Тэлефануйце ў Воршу па-новаму
5 красавіка Аршанскі раённы вузел электрычнай сувязі пяройдзе на шасьцізначную нумарацыю, што абумоўлена неабходнасьцю рэарганізацыі тэлефоннай сеткі гораду і раёну. На пачатку году ў Воршы праведзена замена ўстарэлай АТС-2 на новую электронна-лічбавую. Памяняліся тэлефоны ў дзесяці тысяч абанэнтаў (усе, што пачыналіся з двойкі). Пяцізначная нумарацыя вычарпала сябе. На ўзор Віцебску, Полацку і Наваполацку Ворша будзе мець шасьцізначную нумарацыю. Анулюецца і стары міжгародні код гораду — 02161. Цяпер трэба будзе набіраць 0216, а затым новы шасьцізначны нумар, які будзе зь лічбы 2. Як запэўніваюць сувязісты, пасьля рэарганізацыі сувязь значна палепшыцца. Пакуль жа абанэнты маюць адны клопаты. Адразу ўстарэлі і два выдадзеныя летась тэлефонныя даведнікі. Адзін зь іх нават не распрададзены.
Жніво СНІДу
У Воршы зарэгістраваны першы выпадак нараджэньня дзіцяці ад ВІЧ-інфікаванай маці. Цяпер немаўля знаходзіцца пад наглядам дактароў, і толькі празь некалькі месяцаў можна дакладна вызначыць, як адбілася хвароба маці на ягоным здароўі. Дарэчы, у Віцебскай вобласьці нарадзілася ўжо больш за 20 дзетак ад ВІЧ-інфікаваных мацярок.
Апошняй тэрмінальнай стадыяй ВІЧ-інфэкцыі зьяўляецца СНІД. Зыход гэтай хваробы заўсёды трагічны. У Беларусі на сёньня афіцыйна зарэгістраваныя 543 сьмяротныя выпадкі сярод ВІЧ-інфікаваных, зь якіх 77% складаюць наркаманы.
Яўген Жарнасек, Ворша
Найбольш сухотнікаў — на памежжы з Расеяй
У Гомелі прайшло пасяджэньне круглага стала па пытаньнях прафіляктыкі сухотаў. Намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы здароўя аблвыканкаму Міхаіл Прыступін канстатаваў, што найболей хворых на сухоты —
на беларуска-расейскай мяжы — ў Чачэрскім, Добрускім, Веткаўскім, Буда-Кашалеўскім раёнах. Тут зафіксавана 909 хворых, ці 60,6 чалавека на 100 тыс. (У 2003 г. было 842 хворыя). Урачы мяркуюць, што неспрыяльная абстаноўка зьвязана з высокай міграцыйнай актыўнасьцю насельніцтва. У групе рызыкі — работнікі галін жывёлагадоўлі, мэдыцыны і гаспадарчы пэрсанал школ.
Алей замест тлушчу
У войску пашыраны асартымэнт прадуктаў, што ўваходзяць у салдацкі паёк. Пра гэта заявіў намесьнік міністра абароны па тыле — начальнік тылу Ўзброеных сіл генэрал-маёр Івар Чыкал. З 1 студзеня ў агульнавайсковы паёк уведзены такія прадукты, як булачка з пшанічнай мукі першага гатунку — 100 грамаў, каўбасныя вырабы — 80 грамаў. Апроч таго, замест раней належных 20 г жывёльнага тлушчу салдаты атрымліваюць 20 г алею. Паводле інфармацыі сп.Чыкала, калярыйнасьць набору прадуктаў па агульнавайсковым пайку складае 4170 кілякалёрый.
Паводле БелаПАН
Каментары