Талібы купляюць у Беларусі зброю і дроны. Пасярэднічае Індыя, згоду дала Расія — Afghanistan International
Талібы купляюць у Беларусі ўзбраенне і беспілотнікі. Пра гэта паведаміў афганскі апазіцыйны тэлеканал Afghanistan International, спасылаючыся на пяць былых высокапастаўленых чыноўнікаў, сярод якіх ёсць былыя афганскія чыноўнікі ў сферы бяспекі.

Паводле іх звестак, Індыя выступае ў гэтых здзелках пасярэднікам і фінансуе іх, а Расія дала на іх згоду. Пра гэта ў эфіры расказала карэспандэнтка тэлеканала ў Вашынгтоне Самсама Сірат. Яна нагадала, што апошнімі месяцамі візітаў паміж прадстаўнікамі талібаў і Беларусі стала больш.
Крыніцы сцвярджаюць, што гэтыя кантакты пачаліся пасля візіту ў Маскву міністра абароны талібаў мулы Якуба, які адбыўся на мяжы траўня і чэрвеня. Тады ён падпісаў з Расіяй пагадненне ў сферы бяспекі. Расійскія чыноўнікі ж заяўлялі, што пагадненне датычыць рамонту расійскай тэхнікі, якая засталася ў Афганістане.
Чалавек, блізкі да талібаў у Кабуле, таксама пацвердзіў тэлеканалу, што бакі дамовіліся і што гэта адбываецца па ўказанні Расіі і пры яе каардынацыі.
Паводле Afghanistan International, талібы хочуць мець дроны і ўзбраенне, каб узмацніць сваю абарону ад Пакістана: апошнім часам адносіны паміж краінамі абвастрыліся. Карэспандэнтка падкрэслівае, што Беларусь «ні ў якім разе» не прадала б талібам вайсковую тэхніку, а тым больш дроны, без узгаднення з Расіяй.
Пры гэтым Расія — саюзніца Пакістана, і, на думку журналісткі, наўрад ці гатовая памяняць Пакістан на талібаў. Калі ў Пакістане адбываюцца напады і Ісламабад абвінавачвае ў іх групоўкі, якія базуюцца ў Афганістане пад апекай талібаў, Масква асуджае гэтыя напады і заклікае да сумеснай барацьбы з тэрарызмам. А вось пакістанскія ўдары па Афганістане Расея не асудзіла ні разу.
Тэлеканал нагадвае, што падобная схема ўжо дзейнічала пры ранейшым урадзе Афганістана. Паводле былога высокапастаўленага чыноўніка ў сферы бяспекі з урада Ашрафа Гані, тады Індыя купляла ў Беларусі верталёты для афганскага ўрада. Акрамя таго, яна рамантавала частку ўласнай тэхнікі з дапамогай беларускіх магутнасцяў і перадавала яе Кабулу. Паводле крыніцы, цяпер талібы хочуць паўтарыць тую ж схему праз Індыю.
Самсама Сірат таксама адзначае, што Індыя — адзіная краіна, якая адкрыта падтрымлівае талібаў у супрацьстаянні з Пакістанам. Нью-Дэлі асуджае пакістанскія ўдары па Афганістане як парушэнне яго суверэнітэту і неаднойчы казаў пра гэта на міжнародных сустрэчах. Журналістка нагадвае, што былы ўрад меў міжнародную легітымнасць дзякуючы падтрымцы ЗША і НАТА. Талібы ж, паводле дакументаў Рады Бяспекі ААН, звязаныя з тэрарыстычнымі групоўкамі, таму краіны, якія пастаўляюць ім зброю, бяруць на сябе большую адказнасць.
Апошнім часам Мінск актыўна развівае адносіны з талібамі. У жніўні ў Беларусь на пяць дзён прыязджала дэлегацыя з 13‑ці чалавек на чале з выканаўцам абавязкаў міністра сельскай гаспадаркі талібаў Атаўлой Амары. Яна ўдзельнічала ў другім пасяджэнні беларуска-афганскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Паводле прэс-сакратара талібаў Забіхулы Маджахіда, талібы ўхвалілі беларускага пасла па сумяшчальніцтве. Служба знешняй выведкі Украіны заявіла, што Мінск апусціў сваю дыпламатыю «да ўзроўню тэрарыстаў».
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары