Нерухомасць22

Рыэлтар: У параўнанні з мінулым годам арэнда жылля падаражэла на 20—30%

Апошнім часам у сацсетках часта з’яўляюцца абураныя допісы, натхнёныя аб’явамі аб арэндзе жылля ў Мінску. Нават адкрыта бабуліны варыянты людзі спрабуюць здаваць выгадна, бо калі ёсць агульная тэндэнцыя падаражання — грэх ёю не скарыстацца.

У чым прычына росту цэн і што будзе далей, распавяла Onliner.by начальніца аддзела арэнды групы кампаній «Твая сталіца» Маргарыта Пачыцкая.

— За мінулы год кошт арэнднага жылля ў беларускай сталіцы вырас на 10—15%, — кажа Маргарыта Пачыцкая. — Гэту інфармацыю мы давалі ў маі 2025 года. Можна сказаць, што ў параўнанні з маем цэны павялічыліся яшчэ на 10—15%. Даляр ужо паспеў істотна патаннець, і кошт для некаторых арандатараў адпаведна змяніўся.

Магчыма, падаражанне абумоўлена яшчэ і тым, што «бабуліны» варыянты з кожным годам «вымываюцца» з рынку. Усё больш з’яўляецца новабудоўляў, і, адпаведна, расце попыт на іх.

Арандатар маладзее, і ў прыярытэтах у яго акуратныя сучасныя кватэры з поўнай камплектацыяй.

Паводле даных спецыялістаў аддзела арэнды агенцтва «Твая сталіца», кошт аднапакаёвых кватэр у старым жыллёвым фондзе стартуе ад $300. За звычайную «двушку» просяць ад $350. Мэбляваныя «тройкі» — ад $400.

Пры прывабна нізкай цане за арэнду «бонусам» можа быць адсутнасць рамонту ці мэблі. А вось у свежых новабудоўлях, якія знаходзяцца ў самых папулярных раёнах, зусім іншыя цэны. У топе ў арандатараў цяпер «Мінск-Мір», «Маяк Мінска», раён Грушаўка і «Новая Баравая». У гэтых лакацыях шмат камфортных кватэр з дызайнерскімі інтэр’ерамі, з поўным наборам бытавой тэхнікі, адпаведна, і кошты на іх даволі высокія. Кошт такіх «аднушак» стартуе ад $350 і дасягае $500.

— Гэты сегмент запатрабаваны ў замежных студэнтаў, ІТ-спецыялістаў, менеджараў з добрым заробкам, — удакладняе рыэлтар.

Дарэчы, менавіта «аднушкі» — самы папулярны ў арандатараў варыянт на рынку. А што наконт прэміяльных кватэр? Тых самых, якія часта трапляюцца ў падборках жылля з крутымі інтэр’ерамі і зашкальваючым коштам арэнды? Паводле слоў спецыялісткі, з імі ўсё цудоўна. Попыт на іх круглагадовы, праўда, гаворка зусім не пра студэнтаў і звычайных рабочых.

На доўгатэрміновыя тэрміны такія прапановы разглядаюць беларускія і замежныя бізнэсмены, прадстаўнікі дыпмісій, прыезджыя супрацоўнікі буйных кампаній.

— Для гэтай катэгорыі арандатараў важныя закрытая тэрыторыя, падземны паркінг, дызайнерскі рамонт, лакацыя. «Левада», Depo, D3, «Алімпік парк», мікрараёны Дразды і Лебядзіны, раён вуліцы Старажоўскай і праспекта Пераможцаў, вуліца Язмінавая і г.д. — гэта адны з самых запатрабаваных лакацый у гэтым сегменце. Кошт такіх аб’ектаў пачынаецца ад $1000.

Для тых, хто аддае перавагу загараднай нерухомасці, важныя наступныя крытэрыі: непасрэдная блізкасць да Мінска, развітая інфраструктура пасёлка, навакольнае асяроддзе, наяўнасць лазні, саўны, басейна, маляўнічыя мясціны, лес, вадаём у непасрэднай даступнасці.

Прыблізна праз месяц пачнецца новы навучальны сезон у сталічных студэнтаў. Звычайна гэта даволі гарачы час, калі арэнднае жыллё разлятаецца як гарачыя піражкі. Аднак Маргарыта ўпэўнена: у гэтым годзе студэнцкі перыяд пройдзе спакойна:

— Набліжэнне новага навучальнага года заўсёды адбівалася на рынку актыўным попытам з боку студэнтаў. Аднак апошнія гадоў пяць запытаў на жыллё ад гэтай катэгорыі арандатараў становіцца менш. Я думаю, што гэта абумоўлена павелічэннем колькасці інтэрнатаў і месцаў у іх. На дадзены момант студэнты-бюджэтнікі ўжо вызначыліся з выбарам ВНУ, а ў платнікаў яшчэ ёсць такая магчымасць. Так што сітуацыя яшчэ можа змяніцца. Будзем сачыць за ёй.

Каментары2

  • Lolek
    04.08.2025
    Вы мяркуеце тут кагосьці цікавіць што там у Мінску робіцца? 99% чытачоў вашых у Вільні ды Варшаве - вось і пішыце калі ласка, што нам цікава!! Вось мяне цікавіць вельмі як купіць зямлю пад будову дома пад Варшавай. Напішыце калі ласка.
  • .
    04.08.2025
    Як падлічваў пад артыкулам "Цэны на нерухомасць растуць шалёнымі тэмпамі", максімальнае падзенне долара з 3.6 да 2.9 р. або на 24%.
    Значыць, па большасці той рост коштаў арэнды на 20-30% і ёсць кампенсацыя за долар.
    Астатняе - тыя вымыванне бабушатнікаў, агульная інфляцыя.

    Пра "арандатар маладзее" - сапраўды так? Бо ўвогуле насяленне Беларусі толькі старэе (сярэдні ўзрост павялічваецца).
    Або гэта і ёсць замяшчэнне мясцовых прыезджымі? Пераязджаюць (і арандуюць кватэры) па большасці не старыя, а маладыя або людзі сярэдняга ўзросту.

Цяпер чытаюць

Вялікая гутарка з Франакам Вячоркам — пра круглы стол з Лукашэнкам, памылкі, хэйтараў і галоўнае дасягненне11

Вялікая гутарка з Франакам Вячоркам — пра круглы стол з Лукашэнкам, памылкі, хэйтараў і галоўнае дасягненне

Усе навіны →
Усе навіны

У Мазыры жанчына ледзь не памерла ад лячэння іголкаўколваннем. А ўводзіла сабе звычайныя іголкі ад шпрыцоў1

Мінадукацыі Польшчы ўскладніла паступленне ва ўніверсітэты многім замежнікам

Паліна Шарэнда-Панасюк намалявала па памяці план калоніі ў Зарэччы1

У Мёрскім раёне жанчына загінула ад удару токам, калі надзімала басейн

Летась у Вільні ў беларусаў нарадзілася каля 100 дзяцей31

Антон чатыры гады хаваўся ад лукашыстаў у родных Баранавічах — затрымалі, калі вырашыў здаць на правы10

Лукашэнка перажывае, што на рынку Расіі «ўсе топчуцца», і хоча гандляваць з ЕС. Вось як цяпер выглядае сітуацыя ў замежным гандлі12

У Новай Зеландыі жанчына везла двухгадовае дзіця ў валізцы — паліцыя разбіраецца

Гэты дызайнер з Уганды перавярнуў свет моды — сэкандам2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вялікая гутарка з Франакам Вячоркам — пра круглы стол з Лукашэнкам, памылкі, хэйтараў і галоўнае дасягненне11

Вялікая гутарка з Франакам Вячоркам — пра круглы стол з Лукашэнкам, памылкі, хэйтараў і галоўнае дасягненне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць