Грамадства5555

Пракоп’еў: З каманды ёсць толькі я і Сяргей Ціханоўскі

Вадзім Пракоп’еў у інтэрв’ю «Еўрарадыё» расказаў, чым цяпер займаецца Сяргей Ціханоўскі ў ЗША і чаго чакаць у будучыні.

Вадзім Пракоп'еў і Сяргей Ціханоўскі. 

«Ужо цяпер можна з упэўненасцю сцвярджаць: Сяргей Ціханоўскі падмануў чаканні Лукашэнкі», — заявіў Пракоп’еў.

На яго думку, калі Лукашэнка «зайшоў з козыраў і аддаваў Ціханоўскага «буйным хабарам» Трампу», ён разлічваў на зусім іншы сцэнар.

Пракоп’еў мяркуе, што Лукашэнка чакаў, што Ціханоўскі «стане такой першай лэдзі, сядзе ціха на грантах, знойдзе сабе месца ў Офісе» і ператворыцца ў «надакучлівага блогера з аўдыторыяй, якая змяншаецца». Аднак, паводле яго, у Мінску менш за ўсё чакалі, што Ціханоўскі паспрабуе стаць «самастойнай палітычнай фігурай яшчэ і з уласнай дактрынай».

Пракоп’еў падкрэслівае, што цяпер Ціханоўскі вядзе актыўную міжнародную дзейнасць:

«Ён выступіў на слуханнях у Кангрэсе ЗША. Ён наведаў адну з найважнейшых міжнародных канферэнцый па бяспецы [у Мюнхене]. (…)

Сяргей па-ранейшаму знаёміцца з патрэбнымі людзьмі і канкрэтна цяпер рыхтуецца да выступлення ў Калумбійскім універсітэце. Ён таксама атрымаў яшчэ некалькі запрашэнняў, пра якія раскажа сам у свой час. Гэта цікавыя запрашэнні, і там можна будзе абараняць яго палітычную дактрыну і прасоўваць інтарэсы Беларусі».

Разам з тым Пракоп’еў заклікае не чакаць хуткіх вынікаў місіі Ціханоўкага ў ЗША:

«Гэта будзе доўгая метадычная праца — прычым на мінімальных рэсурсах. У нас няма ніякага офіса. З каманды ёсць толькі я і Сяргей».

Бюджэт, паводле яго, забяспечваецца не грантамі, а «амерыканскім і беларускім бізнэсам у выгнанні».

«Гэты бюджэт дазваляе Сяргею сціпла жыць, ездзіць у камандзіроўкі і займацца асабістай дыпламатыяй. Сяргей выхоўвае дзяцей і вывучае мову», — расказаў Пракоп’еў.

Асобна ён закрануў тэму крытыкі Сяргея Ціханоўскага. Паводле яго, яна ідзе не толькі з боку лукашэнкаўскай прапаганды.

«Яго сістэмна і метадычна абясцэньваюць і з нашага боку. І гэта цэлы атрад галасоў. У гэтым атрадзе ёсць людзі проста недалёкія і няўдзячныя. Але калі прыгледзецца, там ёсць і галасы, якія маюць свой карыслівы інтарэс».

Аднак Пракоп’еў упэўнены: «Сяргей справіцца».

«У яго з’явілася група падтрымкі. Калі вы звярнулі ўвагу, Павел Севярынец выказаўся ў яго падтрымку дастаткова доўга і аргументавана. А Сяргей Спарыш нядаўна выкрыў паклёп пра тое, што Мікола Статкевіч даваў нейкія ацэнкі Ціханоўскаму на мяжы перад тым, як развярнуцца. (…)

Хачу сказаць: спробы абясцэніць і сапсаваць Сяргею рэпутацыю праваліліся. Але яны будуць яшчэ. Атакаваць будуць і яго рэпутацыю, і абавязкова маю рэпутацыю. У гэтага ёсць інтарасанты. Дый грамадства наша траўмаванае. Таму і бязлітаснае. Але Сяргей справіцца».

Чаго чакаць ад Ціханоўскага ў ЗША?

Адказваючы на пытанне пра магчымасць стварэння «цэнтра сілы» ў ЗША, Пракоп’еў выказваецца стрымана. Паводле яго, пры наяўнасці рэсурсаў можна было б стварыць паўнавартаснае функцыянальнае пасольства і працаваць адразу на некалькіх кірунках: асабістая дыпламатыя, супрацоўніцтва з экспертнай супольнасцю, праца з прэсай і акадэмічнымі коламі.

Але, як запэўнівае Пракоп’еў, значную частку гэтай працы можна рабіць і з невялікімі рэсурсамі.

«Напэўна, [у будучым] патрэбны яшчэ людзі. Але пакуль не патрэбны. Пакуль Сяргей сам рыхтуецца, наганяе страчанае і вывучае мову. У нейкі момант, напэўна, інстытуцыяналізацыя Сяргея непазбежна павінна адбыцца. Я думаю, што з’явіцца арганізацыя», — даводзіць Пракоп’еў.

У місіі Ціханоўскага ў ЗША ён вылучае дзве мэты. Першая — тактычная: «спрыяць працягу вызвалення людзей». Паводле яго, у іх ёсць «ідэі і доступ да асоб, якія займаюцца гэтым з амерыканскага боку». Другая — стратэгічная: «спрыяць вызваленню краіны», для чаго патрэбны «выразны рэалістычны план». І такі план, як запэўнівае Пракоп’еў, у Ціханоўскага ёсць. Яго неабходна абмяркоўваць «з правільнымі людзьмі».

Аднак хуткіх вынікаў чакаць не варта.

«Калі вы думаеце, што можна адразу да [зяця прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джарэда] Кушнера і хутка выкласці яму выгады для нацыянальнай бяспекі ЗША ад «фінляндызацыі» Беларусі — і справа будзе вырашаная… Гэта наіўнае ўяўленне пра тое, як гэта ўсё працуе.

Сяргею трэба набраць вагу і рэпутацыю ўнутры ЗША. Ён цікавы, яго жыццёвая гісторыя незвычайная. Ён выклікае павагу. Яму трэба быць прысутным шмат дзе. Гэта сістэмная праца. І асабістая дыпламатыя, у тым ліку выхад на такіх асобаў [як Кушнер], — гэта хутчэй вянок гэтай працы, чым яе наступны крок», — патлумачыў Пракоп’еў.

Каментары55

  • Юзік
    27.02.2026
    Словы, словы, словы
    Нават неяк сумна
  • Сяргей
    27.02.2026
    Здаецца, што у Мінску наадварот БОЛЬШ за ўсё чакалі, "што Ціханоўскі паспрабуе стаць «самастойнай палітычнай фігурай яшчэ і з уласнай дактрынай»". КДБ у захапленьні ад усёй гэтай клаўнады з Ціханоўскім
  • Румын
    27.02.2026
    Тарапунька і штэпсель)

Цяпер чытаюць

«Вы прыйшлі сюды лохамі, а станеце драпежнікамі». Як працуюць мінскія кол-цэнтры скамераў

«Вы прыйшлі сюды лохамі, а станеце драпежнікамі». Як працуюць мінскія кол-цэнтры скамераў

Усе навіны →
Усе навіны

У Іране пры ўдарах ЗША і Ізраіля загінуў кіраўнік паліцэйскай разведкі2

Іран абвясціў аб адкрыцці Армузскага праліва7

На Берасцейшчыне і Гродзеншчыне затрымалі кіраўнікоў буйных аграрных прадпрыемстваў3

У Гомелі на прыпынку каля вадаёма мясцовы жыхар пакінуў пасланне рыбакам. Што там?2

Шэсць чалавек зарабілі велізарныя грошы на стаўках на амерыканскую атаку па Іране. Падазраюць, што яны ведалі пра яе8

Бельгія захапіла танкер расійскага ценявога флоту4

Хлопец напісаў на дзяўчыну з Баранавічаў данос за тое, што яна не пагадзілася з ім сустракацца19

У Іране расказалі, хто цяпер будзе кіраваць краінай6

Кітай захапіўся ідэяй кіраваць дажджом — наколькі гэта эфектыўна?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вы прыйшлі сюды лохамі, а станеце драпежнікамі». Як працуюць мінскія кол-цэнтры скамераў

«Вы прыйшлі сюды лохамі, а станеце драпежнікамі». Як працуюць мінскія кол-цэнтры скамераў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць