Грамадства1919

«Выслухаю ваша ныццё. Дорага». Дыпламаваны спецыяліст Ілля Дабратвор прапануе псіхалагічныя кансультацыі

Былы актывіст БНФ Ілля Дабратвор, які ў апошнія гады працуе таксістам у Варшаве, прапануе паслугі ў яшчэ адной сферы.

Ілля Дабратвор. Фота: фэйсбук

Пра тое, што гатовы браць кліентаў, Дабратвор напісаў у фэйсбуку. Вось як ён апісаў сваю магчымую працу:

«Зусім не талерантны псіхолаг. Выслухаю ваша ныццё, дапамагу знайсці рашэнні вашых праблем, але ныць з вамі не буду. Ні разу не ліберал. Дорага, але гэта таго вартае […] Калі няма грошай, то вам псіхолаг не патрэбны, вы — абсалютна нармальны чалавек».

Дабратвор расказаў «Нашай Ніве», што і раней ладзіў прыватныя кансультацыі, але апошнім часам больш займаўся палітычнымі тэхналогіямі — ён называе іх памежнай галіной паміж псіхалогіяй і палітыкай.

Цяпер Ілля вырашыў працаваць псіхолагам публічна і паспрабаваць знайсці новых кліентаў:

«Адсочваю розныя псіхалагічныя суполкі ў сеціве і даўно назіраю, што ў плане кансультацый прысутнічае крызіс. Большасць людзей, якія спрабуюць дапамагчы [у гэтай галіне], не маюць нармальнай псіхалагічнай адукацыі. Большасць так званых псіхолагаў — гэта людзі, якія скончылі нейкія курсы, гэта інфацыганы.

Мне як прафесійнаму псіхолагу асабліва балюча глядзець на тое, што кажуць тыя з іх, хто мае шмат падпісчыкаў у фэйсбуку ці інстаграме, хто мае вялікую аўдыторыю. Людзі проста бачаць іх і думаюць, што гэта прафесійныя псіхолагі, але на самой справе гэта інфацыганы».

Ілля лічыць, што трэба мець універсітэцкую адукацыю ў галіне псіхалогіі, каб называць сябе псіхолагам:

«Ён мусіць мець дыплом, дзе напісана, што ён псіхолаг, а не паперку, выдадзеную невядома кім, ці дыплом, набыты ў пераходзе. Але я бачу, што большасць з тых, хто займаецца псіхалогіяй, не з’яўляюцца псіхолагамі, яны працуюць хутчэй як шарлатаны ці сектанты. Яны проста недзе нешта прачыталі і чамусьці пайшлі працаваць. Гэтыя псіхолагі з кухняў павыходзілі ў людзі і чамусьці пачалі кансультаваць іншых людзей. Некаторыя мае знаёмыя звярталіся да псіхолагаў, і я не бачыў у іх станоўчых вынікаў ад той працы. Так, яны бралі грошы. Гэта, напэўна, іх галоўная мэта, гэта яны добра ўмеюць».

У самога Іллі ёсць адукацыя па спецыяльнасці «Псіхолаг, выкладчык псіхалогіі». Атрымаў ён яе ў прыватным Міжнародным гуманітарна-эканамічным інстытуце, яго дыплом выдадзены ў 2004‑м годзе. Ілля ўдакладняе, што там працавалі выкладчыкі з БДУ і БДПУ.

Фота: архіў суразмоўцы

Ці была ў Дабратвора праца па гэтай спецыяльнасці? Кажа, што так:

«У нас кожныя паўгода [навучання] была практыка, і гэта была практыка ва ўсіх галінах, дзе можа працаваць псіхолаг — школа, дзіцячы садок, псіхіятрычная бальніца. 

Калі гутарыў з палякамі, звярнуў увагу, што польская псіхалагічная адукацыя на галаву ніжэйшая, чым беларуская. Мы вывучалі і псіхааналіз, і гештальт-тэрапію, і біхевіярызм, то-бок розныя падыходы, вывучалі розныя метады ў той жа сацыяльнай псіхалогіі. А ў Польшчы такога няма, там вывучаюць толькі адзін падыход, зацверджаны Еўропай ці Еўракамісіяй, іншага меркавання ў іх быць не можа. І псіхолагі з Усходу на галаву мацнейшыя, чым тыя, хто атрымаў польскую адукацыю».

