У Мінскім гарадскім судзе сёння распачынаецца суд над палітзняволеным заснавальнікам крамы Symbal.bу і культурніцкім менеджарам Паўлам Белавусам. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Суд зрабілі закрытым.

Працэс вядзе суддзя Жанна Брысіна.
Першапачаткова суд быў у адкрыты, але на самым пачатку судовага пасяджэння дзяржаўны абвінаваўца заявіў хадайніцтва аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме «з мэтай прадухілення разгалошвання інфармацыі, размешчанай у крыніцах, прызнаных экстрэмісцкімі».
Як паведамляў на пачатку студзеня былы начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско, у 2011 годзе «абвінавачаны для пошуку аднадумцаў пачаў трансляваць патрэбную яму інфармацыю ў масы».
«Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі. Абвінавачаны зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасцю (крама па анлайн- і афлайн-продажы тавараў), пасля чаго пачаў праводзіць розныя масавыя мерапрыемствы».
«Створаныя бізнэс-праекты адкрылі прадпрымальніку новыя магчымасці. Паколькі Беларусь заўсёды знаходзілася ў цэнтры ўвагі на палітычнай арэне, хутка знайшліся тыя, хто быў гатовы спансіраваць развіццё яго антыдзяржаўнай дзейнасці. Фігурант падпісаў не менш за 12 дагавораў з рознымі замежнымі прадстаўнікамі і кампаніямі. З тых часоў экстрэмісцкая дзейнасць на тэрыторыі Беларусі набывала новыя абароты дзякуючы ўліванням з-за мяжы».
«Следствам устаноўлена, што абвінавачаны ў інтарэсах замежных арганізацый для найхутчэйшай змены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Павел Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы. За гэта ён атрымаў ад замежных спонсараў больш за $150 тыс., 50 тыс. еўра і 40 тыс. злотых».
Па выніках расследавання Белавусу выстаўленае абвінавачанне па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса:
— ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
— ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
— ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
— ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем).
На маёмасць Паўла Белавуса наклалі арышт на агульную суму больш за 50 тысяч рублёў.
Цяпер чытаюць
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары