Ключавым драйверам эканамічнага росту Еўропы стала Ірландыя. Вось у чым крыніца яе поспеху
Рост шмат у чым штучны, але ірландская эканоміка насамрэч атрымлівае шалёныя прыток капіталу.

Як піша The Eсonomist, аналіз паказчыкаў за першы квартал 2025 года паказаў, што эканоміка ЕС вырасла на 0,6% у параўнанні з папярэднім кварталам.
Пры гэтым рост ВУП Ірландыі склаў рэкордныя 9,7%. Краіна памерам каля сотай часткі насельніцтва Еўрасаюза забяспечыла палову агульнаеўрапейскага росту. Нехта мог бы падумаць, што краіна выпадкова знайшла нафту. Не зусім, але адказ вельмі блізкі.
Ірландыя не здабывае нафту, але яе эканамічны рост шмат у чым штучны, абумоўлены тым, што транснацыянальныя карпарацыі выкарыстоўваюць краіну для мінімізацыі падаткаў.
Тэхналагічныя гіганты, такія як Apple і Microsoft, пераводзяць правы на інтэлектуальную ўласнасць у ірландскія даччыныя кампаніі. Гэтыя кампаніі збіраюць роялці з краін з больш высокімі падаткамі, такіх як ЗША ці іншыя дзяржавы ЕС, што дазваляе істотна знізіць падатковую нагрузку.
Фармацэўтычныя кампаніі, напрыклад Pfizer, таксама выкарыстоўваюць Ірландыю для вытворчасці папулярных прэпаратаў, хаця іх распрацоўка часта вядзецца ў ЗША.
Праз складаную сетку аўтарскіх і ліцэнзійных адлічэнняў бухгалтары пераносяць прыбытак у Ірландыю, дзе ён абкладаецца падаткам у 12,5%. Гэта адна з самых нізкіх ставак у свеце.
У выніку — шалёны рост ВУП, які мала што кажа пра рэальнае становішча ўнутры краіны. Ірландскія чыноўнікі нават прыдумалі альтэрнатыўныя паказчыкі росту, каб не дэзарыентаваць насельніцтва і інвестараў.
Затое паступленні ў бюджэт у 2024 годзе ад падаткаў на прыбытак замежных карпарацый дасягнулі €20 мільярдаў, што, па даных Ірландскага фіскальнага савета, дастаткова для фінансавання школ і бальніц. Для параўнання, у 2015 годзе гэтая сума складала €4,4 мільярда.
Па ацэнках экспертаў, замежныя кампаніі забяспечваюць 11% занятасці ў Ірландыі, у тым ліку працоўныя месцы на фармацэўтычных заводах і ў тэхналагічных офісах у Дубліне. Яны таксама генерыруюць траціну паступленняў ад падаходнага падатку.
Незадаволенасць іншых
Прыток капіталу і занятасць спрыяюць росквіту Ірландыі і выклікаюць незадаволенасць іншых краін.
ЗША губляе падатковыя паступленні ў бюджэт, бо прыбыткі, якія маглі б абкладацца падаткам унутры краіны, перанакіроўваюцца ў Ірландыю. Да таго ж падатковыя схемы прыводзяць да дзіўных наступстваў: напрыклад, лекі тыпу Viagra, распрацаваныя ў Амерыцы і для амерыканцаў, афіцыйна «экспартуюцца» з ірландскага горада Корк.
Гэта стварае ілюзію вялізнага таваразвароту з Ірландыяй. У выніку яна стала чацвёртай краінай свету, з якой у ЗША найбольшы дэфіцыт таваразвароту (пасля Кітая, Мексікі і В’етнама), хоць яе эканоміка значна меншая.
Еўрапейцы таксама незадаволеныя. У красавіку Дональд Трамп прыгразіў увесці «сіметрычныя тарыфы» на еўрапейскія тавары, прычым разлічваюцца яны па формуле, якая ўлічвае толькі гандаль таварамі. А з-за падатковых схем Ірландыі гэты гандаль выглядае значна большым, чым ёсць насамрэч.
Калі б Ірландыя не ўваходзіла ў Еўрасаюз, тарыф складаў бы 15%, а не 20%. Таму некаторыя ў Бруселі лічаць, што Амерыка павінна змагацца не з усім ЕС, а менавіта з ірландскай падатковай сістэмай, каб скараціць дэфіцыт гандлю, а не караць тарыфамі ўсе еўрапейскія кампаніі.
Ірландскія афіцыйныя асобы пазбягаюць абмеркавання падатковай палітыкі, сцвярджаючы, што краіна не з'яўляецца падатковай гаванню. Яны падкрэсліваюць, што прысутнасць замежных кампаній падмацавана «рэальнай эканамічнай актыўнасцю» — кваліфікаванай рабочай сілай, доступам да рынку ЕС і адкрытасцю да замежнага капіталу.
Прафесар Эйдан Рэган з Дублінскага ўніверсітэта адзначае, што ў пэўнай ступені гэта так. Але ён падкрэслівае: маштаб прыбыткаў, якія фіксуюцца ў Ірландыі, значна перавышае рэальны аб’ём мясцовай дзейнасці.
Фінансіст Кевін Цімані з кампаніі Davy ў сваю чаргу лічыць, што нават без падатковых схем Ірландыя ўсё адно знаходзілася б у добрым становішчы дзякуючы добра падрыхтаванай працоўнай сіле, доступу да рынку ЕС і адкрытасці да замежных інвестыцый.
Рызыкі
Але поспех нясе і сур'ёзные пагрозы. Жыхары Дубліна ўсё часцей скардзяцца, што кампаніі накшталт Google прыцягнулі ў горад столькі работнікаў, што гэта пагоршыла дэфіцыт жылля.
А Ірландскі фіскальны савет папярэджвае: краіне пагражае «галандская хвароба» — эканамічны дысбаланс, які ў 1970-х гадах здарыўся з Нідэрландамі, калі прыбытак ад газу разбалансаваў усю астатнюю эканоміку.
Ірландыя не мае нафты, таму невядома, колькі пратрымаецца гэты падатковы дабрабыт. У 2023 годзе ўсяго тры топ-кампаніі далі 38% усіх падаткаў на прыбытак, і гэта робіць краіну залежнай ад поспеху замежных карпарацый, на якія яна не мае ўплыву.
Таксама ніхто не ведае, што можа зрабіць Дональд Трамп, калі зноў зменіць падатковыя правілы або ўвядзе новыя тарыфы супраць Ірландыі.
У ідэале ўлады мусілі б адкладаць гэтыя нечаканыя прыбыткі ў стабілізацыйны фонд, як зрабіла Нарвегія з паступленнямі ад нафты. Але на практыцы, паводле аналітыкаў, з €160 мільярдаў, якія Ірландыя атрымала за апошнія дзесяць гадоў ад карпаратыўнага падатку, збераглі толькі каля 10%.
Каментары
Тэрмінова трэба каманду экспертаў-аналітыкаў, хто сліной брызжаў наконт гэта ВУПа па новую легенду!