Дабратвор расказвае пра тое, што пасля атрымання дыплома працаваў у школе як сацыяльны педагог, потым меў два-тры кліенты на год як псіхолаг. Паводле яго слоў, гэта была індывідуальная праца і кліенты, якіх ён вёў шмат гадоў.

Апошні кліент у яго быў у мінулым годзе. Праўда, шмат папрацаваць з ім не атрымалася, бо ў чалавека быў занадта складаны псіхалагічны стан, Дабратвор парэкамендаваў яму звярнуцца да псіхіятра.

Колькі ж каштуюць псіхалагічныя сесіі з Дабратворам?

«Ад 200 злотых за гадзіну (каля $55 — «НН»). Гэта нармальны кошт. Танныя псіхолагі каштуюць 80‑100 злотых за гадзіну ($22‑28 — «НН»), але я цаню свой прафесіяналізм, свой час, і не гатовы працаваць за 100 злотых», — кажа таксіст.

Ілля гатовы працаваць і з сямейнымі праблемамі, пры гэтым вядома, што некалькі гадоў таму яго ўласная сям'я развалілася. Ці не паўплывае гэта на яго магчымую дапамогу парам?

Дабратвор упэўнены, што паўплывае:

«Мой досвед — якраз тое, што трэба, бо я ўжо ведаю на сябе ўсе магчымыя акалічнасці. І сям'я развалілася ў тым ліку праз непрафесійных псіхолагаў і ініцыятывы».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары19

  • Выпускніца ПТУ імя Танка.
    11.02.2026
    Каб стаць насамрэч добрым псіхолагам, пасля педзюльніка трэ яшчэ гадоў дзесяць сур'ёзна адвучыцца, і пажадана не працягваць адукацыю там. У Іллі, канешне, самаацэнка огого, але ж ён можа чалавеку ў крызісе нашкодзіць толькі сваімі парадамі і імкненнем да гуруізма. Патэнцыйныя кліенты, бяжыце падалей, нават калі тапкі згубіце.
  • Satan
    11.02.2026
    Зараз, выязжаю! Але, калі я пачну ныць, Ілля першы заплакае))
  • Слушайте
    11.02.2026
    Ну не первое ж апреля, чтоб такие шутки давать))))))))))

Цяпер чытаюць

У Васіля Верамейчыка, верагодна, быў інфаркт1

У Васіля Верамейчыка, верагодна, быў інфаркт

Усе навіны →
Усе навіны

Канада і Швейцарыя выйшлі ў плэй-оф мундыялю напрамую, Боснія і Герцагавіна захоўвае шанцы4

«Спачатку пагрозу прыдумаў, потым сам яе перамог». Прапаганда абвяргае Зяленскага, сцвярджае, што рэтранслятараў не здымалі, бо іх не было37

Каалы ледзь не зніклі яшчэ 60 тысяч гадоў таму. І людзі тут ні пры чым

20‑гадовага мінчука затрымалі перад тым, як ён паспеў прадаць першую дозу наркотыку 16‑гадовай дзяўчыне

«Тое, што яны робяць, гэта і адпавядае інтарэсам». Пазняк пахваліў Лукашэнку ў сітуацыі з ультыматумам Зяленскага127

Сусветныя цэны на нафту вярнуліся да даваенных узроўняў7

У Магілёве стаў працаваць адкрыты скаладром. Ён самы высокі ў Беларусі

Не будуць збіраць мыты з некаторых відаў агародніны

Польскі суд адмяніў дату перадачы дзіцяці бацьку, які хацеў вывезці яго ў Беларусь

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Васіля Верамейчыка, верагодна, быў інфаркт1

У Васіля Верамейчыка, верагодна, быў інфаркт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць