі кіраўніцу расійскага Цэнтрабанка4

Сі Цзіньпін заклікаў Трампа да асцярожнасці ў пытанні Тайваня праз рызыку канфлікту паміж ЗША і Кітаем

75‑гадовы архіепіскап БПЦ папрасіўся на спачын — але яму дазволілі застацца

Статкевіч: Масавыя афіцыйныя сцягі толькі нагадваюць пра тыя, што былі на іх месцы11

Ціханоўская, Калеснікава і Цапкала паўтарылі сваё легендарнае фота ліпеня 2020 года3

Іранскую студэнтку арыштавалі ў Беларусі за каментары7

У Літве заявілі пра ціск з боку ЗША па аднаўленні транзіту беларускага калію22

Былы афіцэр ФСБ расказаў, як уцякаў з Расіі ў чэраве здохлай каровы5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рублёвыя ўклады: якія стаўкі прапануюць банкі і што адбываецца з грашыма з улікам курсаў4

Рублёвыя ўклады: якія стаўкі прапануюць банкі і што адбываецца з грашыма з улікам курсаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць