У Ляхавічах пахваліліся копіяй гістарычнага замка, якая мусіць прыцягнуць турыстаў — чатыры будкі больш нагадваюць прыбіральні
Пабудаваць «копію ў мініяцюры» вырашылі пасля шматлікіх зваротаў мясцовых жыхароў з просьбай адзначыць месца, дзе размяшчалася магутная фартэцыя XVI — XVIII стагоддзяў. У выніку ні месца, ні архітэктура чарговага твора камунальнага ўпарадкавання нічым не нагадваюць гістарычны аб'ект.

Па словах дырэктара Ляхавіцкага ЖКГ Андрэя Чайкоўскага, узвядзенне драўлянай копіі ў мініяцюры пачалося на месцы, дзе раней размяшчаўся замак, паведамляе брэсцкая абласная газета «Зара».
Па задуме гэта мусіць нагадваць страчанае абарончае ўмацаванне — на вуглах пляцоўкі ўжо пастаўлены чатыры «бастыёны» — вежападобныя канструкцыі вышынёй 5 метраў.

Скончыць копію фартэцыі плануюць у гэтым годзе, а цалкам упарадкаваць мясцовасць толькі наступнай вясной, дапоўніўшы «бастыёны» агароджай з габіёнаў і каваным мостам.
На думку чыноўнікаў, копія фартэцыі будзе нагадваць жыхарам Ляхавічаў пра іх гістарычную мінуўшчыну і стане яшчэ адным прывабным аб'ектам для турыстаў.

Ляхавіцкая фартэцыя — адзін з наймацнейшых бастыённых замкаў Вялікага Княства Літоўскага, узведзены ў канцы XVI стагоддзя Янам Каралем Хадкевічам. Ён шмат разоў вытрымліваў аблогі казакоў, паўстанцаў, маскоўскіх і шведскіх войскаў, але быў разбураны ў XVIII стагоддзі і пасля не аднаўляўся. Замак меў форму чатырохвугольніка з чатырма вялікімі бастыёнамі, ровам і рассоўным мостам, у цэнтры ўзвышаўся рэнесансны палац, а над уязной брамай з гадзіннікавай вежай стаяў «ратны звон» для абвяшчэння трывогі.
Нягледзячы на тое, што замак не захаваўся, яго валы і равы ўсё яшчэ выдатна прасочваюцца ў планіровачнай структуры горада, у тым ліку на спадарожнікавых здымках.
Вось толькі «копія ў мініяцюры», якую цяпер узводзяць у Ляхавічах, не толькі не мае анічога агульнага з архітэктурай фартэцыі, але і размяшчаецца ў іншай частцы горада, заўважыў тэлеграм-канал «Спадчына».

Сёння пляцоўка былой фартэцыі шчыльна забудаваная, там няма вольнага месца для падобнага ўпарадкавання. Мяркуючы па фота, драўляныя вежы пастаўлены ўвогуле на іншым беразе Ведзьмы, у раёне гарадскога пляжа.
Гэтак жа незразумела, якое дачыненне маюць драўляныя вежы да бастыённага замка, які будаваўся зусім па іншых прынцыпах абароны. Чатыры бастыёны не мелі аніякіх абарончых вежаў, толькі маленькія вартоўні на сваіх вуглах. Адзінай вежай у фартэцыі была надбрамная вежа.

Сапраўднае прызначэнне гэтых вежаў, пастаўленых камунальнікамі, выклікае, пытанні: гэта будкі з адным уваходам, без акон, унутраных перагародак і перакрыццяў, з дахам, размешчаным занадта высока, каб абараніць ад касога дажджу. Ні адпачыць, ні пераапрануцца ў пляжнае там немагчыма.

Каментары
Судя по всему предки сегодняшних ляховитчан были умственно отсталыми карликами-бобрами. )