У 2024 годзе ва ўсіх гарадах Беларусі якасць атмасфернага паветра ў цэлым была даволі добрай, паведаміла начальніца службы экалагічнай інфармацыі Белгідрамета Алена Мельнік на прэс-канферэнцыі ў чацвер, піша smartpress.by.

Паводле яе слоў, доля перыядаў са здавальняючым, дрэнным або небяспечным узроўнем забруджання паветра была нязначнай. Пераважна такія перыяды назіраліся пры метэаралагічных з'явах, якія спрыяюць назапашванню шкодных рэчываў у паветры: штыль, слабы вецер, павышаны тэмпературны рэжым, прыземная інверсія і працяглая адсутнасць ападкаў.
Да праблем 2024 года можна аднесці наступнае. Першая — павелічэнне колькасці цвёрдых часціц у паветры, іншымі словамі — пылу. Гэта звычайна адбываецца ў вясновы і летні перыяды і звязана з дэфіцытам ападкаў.
У мінулым годзе перавышэнні гранічна дапушчальных канцэнтрацый цвёрдых часціц у паветры фіксаваліся ў Гомелі, Брэсце і Жлобіне.
Для зніжэння ўзроўню пылу ў гарадах у такія перыяды арганізоўваюць паліў дарог — на вуліцы выходзяць паліўныя машыны, — адзначыла Мельнік.
Яшчэ адна праблема — павелічэнне колькасці дробнадысперснага пылу. Напрыклад, у Жлобіне ў 2024 годзе фіксавалася перавышэнне сярэднегадавога нарматыву ў 1,4 раза ў параўнанні з 2023 годам.
Трэцяя праблема — павышанае ўтрыманне дыяксіду азоту (можа выклікаць кашаль і дыхавіцу, раздражненне лёгкіх, зніжэнне функцыі лёгкіх) у Магілёве і Жлобіне.
Улетку ў краіне назіраўся высокі ўзровень забруджання фармальдэгідам (які можа выклікаць сып на скуры, дыхавіцу, кашаль, удушша, хрыпы, бранхіт, ацёк лёгкіх або пнеўманію). У асноўным ён утрымліваецца ў выкідах аўтатранспарту і прамысловых прадпрыемстваў, але не толькі.
Найбольшае агульнае сярэдняе ўтрыманне фармальдэгіду за год адзначалася ў Пінску, Бабруйску, Гродне і Брэсце.
Да праблем якасці паветра можна аднесці і павелічэнне ўтрымання ў ім прыземнага азону ў вясновы і летні перыяды, працягнула прадстаўніца Белгідрамета. Вясной гэтая канцэнтрацыя ў асноўным мае прыродны характар (са стратасферы). А летам ён, як і фармальдэгід, утвараецца як другаснае рэчыва ў выніку ўзаемадзеяння з іншымі рэчывамі.
— Перавышэнні канцэнтрацыі ў паветры іншых рэчываў, у тым ліку цяжкіх металаў, у асноўным насілі эпізадычны характар. У мінулым годзе ў сямі гарадах Беларусі ўвогуле не фіксавалася перавышэнняў нарматываў якасці паветра.
Гэта Салігорск, Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Ліда, Рэчыца і Светлагорск, — дадала Мельнік.
-
Расіяніну, які п'яным пабіўся з ахоўнікамі мінскага метро, вынеслі лагодны прысуд
-
Латушка пра магчымасць вайны ў Беларусі: Гэта ж вар'яцтва, не ўяўляю, як крамлёўская прапаганда будзе тлумачыць гэта
-
«Да канца года, спадзяюся, зможам рэалізаваць адну-дзве рэчы». Бабарыка — пра свой новы праект і беларускую мову
DDoS-атака ідзе на сайты адразу некалькіх беларускіх СМІ. Магчыма, яна звязаная з шостай гадавінай народнага ўздыму 2020‑га і канферэнцыяй «Новая Беларусь», што адкрылася сёння
Каментары