Крыніцы: затрыманы вядомы бізнэсмен, уласнік «Тытана», «Цівалі» і «Трума», ён сам напісаў на сябе заяву
Як стала вядома «Нашай Ніве», затрыманы буйны дзеяч сталічнай нерухомасці — Віталь Сініцкі. Ён кіруе кампаніяй «Сігмаполюс», якой належаць мінскія бізнэс-цэнтры «Тытан», «Цівалі», «Арлан», «Хваля» (яе арандуе Wargaming), «Анкор», гандлёвы цэнтр «Трум», прамбаза на Гурскага і гэтак далей. Таксама Сініцкі займаецца забудовай участка насупраць тэатра Музкамедыі на Нямізе.
У свежым рэйтынгу паспяховых і ўплывовых бізнэсменаў ад «Ежедневника» Сініцкі займае 38 месца.

Між тым нам вядома, што затрыманне Сініцкага адбылося ў выніку недарэчнага ланцужка падзей.
Паводле інфармацыі крыніц, Сініцкі, назіраючы за сітуацыяй з бізнэсамі ў пытанні гэтак званага «драблення бізнэсу» ( у прыватнасці за кампаніяй «21vek»), вырашыў падстрахавацца і напісаў на сябе заяву ў падатковую з просьбай правесці праверку яго справаў.
«Маўляў, падазраю, што ў мяне таксама могуць быць нейкія выпадкі, якія вамі могуць трактавацца як драбленне. Праверце і патлумачце, як прывесці ўсё ў адпаведнасць з законам», — расказваюць нашы суразмоўцы.
Праверка па выніках заявы адбылася. На мінулым тыдні Сініцкі чакаў агучвання вынікаў. Але на сувязь ён не выходзіць ужо з серады 22 верасня.
Жонка Сініцкага ў размове з «Нашай Нівай» сказала, што не хоча каментаваць інфармацыю пра арышт мужа.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары