«П****ец адбыўся». Вольга Кавалькова патлумачыла, чаму адышла ад палітыкі і царквы і як трансфармуе боль у любоў
Апошнія гады жыцця Вольгі Кавальковай — гэта суцэльнае даследаванне. Яна даследуе краіны — пажыла ў Польшчы і Іспаніі, цяпер спынілася ў Германіі. Яна выйшла з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і царквы, пакінуўшы месца толькі менеджарскай працы і юрыдычным кансультацыям. І — самае галоўнае — шчыльна занялася ментальным здароўем.

«Што з вамі здарылася, Воля?» — пытаюцца ў яе ў інстаграме, дзе яна дзеліцца ўнутранымі пераменамі, часам у танцы, часам — публікуючы смелыя фотаздымкі і глыбокія думкі-разважанні. «П****ец адбыўся, прабачце. Адбыліся цяжкія падзеі, якія прывялі да трансфармацыі, але яна адбываецца праз боль», — шчыра прызнаецца Вольга.
«Я доўга не магла прызнацца сабе ў тым, што мне балюча»
Амаль усе беларусы пасля 2020 года жывуць з посттраўматычным стрэсавым разладам, лічыць Вольга. Проста адзін гэта прызнае, і спрабуе нешта рабіць, і іншы — не. У Вольгі акурат з’явілася жаданне разабрацца са сваім станам.
«У мяне досыць вялікая талерантнасць да болю і страху, да прыніжэння. Гэта ўсё, на чым будуецца сённяшняя палітыка, і складана знаходзіцца ў гэтым сектары, калі ты адчувальны. Таму я доўга не магла прызнацца сабе ў тым, што мне балюча. Што тое, што адбылося ў 2020-м — мой асабісты боль. А таксама іншых беларусаў — не толькі тых, хто з’ехаў, але і тых, хто застаўся. Гэта боль усёй Беларусі.
Плюс я зразумела: калі ў палітыцы ў нас так доўга не атрымліваецца жаданае, то штосьці мы, відаць, робім не так. І трэба разбірацца з сабой найперш, прыходзіць у нейкую іншую якасць сябе. Пасля прызнання таго, што мне балюча, пачаўся працэс трансфармацыі гэтай энергіі болю ў супрацьлеглую — любові».
Працэс працы над сабой для Вольгі не спыніўся па сёння. За тры гады яна пераспрабавала каля 25 розных інструментаў, працягвае тэрапію і медытацыі на сталай аснове.
«Была і групавая тэрапія, і персанальная, і коўчынгавыя практыкі, і шмат літаратуры, цібецкія чары, ёга-нідра… Асноўнае, што патрэбна дзеля зменаў незалежна ад гадоў, гэта жаданне».
«Сёння я не адношу сябе да ніводнай з сістэм і ідэалогій»
Вольга не толькі не ўдзельнічала ў апошніх выбарах у Каардынацыйную раду, яна выйшла з БХД і з хрысціянства, да гэтага 20 гадоў будучы ўцаркоўленай хрысціянкай.
«Сёння я не адношу сябе ні да адной з сістэм і ідэалогій. Я з удзячнасцю стаўлюся да таго часу, калі там была, але яны не адпавядаюць сённяшняй мне.
Я не знаходжуся ў тых сістэмах, якія мяне звужаюць і не даюць мне магчымасці пашырацца. Мая свядомасць большая, чым яны цяпер».
Прыводзячы канкрэтныя прыклады «вузкасці», Вольга адзначае, напрыклад, што ў палітыцы пераважвае мужчынская энергія.
«Калі ты прыходзіш у палітыку, трэба адпавядаць. Падаецца, ты не вытрымаеш там, калі не будзеш, як усе. Жаночая сіла душылася шмат гадоў, тыя ж інквізіцыі згадаем.
Тая магія, з якой жанчына можа трансфармаваць свет, заўжды мужчынамі душылася. Але сёння па сваіх зменах я адчуваю і разумею, што ў палітыцы можна па-іншаму. Можна ў лёгкасці, расслабленасці, з любоўю, без напружвання, без барацьбы».
Перазбіраючы сваю асобу, Вольга адкрыла, што цяпер для яе дэмакратыя сама па сабе — не каштоўнасць.
«Для мяне каштоўнасць — свабода. Так, у дэмакратыях яе больш, але пашыраць межы свабоды і паляпшаць сістэму можна і іншымі падыходамі. Адзін з такіх падыходаў, дзякуючы якому я дасягала вынікаў да 2020 года — гэта дыялог і выбудова адносін. Таксама для мяне каштоўнасць — адзінства, пра якое сёння шмат кажуць і якое я, мабыць, разумею па-іншаму. Для мяне гэта — павага да любога чалавека насупраць мяне, калі ты не дзеліш людзей, а разумееш каштоўнасць і ролю кожнага. А гэты крытэр часта не праходзяць і дэмакратычныя лідары ці людзі з гэтага асяроддзя, якія спрабуюць прынізіць чалавека.
Сама ідэя Каардынацыйнай рады ў 2020 годзе была класная, таму што трэба было аб’ядноўваць патэнцыял людзей. Але нам не хапае навыкаў камунікацыі, каб з павагай ставіцца да рознасці іншага чалавека. Шмат энергіі сыходзіла на даказванне, хто з нас лепшы, чые думкі ці стратэгіі лепшыя, на канкурэнцыю, якой, насамрэч, увогуле няма, бо няма поля для канкурэнцыі.
Вольга кажа, што ў яе карціне свету цяпер — усе саюзнікі адной гульні, толькі ролі ва ўсіх розныя. Нават да людзей, якія яе затрымлівалі і вывозілі з краіны, яна сёння ставіцца з павагай.
«Там, канечне, розныя людзі ёсць. І я бачу колькі рэпартажаў, колькі бруду выліваецца ў тым ліку на мяне асабіста. Але пры гэтым я разумею колькасць болю і іншых пачуццяў, чаму яны гэта робяць. Не можа так сябе паводзіць чалавек, які любіць сябе, жыццё і свет. Мы самі падзяляем: напрыклад, Лукашэнка ці іншы чалавек — вораг. Але толькі калі мы будзем разважаць, што перад намі такія ж людзі, проста са сваёй роллю, можна будзе нешта змяніць».

