У мінскім рэстаране з безлімітам вісяць аб'явы аб штрафах за недаедзеную ежу. Уладальнік кажа, што так выхоўвае кліентаў
Новыя правілы ў рэстаране з безлімітнай ежай здзівілі наведвальнікаў, бо гучаць яны не зусім законна.

Рэстаран з безлімітнай азіяцкай ежай UMI адкрыўся ў ГЦ «Чэрвеньскі» ў маі і адразу трапіў у навіны. У дзень адкрыцця каля ўстановы выстраілася вялізная чарга, натоўп размёў усю ежу за некалькі гадзін. Некаторыя нават прыходзілі з кантэйнерамі для ссабоек.
З наплывам кліентаў рэстаран справіўся, але цяпер, відаць, з'явілася іншая праблема. У сеціве актыўна абмяркоўваюць новае і не зусім звычайнае правіла, якое ўвялі ва ўстанове. Там развесілі аб'яву аб штрафах за недаедзеную ежу, пiша «Анлайнер».
«У нашым рэстаране падтрымліваецца прынцып: «Бяры столькі, колькі з'ясі». Пры пакіданні ежы больш за 300 грамаў спаганяецца плата за 1 порцыю комплекснага меню (з разліку кожныя 300 г): абед (12:00—15:30) — 35 руб / 300 г, вячэра (17:30—22:00) — 49 руб / 300 г. Прыклад: калі рэшта 600 г — аплачваецца 2 порцыі па цяперашнім тарыфе», — гаворыцца ў аб'яве.
Папера выклікала ў наведвальнікаў нямала пытанняў. Напрыклад, як ежу ўзважваюць, ці сапраўды будуць браць грошы за недаедзенае і што рабіць, калі ежа проста не спадабалася? Узніклі пытанні і пра законнасць такіх новаўвядзенняў — бо госць ужо аплаціў уваход і можа выбіраць ежу на свой густ.
Аказалася, у рэальнасці ніякіх штрафаў няма. Уладальнік рэстарана Арцём Стрыгін растлумачыў, што гэтая аб'ява — перш за ўсё выхаваўчы момант.
«Мы нікога не штрафуем — ні з аднаго чалавека не ўзялі ні капейкі. Гэтую аб'яву павесілі хутчэй як выхаваўчую меру. Каб госці не бралі больш, чым маглі з'есці.
З пункту гледжання закона спаганяць плату за недаедзеную ежу неправамерна, і мы гэта добра разумеем. Пасля таго як мы павесілі гэтую аб'яву, наведвальнікі сталі больш свядома падыходзіць да выбару і памеру ежы. Колькасць харчовых адкідаў значна знізілася — з 30 мяхоў смецця ў дзень да прыкладна 10», — пахваліўся вынікамі акцыі рэстаратар.
Уладальнік установы паабяцаў, што ў хуткім часе з'явіцца сістэма матывацыі. Напрыклад, калі за сталом у гасцей застанецца менш за 300 грамаў ежы на чалавека, то яны атрымаюць зніжку 10 рублёў.
Цяпер чытаюць
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары