Японец Сэдзі Танака, якога ўжо ахрысцілі «Ноем», пабудаваў сферычнае жоўтае судна для падарожжа па вадзе: такі «каўчэг» можа выратаваць падчас разбуральнага землятрусу і цунамі, падобных на тых, што абрынуліся на Японію ў сакавіку гэтага года.
Пасля катастрофы 11 сакавіка, якая забрала каля дваццаці тысяч жыццяў, Танака вырашыў вынайсці ўласны плывучы сродак, які дапаможа выжыць як пасля землятрусу, так і пасля цунамі.
«Спачатку я сканструяваў яго ў форме паўсферы, што, як мне здавалася, было б найлепшай формай, каб выжыць, але падчас цунамі яно магло б перавярнуцца, — сказаў Танака, прэзідэнт вытворцы абсталявання Cosmo Power. — Таму я вырашыў змяніць форму на сферу і зрабіў яго лёгка пераносным».
Судна мае каля 1,2 м у дыяметры, адзін люк, адно акно і дзве адтуліны для спуску вады і вентыляцыі. Яно зробленае з армаванага пластыку, які, паводле словаў Танакі, лягчэйшы, але трывалейшы за сталь. Матэрыял не прапускае ваду. Яркі жоўты колер прызначаны для прыцягнення ўвагі ратавальнікаў. Больш за тое, маленькі памер дазваляе захоўваць яго ў сярэднестатыстычным японскім доме.
Кампанія паведаміла пра 700 замоваў на судна, якім зацікавіліся пераважна сем’і, партовыя службы і рыбакі.Кошт стандартнай мадэлі складае 288 тысяч ен ($3800) і $4500 за мадэль з супрацьударным падушкамі.
«Прынамсі ў людзей, якія апынуліся ўнутры каўчэга, будзе час зрабіць перадышку і падрыхтавацца да найгоршага», — сказаў супрацоўнік Cosmo Power.
Каментары