Заснавальнік Google Сяргей Брын заклікаў супрацоўнікаў працаваць па 60 гадзін у тыдзень
Мільярдэр назваў 60 працоўных гадзін у тыдзень «залатой сярэдзінай эфектыўнасці».

Адзін з заснавальнікаў Google Сяргей Брын заклікаў супрацоўнікаў, якія працуюць над мадэлямі штучнага інтэлекту Gemini, працаваць па 60 гадзін на тыдзень і прыходзіць у офіс хоць бы кожны будны дзень.
Ва ўнутранай службовай запісцы Брын адзначыў, што такія намаганні неабходныя, каб Google стаў лідарам у стварэнні штучнага агульнага інтэлекту (AGI) — моманту, калі машыны пераўзыдуць чалавека па інтэлекце, паведамляе The New York Times.
У дакуменце Брын рэкамендаваў супрацоўнікам прыходзіць у офіс хаця б кожны будны дзень і працаваць 60 гадзін на тыдзень — гэта ён назваў ідэальным пунктам прадуктыўнасці. Пры гэтым мільярдэр перасцярог, што праца звыш гэтага часу можа прывесці да выгарання.
Брын дадаў, што праца ў меншым аб'ёме або выкананне толькі мінімальна неабходных задач не толькі непрадуктыўная, але і можа сур'ёзна дэмаралізаваць астатніх.
Пасля запуску ChatGPT у 2022 годзе канкурэнцыя паміж тэхналагічнымі кампаніямі ў сферы штучнага інтэлекту рэзка ўзмацнілася. У лісце Брын падкрэсліў, што фінальны этап гонкі за AGI ўжо пачаўся.
Ён заявіў, што Google зможа выйсці пераможцам, калі каманда актывізуе свае намаганні.
Хоць дзейныя правілы Google патрабуюць знаходзіцца ў офісе толькі тры дні на тыдзень, просьба Брына ўпісваецца ў больш шырокую тэндэнцыю скарачэння аддаленай працы для павышэння эфектыўнасці, што назіраецца ў розных кампаніях.
Ён таксама заклікаў каманду Gemini актыўна выкарыстоўваць інструменты ШІ ад Google для праграмавання, адзначыўшы, што яны павінны імкнуцца стаць «самымі эфектыўнымі праграмістамі і навукоўцамі ў галіне ШІ ў свеце, выкарыстоўваючы наш уласны ШІ».
Брын — далёка не адзіны ў тэхналагічным сектары, хто заклікае супрацоўнікаў працаваць больш за звыклую норму ў 40 гадзін. Падобныя заклікі лідараў тэхналагічнай галіны да падаўжэння працоўнага дня шырока разглядаюцца як стратэгіі запаволення найму і скарачэння выдаткаў.
У мінулым годзе сузаснавальнік Infosys індыйскі мільярдэр Нараяна Мурці прапанаваў увесці 70-гадзінны працоўны тыдзень, а ў студзені іншы індыйскі прадпрымальнік Сехарыпурам Нараянан Субрахманьян прапанаваў працаваць 90 гадзін на тыдзень.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары