Здароўе33

Выявілася, што зёлкі лекуюць свіней лепш за антыбіётыкі. Гэтае адкрыццё можа мець далёкасяжныя наступствы і для чалавека

Навукоўцы выявілі, што звычайныя раслінныя экстракты здольныя не проста замяніць антыбіётыкі, але і перасягнуць іх па эфектыўнасці ў доўгатэрміновай перспектыве.

Свінні ў Столінскім раёне. Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Доўгі час лічылася, што інтэнсіўная жывёлагадоўля немагчымая без выкарыстання антыбіётыкаў і высокіх доз цынку, якія стымулююць рост і абараняюць маладых жывёл ад хвароб. Як піша SciTechDaily, даследчыкі з Сельскагаспадарчай эксперыментальнай станцыі Арказнаса (ЗША) вырашылі праверыць гэтую аксіёму, правёўшы рэдкае па сваіх маштабах назіранне. Яны параўналі ўплыў на жыццёвы цыкл свіней традыцыйных прэпаратаў і натуральных фітахімічных рэчываў, атрыманых з мацярдушкі звычайнай (арэгана) і размарыну.

Звычайна навукоўцы аналізуюць толькі першыя тыдні пасля адлучэння парасят ад маці — самы складаны і стрэсавы перыяд у іх жыцці. Менавіта тады ў жывёл парушаецца баланс мікрафлоры кішачніка, пагаршаецца засваенне корму і ўзрастае рызыка хвароб. Але такі кароткі гарызонт назіранняў не дазваляе зразумець, як розныя дабаўкі ўплываюць на жывёлу ў будучыні.

Каб запоўніць гэты прабел, даследчыкі назіралі за свіннямі на працягу ўсяго вытворчага цыклу. У эксперыменце ўдзельнічалі 192 парасяты, якіх падзялілі на чатыры групы. Адна не атрымлівала ніякіх дабавак. Другая — стандартную «прамысловую» схему: антыбіётык карбадокс і высокія дозы цынку на раннім этапе пасля адлучэння.

Дзве іншыя групы атрымлівалі раслінныя дабаўкі: у адной гэта быў экстракт мацярдушкі (300 грамаў на тону корму), у другой — сумесь мацярдушкі, размарыну і гумату натрыю ў дозе 900 грамаў на тону. Гумат натрыю, які здабываюць з асадкавых парод, валодае антыдыярэйнымі, антывіруснымі і супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі.

Каб адлюстраваць стандартную галіновую практыку, антыбіётыкі і цынк выкарыстоўваліся толькі на раннім этапе пасля адлучэння. Фітахімічныя ж дабаўкі жывёлы атрымлівалі пастаянна, што дазволіла ацаніць іх доўгатэрміновы эфект.

Паказчыкі і прычыны росту

На старце ўсё выглядала прадказальна: свінні, якія атрымлівалі антыбіётыкі, раслі хутчэй і набіралі большую масу. Але пасля спынення лячэння гэтая перавага знікла.

Больш за тое, да канца перыяду — на 155‑ы дзень — найлепшыя вынікі паказалі групы з расліннымі дабаўкамі. Асабліва эфектыўнай аказалася сумесь мацярдушкі, размарыну і гумату натрыю. Свінні, якія атрымлівалі корм з ёй, мелі найвышэйшую масу і лепш засвойвалі корм.

Каб зразумець, чаму так адбываецца, даследчыкі прааналізавалі мікрабіём — сукупнасць мікраарганізмаў у кішэчніку — у некалькіх часавых пунктах (0, 16, 126 і 155 дні). І тут выявіліся прынцыповыя адрозненні.

У жывёл, якія атрымлівалі антыбіётыкі і цынк, назіралася рэальнае зніжэнне мікробнай разнастайнасці і рост колькасці патэнцыйных патагенаў. У супрацьлегласць гэтаму раслінныя дабаўкі падтрымлівалі і нават узбагачалі карысную мікрафлору. У групе, якая атрымлівала мацярдушку, адзначалася больш высокая колькасць бактэрый, звязаных са здароўем кішэчніка і развіццём нейрамедыятараў, у тым ліку сератаніну.

Гэта азначае, што эфект фітахімічных рэчываў не абмяжоўваецца толькі страваваннем — ён можа ўплываць і на агульны стан арганізма. Паводле назіранняў даследчыкаў, такія свінні таксама паводзілі сябе спакайней і праяўлялі менш агрэсіі, хоць гэта не было асобна вымерана ў межах эксперыменту.

Гэтыя вынікі важныя не толькі з пункту гледжання прадукцыйнасці. Шырокае выкарыстанне антыбіётыкаў, як адзначаюць аўтары, спрыяе росту антымікробнай рэзістэнтнасці, з-за чаго ў шэрагу краін уведзены абмежаванні або забароны на іх выкарыстанне ў жывёлагадоўлі, перадусім як стымулятараў росту. Акрамя таго, высокія дозы цынку, якія выкарыстоўваюцца для прадухілення дыярэі пасля адлучэння, могуць назапашвацца ў навакольным асяроддзі як цяжкі метал і шкодзіць раслінам.

У гэтым кантэксце раслінныя альтэрнатывы выглядаюць перспектыўнымі. Спажыўцы ўсё часцей чакаюць прадукцыю, вырабленую адказным спосабам, і гэта даследаванне дае свінаводам больш натуральныя інструменты.

Пры гэтым даследчыкі падкрэсліваюць, што пакуль не існуе ўніверсальнага рашэння, якое магло б цалкам замяніць антыбіётыкі ва ўсіх умовах, таму гаворка ідзе пра пошук і адаптацыю розных падыходаў.

Каментары3

  • гду-гду-гду
    13.04.2026
    Выявілася, што -- ВЫСВЕТЛІЛАСЯ!!

    [Зрэдагавана]
  • лол
    13.04.2026
    Навукафілы папярхнуліся, зараз зноў пераабувацца
  • 333
    13.04.2026
    Фармаиндустрия никогда не смирится с тем, что растительные препараты даже могут быть эффективнее химических. Будут трубить, что это не доказано, как со статинами, к примеру тоже. Целый ряд растительных препаратов отлично снижает холестерин, но врачи упорно выписывают статины, с кучей побочек небезопасных для здоровья.

Цяпер чытаюць

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду2

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду

Усе навіны →
Усе навіны

«Не абавязаныя». Страхавая кампанія адмовіла беларусу ў падаўжэнні поліса пасля буйной выплаты5

Спёка. Як перажыць і як паводзіць сябе ў такое надвор'е?1

Чаму мужчын прыцягваюць жаночыя азадкі? Навукоўцы і гэта патлумачылі39

Інфанціна выбачыўся за памылку, але застаўся прэзідэнтам ФІФА3

«Гэтыя аб'екты былі асуджаныя». Чаму наступствы балістыкі па лагістычных цэнтрах пад Кіевам такія цяжкія10

У ліпені Расія яшчэ больш павялічыла закупкі паліва ў Беларусі

Зяленскі: Ракеты для Patriot могуць не даваць, каб Украіна была больш саступлівая15

У Тайландзе маланка забіла 24‑гадовага футбаліста проста падчас матча ВІДЭА2

Колькасць ахвяр ДТЗ у Светлагорскім раёне павялічылася да 4-х. Памерла яшчэ адно дзіця1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду2

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць