Сіціхаусы, клубныя дамы, жыццё ў стылі хюге: у Тарасаве пад Мінскам пачынаюцца продажы кватэр у новым комплексе
Што будзе ўяўляць сабой комплекс «Гранд Віладж»?

Забудоўшчык апісвае жылы комплекс «Гранд Віладж» у Тарасаве як аўтарскі камерны жылы комплекс у скандынаўскім стылі, размешчаны за пяць хвілін ад Мінска. Паводле яго слоў, атмасфера квартала «напоўненая філасофіяй хюге».

Пад «хюге» маецца на ўвазе распаўсюджаная ў Даніі канцэпцыя стварэння ўтульных, цёплых і функцыянальных прастор, якія спрыяюць камфорту і шчасцю. Ключавыя элементы: натуральныя матэрыялы, мяккае асвятленне, нейтральныя колеры, вялікія вокны для святла і сувязі з прыродай, мінімалізм з асабістымі дэталямі, а таксама стварэнне прасторы, спрыяльнай для адпачынку і добразычлівага чалавечага кантакту.

Паводле інфармацыі забудоўшчыка, праект уключае 13 дамоў рознага фармату:
— сіціхаусы (6—7 паверхаў);
— клубныя дамы (3—5 паверхаў з невялікай колькасцю кватэр).
Першапачаткова планаваліся таксама таўнхаусы — двухпавярховыя блакіраваныя жылыя дамы з асобным уваходам і тэрыторыяй пры доме. Аднак, як адзначае ў сваім тэлеграм-канале экспертка па нерухомасці Наталля Літоўская, па рэндарах відаць, што таўнхаусы пакуль пад пытаннем.
У малапавярховых маналітных дамах запраектаваныя кватэры плошчай ад 35 да 80 квадратных метраў. На першых паверхах прадугледжаныя кватэры з уласнымі тэрасамі. Усе вокны ў комплексе будуць мець павялічаную плошчу, уваходы ў пад’езды будуць знаходзіцца на ўзроўні зямлі.

Забудоўшчык абяцае, што ўвесь комплекс агульнай плошчай 16 гектараў будзе мець агароджаную тэрыторыю з сістэмай відэаназірання і двары без аўтамабіляў. Для транспарту будуць пабудаваны два шматузроўневыя паркінгі вышынёй 4 і 5 паверхаў на 960 машынамесцаў.
Таксама заяўляецца, што на тэрыторыі квартала будуць размешчаныя сучасныя дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, пешаходная алея з вечназялёным кустоўем, зоны для адпачынку, месцы для барбекю, пляцоўка для выгулу сабак, а таксама дзіцячы сад на 150 месцаў.
У планах — зялёны сквер у скандынаўскім стылі з арт-аб’ектамі і гандлёвы цэнтр.

Першы дом, з якога пачнуцца продажы ўжо ў гэтым месяцы, — гэта 7-павярховы будынак з двума пад’ездамі і 94 кватэрамі. Канструкцыя дома — каркасна-блочная. Вышыня столяў — 2,7 метра. У холе будуць калясачная і лапамыйка. Таксама плануюцца велабоксы і адкрытыя велапаркоўкі.

Кватэры будуць здавацца з тынкаванымі сценамі, сцяжкай падлогі, гарызантальнай разводкай ацяплення, падведзеным оптавалаконным кабелем, індывідуальнымі лічыльнікамі вады, цяпла і электраэнергіі, сталёвымі радыятарамі і вокнамі ПВХ.
Першы пад'езд дома мае па 4 прасторныя кватэры на паверсе, другі — па 10 кватэр, у тым ліку аднапакаёвыя і студыі.

Жылы комплекс «Гранд Віладж» ствараецца не ізалявана, а ў рамках маштабнага праекта развіцця тэрыторыі, зацверджанага на сесіі Мінскага раённага Савета дэпутатаў. Паводле генеральнага плана, да 2035 года насельніцтва вёскі Тарасава вырасце з 2500 да 5000 чалавек. У ім з’явіцца больш за тысячу новых кватэр.
У планах — аб’яднанне вёсак Тарасава і Каменная Горка ў адзін населены пункт пад назвай Тарасава, агульнай плошчай каля 673 гектараў.
Каментары