Кіно

«Рыплі»: тонкі і густоўны дэтэктыў у стылі нуар, але не для ўсіх

Новы серыял — перлінка, якую варта не прапусціць.

Кадр з трэйлера

Амерыканец Том Рыплі — герой шаноўнага ўзросту: у 2025-м споўніцца 70 гадоў з выпуску першай кнігі пра яго, «Таленавітага містара Рыплі». Ён выйшаў з-пад пяра Патрыцыі Хайсміт, пісьменніцы, якая пазней выдала яшчэ чатыры кнігі пра Тома.

Хайсміт была чалавекам складаным. Жанчына з наскрозь траўматычным дзяцінствам, яна знаходзіла суцяшэнне ў алкаголі, котках і сотнях смаўжоў, што жылі ў яе дома. І героя яна стварыла складанага: Рыплі хоць і злодзей, але персанаж абаяльны, ветлівы, адукаваны і таварыскі, што не перашкаджае яму быць забойцам і псіхапатам. Мо праз такую складанасць і прывабнасць Рыплі пашчасціла на кінаўвасабленні — у розны час яго гралі, да прыкладу, Ален Дэлон, Мэт Дэйман і Джон Малкавіч. 

У новым серыяле «Рыплі» (Ripley) ад Netflix Тома ўвасобіў ірландзец Эндру Скот, і гэта небанальны выбар. Скот — не тыповы прыгажун накшталт Дэлона ці Дэймана, але ён сабаку з’еў на ролях абаяльных злачынцаў, якім яшчэ і спачуваць пачнеш падчас прагляду. Памятаеце яго прыцягальнага Марыярці з серыяла «Шэрлак» — таго самага, з Бенедыктам Камбербэтчам? У «Рыплі» Скот узяў на сябе яшчэ і працу прадзюсара. 

Мы знаёмімся з Томам Рыплі, калі ён яшчэ малады хлопец. Гэта канец 50-х, і Рыплі пакутуе ад безграшоўя, але не губляе надзеі прабіцца ў жыцці. Ён сустракае багатага фінансіста Герберта Грынліфа, і мужчына прымае Тома за сябра свайго сына Дзікі (Рычарда) — насамрэч яны ледзьве знаёмыя. Дзікі з’ехаў падарожнічаць у Еўропу, і Грынліф адпраўляе Тома за ім, а заадно дае Тому на час падарожжа поўную фінансавую свабоду.

Для Рыплі гэта шанс пажыць багата, і іншага можа не прадставіцца. Дзікі не хоча вяртацца ў Штаты, і выглядае, што Рыплі праваліў заданне, але як жа расстацца з такім шыкоўным жыццём? І на што гатовы Том, каб гэтага не рабіць?

Кадр з трэйлера

Калі жадаеце ад «Рыплі» драйву і гумару «Шэрлака», можаце расчаравацца. Гэты серыял цягучы і павольны, але ад гэтага не менш смачны — крымінальная гісторыя ў стылі нуар, якія цяпер сустрэнеш нячаста, ды і выкананая дасканальна. І ўсё гэта пад выдатны стылёвы саўндтрэк, што сумяшчае і сучаснікаў нуару накшталт Роя Орбісана, і варыяцыі опернай музыкі. Але ж саўндтрэкам тут не надакучаюць — галоўны тут не ён, а сама гісторыя.

Серыял мінімалістычны і ў гуку, і ў візуале: Том, Дзікі і яго сяброўка Мардж сярод геаметрыі італьянскіх будынкаў, карцін і пейзажаў. Вас чакае чорна-белая карцінка, і ў такім фармаце Італія Тома і Дзікі не падобная да выявы з турыстычнай паштоўкі.

Кадр з трэйлера
Кадр з трэйлера
Кадр з трэйлера

Атмасферу Неапаля не знішчыць, але ж у каманды Стывена Зэліяна, аскараноснага рэжысёра «Рыплі» і сцэнарыста легендарнага «Спісу Шындлера», гэты горад з яго голымі белымі сценамі ператварыўся ў ідэальную пляцоўку для нуарнага дэтэктыва. Як можа нешта настолькі жывое, як італьянская Рыўера, пасаваць для гэтага? І нават змрочны візуальны стыль серыяла будзе ледзь не самым прыгожым, што вы бачылі за апошні час — падзякуем за гэта выдатнаму аператару Роберту Элсвіту, яшчэ аднаму ўладальніку «Оскара» ў камандзе серыяла.

Кадр з трэйлера
Кадр з трэйлера

«Рыплі» — гэта гісторыя пра саспенс. У пачатку нічога не сведчыць пра тое, чым скончыцца падарожжа Тома ў Італію, але ж крок за крокам раскрываецца сапраўдны характар Рыплі. Вось ён адмаўляецца пакінуць Дзікі, вось апранае яго адзенне, а вось мы чамусьці чуем, што Дзікі баіцца вады. І што за цела ў пачатку серыяла валакуць па лесвіцы?

А яшчэ гэта вельмі хічкокаўская гісторыя — праз саспенс, але не толькі. Мо найвядомейшы эпізод стужак Альфрэда Хічкока — сцэна з фільма «Псіха», дзе гераіня Джанет Лі мыецца ў душы, але раптам з-за фіранкі з’яўляецца рука з нажом, і гераіня страшна крычыць (што будзе далей, лепш глядзець у арыгінале). За падобнай шторкай у серыяле мы бачым і Рыплі, і для яго гэта таксама эпізод, поўны жаху.

Не глядзіце «Рыплі», калі вам хочацца хуткага кіно з бойкамі і пагонямі або лёгкага сіткому на вечар, для гэтага хапае іншых серыялаў. Але не прапусціце «Рыплі», калі вам важныя эстэтыка, псіхалагізм і інтэлектуальнасць у кіно. У свеце сіквэлаў ды супергерояў гэты серыял — падарунак.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Сыны «літоўскага шпіёна» адправілі Лукашэнку ліст. Тым часам усплылі новыя дэталі яго справы2

Сыны «літоўскага шпіёна» адправілі Лукашэнку ліст. Тым часам усплылі новыя дэталі яго справы

Усе навіны →
Усе навіны

На выступе ў Сочы Пуцін пажартаваў пра дроны ў Еўропе: «Я больш не буду» 6

«Зразумела, што такое быць дарослай». Праграмістка пераехала ў Лос-Анджэлес з EPAM і сышла ў Disney9

Што з якасцю мабільнага інтэрнэту? Міністр спрабуе патлумачыць10

Выпадковы сведка заспеў маньяка-ліфцёра каля ахвяры. І папрасіў яго пабыць побач з забітай дзяўчынай, пакуль не прыедзе міліцыя7

Раптоўна памёр адзін з начальнікаў брэсцкай міліцыі16

Лукашэнку на руку, што Украіна б'е па расійскіх НПЗ? Што гэта прынясе Беларусі20

Пастаўкі ракет «Тамагаўк» ва Украіну малаймаверныя — Reuters5

«У цэлым водгукі станоўчыя». У Мінгарвыканкаме расказалі пра вынікі забароны смартфонаў у школах

Чым цяпер займаецца экс-удзельнік гурту ЛСП Пятро Клюеў?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сыны «літоўскага шпіёна» адправілі Лукашэнку ліст. Тым часам усплылі новыя дэталі яго справы2

Сыны «літоўскага шпіёна» адправілі Лукашэнку ліст. Тым часам усплылі новыя дэталі яго справы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць