Расійская міліцыя працягвае аб’яўляць беларусаў у вышук. За апошнія паўгода ў спіс трапілі 1 118 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі — цяпер у ім амаль 6 тысяч чалавек. У расійскі вышук беларусы трапляюць па запыце РБ — гэта значыць, што чалавека шукаюць у абедзвюх краінах, а таксама могуць выдаць з «сяброўскіх краін», піша «Медыязона».

З кастрычніка 2025 года ў вышук былі абвешчаныя некалькі журналістаў і журналістак: расследавальніца Таццяна Ашуркевіч, вядучы праекта «Зроблена ў Польшчы» Максім Паршута, журналістка і рэдактарка Deutsche Welle Ульяна Бабаед, медыякансультант Дзяніс Васількоў, журналістка з Гомеля Алена Германовіч, аўтар праекта «Чэстнок Live» і былы палітзняволены Аляксандр Івулін, музычны журналіст і пісьменнік Аляксандр Чарнуха.
Акрамя таго, Беларусь працягвае аб’яўляць у вышук былых палітзняволеных. На гэты раз сярод іх — затрыманая ў 2020 годзе 44‑гадовая актывістка Вікторыя Кульша. Суд прызначыў ёй 2,5 года калоніі, але ў зняволенні супраць яе некалькі разоў распачыналі новыя крымінальныя справы па артыкуле аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі, і яе тэрмін склаў 6,5 гадоў. Вікторыю вызвалілі ў снежні 2025 года ў складзе групы палітвязняў, вывезеных ва Украіну пасля чарговага раўнда перамоў паміж прадстаўнікамі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам. Кульша правяла ў зняволенні больш за 5 гадоў.
У вышуку знаходзяцца асуджаныя па «справе Гаюна» 25‑гадовы Мікіта Лосік, 46‑гадовы Дзмітрый Байцоў, 31‑гадовы Антон Арцюх, 27‑гадовы Сяргей Цыганкоў; асуджаныя па абвінавачанні ў грубым парушэнні парадку 26‑гадовая валанцёрка Кіра Баярэнка, 41‑гадовы Андрэй Бубен, 45‑гадовы Сяргей Гунь, 29‑гадовая ветэрынарка Яна Жураўлёва, 34‑гадовы Дзмітрый Канаплянік, 23‑гадовы былы студэнт БНТУ Глеб Муравіцкі.
Шукаюць 24‑гадовага былога студэнта хімфаку БДУ Арцёма Баярскага, асуджанага на 5 гадоў калоніі па абвінавачанні ва ўдзеле ў пратэстах і стварэнні «экстрэмісцкага фарміравання», які цалкам адбыў тэрмін. Шукаюць і шматдзетную маці Наталлю Говараву, асуджаную за абвінавачанні ў абразе Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады.
У вышук трапіла выкладчыца Вольга Філатчанкава, асуджаная па «справе студэнтаў», а таксама двое абвінавачаных па справе «Саюза Беларускага нацыянальнага шчыта» — 20‑гадовы Алег Дабрыднёў і 22‑гадовы Уладзіслаў Ефімовіч.
25‑гадовы Якаў Шафарэнка, затрыманы па абвінавачанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Брэсце ў 2020 годзе і асуджаны на 5,5 гадоў калоніі, а таксама асуджаны на 4,5 года Павел Нікіценка; яны былі вызвалены і вывезены ў Літву ў верасні 2025 года ў складзе групы палітвязняў па выніках перамоў паміж прадстаўнікамі ЗША і Аляксандрам Лукашэнкам.
24‑гадовы Арцём Саковіч, асуджаны на 4 гады калоніі па справе аб «масавых беспарадках» у 2020 годзе.
Беларусь і Расія шукаюць стваральніцу ініцыятывы Partyzanka, юрыстку Ганну Маціеўскую, актывістку Насту Базар, пазбаўленую ліцэнзіі адвакатку Марыю Колесаву-Гудзіліну, эканамістку Алісу Рыжычэнку, палітолагіню Аліну Харысаву, а таксама дарадцу Святланы Ціханоўскай па моладзі Маргарыту Ворыхаву, супрацоўнікаў «Цэнтра новых ідэй» — Антона Раднянкова і Дар’ю Рублеўскую.
Таксама ў вышуку знаходзяцца псіхалагіня Наталля Скібская, добраахвотнік з «Палка Каліноўскага» Мікіта Забуга, прадпрымальнік Андрэй Варонін, завочна асуджаны на 3 гады калоніі, рэжысёрка Ганна Бадзяка, эканаміст Дзмітрый Крук, блогерка Караліна Канановіч, рэжысёр Андрэй Курэйчык, актывістка Станіслава Цярэнцьева, палітык Анатоль Лябедзька, актывістка «Моладзёвага блока» Лізавета Пракопчык.
Як праверыць сябе
Часта ў спісе не ўказваецца, па якім артыкуле шукаюць чалавека. Замест гэтага — надпіс «у вышуку па артыкуле КК» і кантактны нумар аддзялення міліцыі. Часам у апісанні пазначаны асаблівыя прыкметы і фотаздымкі шуканых.
Знакам «+» адзначаныя тыя, каго дадалі ў базу ў перыяд з кастрычніка да красавіка 2026 года. Тыя, каго за гэты час з яе выдалілі — адзначаныя крыжыкам «х»
Каментары