«Калі ў кагосьці ёсць негатоўнасць бачыць мяне ў новым праяўленні, трэба задумацца, ці не ўласны гэта страх»
Сваёй новай энергіяй Вольга ў тым ліку дзеліцца ў інстаграме, публікуючы сябе ў танцы ці ў досыць адкрытых, на думку некаторых падпісантаў, луках. Яна прызнаецца, што ўвагі ад мужчын, кампліментаў апошнім часам стала больш. Як і ад жанчын, для якіх яна стала прыкладам разняволенасці.

«Мы настолькі ўсе абмежаваныя сістэмай, царквой, што праяўляцца, канечне, можа быць страшна. Страшна выходзіць з нейкіх роляў, у якіх людзі прызвычаіліся цябе бачыць. Але мне цесна выключна ў ролі палітыка. І калі ў кагосьці ёсць негатоўнасць бачыць мяне ў новым праяўленні, трэба задумацца, ці не ўласны гэта страх.
Усё, што вы бачыце і адчуваеце — гэта пра вас. Што ў вас са сваёй сэксуальнасцю? Заўжды задавайце пытанні сабе ў такіх сітуацыях. Раней я злавалася, калі мяне хтосьці трыгерыў, а цяпер радуюся — значыць, я магу ўзяць нешта ў гэтага чалавека. Успрымайце, што кожны чалавек для вас — коўч і настаўнік, дзякуючы якому вы можаце вырасці, калі ў вас няма магчымасці пайсці да сапраўднага коўча.
«Мой фокус цяпер у тым, каб пабудаваць супольнасць, у аснове якой будзе павага да іншага чалавека»
Вяртання ў палітыку Вольга не выключае, але канкрэтныя пасады для яе больш не самамэта.
«Я з 12 гадоў марыла быць прэзідэнткай, але цяпер разумею, што любая пасада — проста форма для таго, каб несці каштоўнасці. Але я магу несці свае каштоўнасці і праз іншыя формы.
Мой фокус цяпер у тым, каб самой пабудаваць такую сістэму, супольнасць, у аснове якой будзе павага да іншага чалавека, негвалтоўная камунікацыя, адсутнасць канкурэнцыі, дзе кожны будзе бачыць сваю і вартасць іншага. Пачынаецца гэтая пабудова з людзьмі, з якімі я працую — сябрамі, калегамі з высокім узроўнем асэнсаванасці. І потым гэта можна будзе маштабаваць, бо нельга пабудаваць супервялікую эфектыўную сістэму, калі яна спачатку не спрацуе на пяць чалавек».
Што гэта будзе ў выніку — партыя імя Кавальковай ці проста эксперымент, суразмоўца пакуль не раскрывае. Але яна гатовая дзяліцца сваімі ведамі з палітыкамі і проста ўсімі зацікаўленымі ў наладжванні камунікацыі ў сваім асяроддзі, калі ў іх будзе такі запыт.
«У мяне ёсць скіл — паляпшаць любую сістэму, у якой я знаходжуся. Але гэта двухбаковы працэс. Выратоўваць кагосьці без запыту — у мяне ўжо няма такога жадання. Толькі калі я пабачу, што чалавек хоча гэта ўзяць, калі ён бачыць у гэтым каштоўнасць».

«Прапаноўваць перамовы павінны людзі са зразумелым мандатам. Узроўню Наталлі Пяткевіч, напрыклад»
Дзяліцца сваім досведам дзеля будучыні Беларусі Вольга гатовая не толькі з дэмакратычнымі сіламі, але і з чыноўнікамі знутры краіны.
«Таму боку таксама не хапае навыкаў камунікацыі. Са мной былі розныя спробы, так сказаць, перамоваў. Маўляў, Вольга, вяртайцеся, усё вырашальна, не перажывайце, што ў вас прысуд. Але ў такіх перамовах мне зноў важная павага і роўнасць.
Як чалавек, датычны да падзей 2020 года, я бяру адказнасць за тое, што адбылося ў Беларусі і за вынік, які мы на сёння маем, і гатова дапамагчы выправіць гэту сітуацыю. Але тут важна, каб другі бок таксама ўзяў на сябе такую адказнасць. Ну, а па-другое — прапаноўваць перамовы павінны людзі са зразумелым мандатам. Узроўню Наталлі Пяткевіч, напрыклад. Тады я буду разумець, што сапраўды ёсць жаданне вырашыць сітуацыю, без эскалацыі. Гатовая нават прыехаць у Беларусь і размаўляць».
«У Латушкі на мяне крыўда. А я адстойваю сваё меркаванне». Душэўная гутарка з Вольгай Кавальковай — пра палітыку, сюжэт на БТ і тындар
«Ці не зашмат вы на сябе ўзялі?» Ціханоўская адказала на вострыя пытанні пра статус Нацыянальнай лідаркі
Васкрасенскі патлумачыў, што Лукашэнка хоча ў абмен на палітвязняў. І пахваліў Усава, Балкунца і Гарбунову
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Ну вось, яны, маладыя палітыкі. Прыйшлі на замену....https://d2accbiqacj5y8.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_09/kavalkova2-su7pd.jpg.webp