Кіно22

10 новых серыялаў, якія выйдуць вясной

Навуковы шэдэўр, палітычная сатыра і багата прызнаных зорак. Трымайце спіс серыялаў, якія варта паглядзець гэтай вясной.

Фота: youtube.com

«Рэжым» (The Regime), 3 сакавіка

Адкрываем вясну з шасцісерыйнай палітычнай сатырай ад студыі Max. «Рэжым» прадстаўляе Кейт Уінслет у татальна нечаканым амплуа аўтарытарнай лідаркі.

Гераіня Уінслет — кіраўніца краіны ў цэнтральнай Еўропе. Нейкі час яна не пакідае свой палац і ў выніку паводзіць сябе паранаідальна і нестабільна. Яна знаходзіць падтрымку ў асобе салдата, але ўсе яе паводзіны толькі шкодзяць ёй і яе ўладзе.

«Паляванне на забойцу» (Manhunt), 15 сакавіка

Зорка «Чужынкі», брытанец Тобіас Мензіс, зноў упісаўся ў гістарычны серыял. На гэты раз гаворка не пра мяцежную Шатландыю, а пра ЗША сярэдзіны 19 стагоддзя. Студыя Apple TV+ узялася за вельмі вядомае злачынства, у якім багата белых плямаў — за гісторыю забойства Авраама Лінкальна.

Гэта расказ пра напад на амерыканскага прэзідэнта і пошук яго забойцы Джона Уілкса Бута. Слоган серыяла — «Замах быў толькі пачаткам.

«Палм-Раяль» (Palm Royale), 20 сакавіка

Пасля складанага трылера пераключыцеся на стыльную камедыю. «Палм-Раяль» — гісторыя пра амерыканку Максім Сіманс, якая ў 1969-м спрабуе замацавацца ў вышэйшым свеце курорта Палм-Біч.

Разынка гэтай гісторыі — поп-ідал 90-х Рыкі Марцін, які грае тут адну з галоўных роляў. Будзе шмат прыгожых жанчын і мужчын, сонца і яркіх касцюмаў — асалода для вачэй!

«Задача трох цел» (3 Body Problem), 21 сакавіка

Пра гэты серыял мы пісалі некалькі месяцаў таму, калі стала вядома, што ролю ў ім атрымаў беларускі акцёр Міця Савельеў. У «Задачы трох цел» выдатная першааснова — кніга знакамітага кітайскага фантаста Лю Цысіня.

Серыял складаецца з некалькіх гісторый, аб'яднаных адной пагрозай: паводле яго, хутка чалавецтва сустрэнецца з іншапланецянамі. Чалавецтва мусіць зразумець, якім будзе гэты першы кантакт, і падрыхтавацца да яго. Ад серыяла шмат чаго чакаюць, бо яго шоуранэры — стваральнікі «Гульні тронаў» Дэн Уайс і Дэвід Беніаф.

«Выраканка Нэл» (Renegade Nell), 29 сакавіка

У англійскіх казках ёсць дух Білі Блінд, які вельмі любіць даваць парады. Цяпер на двары 18 стагоддзе, і перад Бліндам паўстае складаная задача: ён мусіць дапамагчы разбойніцы Нэл Джэксан ачысціць сваё імя ад абвінавачванняў у забойстве.

«Выраканку Нэл» пазіцыянуюць як сямейны серыял, і гэта прадказальна, бо праект робіць студыя Disney+. Але ў той жа час у серыяле багата трукаў: гледзячы па трэйлеры, відовішча атрымалася дынамічнае.

«Пэрыш» (Parish), 31 сакавіка

А гэта гісторыя для аматараў крыміналу. У яе цэнтры Грэсіян Пэрыш, былы злачынца, які быццам бы ператварыўся ў шчырага сем'яніна і працаўніка. Але аднойчы яго сына жорстка забіваюць і яго бізнэс развальваецца, а потым сустрэча са старым сябрам канчаткова вяртае Пэрыша на мінулы шлях.

Тут будзе гвалт, забойствы і страляніна. У галоўнай ролі — Джанкарла Эспазіта, зорка серыялаў «Ва ўсе цяжкія» і «Лепей званіце Солу».

«Рыплі» (Ripley), 4 красавіка

Рэжысёр, прадзюсар і сцэнарыст гэтай васьмісерыйкі — Стывен Зэйліян, сцэнарыст аскараноснага «Спісу Шындлера», «Ганібала», «Дзяўчыны з татуіроўкай дракона» і іншых буйных праектаў. У галоўнай ролі — зорны брытанец Эндру Скот, якога вы маглі бачыць у ролі злога генія Марыярці ў «Шэрлаку» і шмат у якіх іншых серыялах. У трэйлеры засвяціліся і Дакота Фэнінг з Джонам Малкавічам.

І калі пасля гэтага вам яшчэ патрэбны сюжэт, то вось ён: у Нью-Ёрку 60-х жыве вытанчаны авантурыст Томас Рыплі. Багаты чалавек наймае яго, каб Томас дапамог вярнуць яго наравістага сына з Італіі, і так пачынаецца шлях Рыплі ў свет махлярства, падманаў і забойстваў.

Шугар (Sugar), 5 красавіка

Фота: скрыншот з youtube.com

Трымайце яшчэ адзін серыял, набіты зоркамі індустрыі. Акрамя ірландца Коліна Фарэла ў галоўнай ролі, да «Шугара» прыклалі руку прадзюсары «Амерыканскай гісторыі жахаў» і «Ва ўсе цяжкія».

Пра сюжэт серыяла пакуль вядома няшмат. Раскажам толькі, што гэта васьмісерыйны дэтэктыў, пабудаваны вакол галоўнага героя Джона Шугара. Яго задача — знайсці зніклую ўнучку легендарнага галівудскага прадзюсара.

«Спагадлівец» (The Sympathizer), 14 красавіка

Разам з Робертам Даўні-малодшым ныраем у шпіёнскае кіно. Вайна ў В'етнаме набліжаецца да канца, і мясцовы жыхар, шпіён камуністычнага В'етконга ў арміі Паўднёвага В'етнама, ляціць у ЗША. Там ён асталёўваецца ў супольнасці ўцекачоў і паралельна з гэтым працягвае шпіёніць для камуністаў.

У «Спагадліўца» шматабяцальныя стваральнікі — кінастудыя А24, што балуе нас арыгінальнымі карцінамі накшталт «Зоны інтарэсаў» пра каменданта Асвенцыма, тонкай рамантычнай меладрамы «Мінулыя жыцці» або аскараноснай фантасмагорыі «Усё, паўсюль і адразу». Можна чакаць, што і іх «Спагадлівец» будзе на вышыні.

«Татуіроўшчык з Асвенцыма» (The Tattooist of Auschwitz), 2 мая

Бліжэй да канца вясны нам абяцаюць моцную гістарычную драму пра Другую сусветную. Гэта экранізацыя аднайменнага рамана пра жыццё Людвіга Эйзенберга (Лале Сакалова), аўстра-венгерскага прадпрымальніка, які правёў амаль тры гады ў Асвенцыме. 

Яго заданнем было рабіць на целах вязняў татуіроўкі з іх лагерным нумарам. Так Лале знайшоў каханую — Гіту, якой дапамагаў, дзякуючы свайму «службоваму становішчу» татуіроўшчыка. Пасля вайны ён ажаніўся на Гіце, ледзь не трапіў у камуністычную турму, але разам з жонкай здолеў эміграваць у Аўстралію, дзе і пражыў да самай смерці ў 2006 годзе. За тры гады да яе, у 2003-м, Лале расказаў пра сваё лагернае мінулае пісьменніцы Хезер Морыс. З той гутаркі паўстала кніга, а з кнігі — гэты серыял.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Беларускі артыст зняўся ў серыяле ад Netflix і стваральнікаў «Гульні тронаў»

У фільме «Зона інтарэсаў» зло хаваецца проста за садовай сцяной

«Небаракі» (Poor Things): паглядзелі самы дзіўны фільм года і расказваем, чаго чакаць

Каментары2

  • Ганьба
    04.03.2024
    Хто дурыбары бачыў, серыялы не глядзіць 😁
  • Аматар
    05.03.2024
    То есть Рипли это то же самое, что и Талантливый мистер Рипли, только сериал 🤔

Цяпер чытаюць

Новым Папам абвясцілі амерыкана-перуанскага кардынала Роберта Прэво8

Новым Папам абвясцілі амерыкана-перуанскага кардынала Роберта Прэво

Усе навіны →
Усе навіны

ДАІ пачне закрываць аўташколы за дрэнныя вынікі вучняў3

У Варшаўскім універсітэце студэнт-юрыст з сякерай напаў на кампус і адсёк вахцёрцы галаву24

Беларуска працуе ў Дубаі русалкай, каб аддаць доўг 20 тысяч даляраў10

Ацяпленне вяртаецца ў Мінску ў аб'екты сацыяльнай сферы

Чаму жонкі футбольных форвардаў атакавалі адна адну. У Англіі завяршаецца «Справа Вагаты Крысці»

Першая ноч пуцінскага перамір’я прайшла без налётаў беспілотнікаў1

Занядбаны палац Радзівілаў прадаюць у тры тысячы разоў даражэй, чым некалькі гадоў таму6

«Савушкаў прадукт» трапіў пад хвалю крытыкі за паўпустыя ўпакоўкі6

Няма лепшага араматызатару за воцат. Вось як гэта дзейнічае3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новым Папам абвясцілі амерыкана-перуанскага кардынала Роберта Прэво8

Новым Папам абвясцілі амерыкана-перуанскага кардынала Роберта Прэво

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць